Язэ́п Алякса́ндравіч Адамо́віч (7 студзеня 1897, Барысаў — 22 красавіка 1937) — беларускі савецкі палітычны дзеяч. 2-і старшыня СНК БССР (1924—1927). Адзін з актыўных дзеячаў палітыкі беларусізацыі ў БССР, прыняў удзел у першым і другім узбуйненнях БССР.

Біяграфія Нарадзіўся 7 студзеня 1897 года (ст. ст. 26 снежня 1896) у Барысаве ў сям'і рабочыхУгаров Н. Адамович, Иосиф Александрович // Большая биографическая энциклопедия.. Бацька — рабочы высокай кваліфікацыі, працаваў на найме мадэльшчыкам на кафельных заводах, удзельнік рэвалюцыйных падзей 1905—1907 гадоў, жыў у Барысаве пад паліцэйскім наглядам. Язэп Адамовіч меў старэйшага брата Уладзміра Аляксандравіча, які пазней стаў камандзірам дывізіі Чырвонай Арміі, генерал-маёрам. Памёр у 1961 годзе.

З 1906 года Язэп Адамовіч працаваў на фабрыках у Барысаве, Мінску, Крупках, Тыфлісе. Працаваў улетку, а зімой вучыўся, такім чынам скончыўшы двухкласную царкоўнапрыходскую школу.

У пачатку Першай сусветнай вайны Язэп Адамовіч быў мабілізаваны і адпраўлены на перадавую, ваяваў на Паўднёва-Заходнім і Румынскім франтах (старшы унтэр-афіцэр; узнагароджаны ордэнамі Святога Георгія чацвёртай, трэцяй і другой ступені). У часе службы ўцягнуўся ў дзейнасць рэвалюцыйных гурткоў і ў 1916 годзе ўступіў у РСДРП інтэрнацыяналістаў. У канцы таго ж года быў паранены і адпраўлены на лячэнне ў Харкаў, дзе і сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю 1917 года.

Падчас рэвалюцыйных падзей вёў рэвалюцыйна-прапагандысцкую дзейнасць сярод салдат, выбіраўся сябрам палкавога камітэта, Харкаўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Паля лячэння быў пасланы на Румынскі фронт як «нядобранадзейны», дзе таксама выбіраўся ў салдацкі камітэт і іншыя салдацкія арганізацыі. Пасля ліпеньскай дэманстрацыі ў 1917 годзе ў Петраградзе Адамовіч вяртаецца на радзіму і ўступае ў 121-ы пяхотны полк. У гэтым палку знаёміцца і хутка збліжаецца з Аляксандрам Мяснікянам і іншым рэвалюцыянерамі, выбіраецца ў гарадскі савет і працуе там з бальшавікамі.

З верасня 1917 года Адамовіч пераведзены ў каманду разведчыкаў 3-й батарэі 105-й артылерыйскай брыгады 11-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту. У снежні 1917 года прыехаў у Барысаў, працаваў сакратаром Барысаўскага павятовага савета. У студзені 1918 года становіцца сябрам РКП(б).

З наступленнем нямецкіх войск у 1918 годзе арганізаваў рабочы ўзброены атрад. У сакавіку 1918 года ў Смаленску ў штабе Чырвонай гвардыі (пазней Чырвонай Арміі), фармаваў палкі дзеля спынення пад Смаленскам нямецкіх войск. На чале Жлобінскага атрада чырвонаармейцаў прымаў удзел у падаўленні Стракапытаўскага паўстання. Улетку 1918 года прызначаны памочнікам старшыні гарнізона і каменданта Смаленска, пазней — старшынёй гарнізона і ваенным камісарам Смаленскай губерні. З верасня 1918 года камісар Магілёўскага і Лепельскага ваенных Саветаў. Пад яго кіраўніцтвам праводзіліся падаўленні антысавецкіх выступленняў у Гомельскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў.

Уваходзіў у склад губпарттройкі (Вільгельм Кнорын, Адамовіч, Алесь Чарвякоў) па арганізацыі савецкай улады пасля заняцця Чырвонай арміяй Менска 11 ліпеня 1920 года. У 1920 годзе абраны сябрам ЦК КП(б)Б. У Менску знаёміцца з Соф’яй Шамардзіной, з якой жыве да канца жыцця. У 1920—1927 гадах сябра ЦВК БССР і прэзідыума ЦВК БССР у 1920—1922 гадах. Сябра Менскага губернскага ВРК, ваенны камісар Менскай губерні, сябра Белрэўкама, старшыня Менскага гарнізона. З верасня 1920 года народны камісар па вайсковых справах БССР, адначасова з 1921 года народны камісар унутраных спраў БССР і намеснік старшыні ЦВК і СНК БССР. У студзені 1921 года па даручэнні ЦБ КП(б)Б і ўрада БССР удзельнічаў у перамовах з урадам РСФСР і падпісаў дамову аб гаспадарчых і вайсковых узаемаадносінах рэспублік.

У 1922 годзе слухач Маскоўскай вайсковай акадэміі. Браў удзел у падрыхтоўчай рабоце па ўтварэнні СССР, уваходзіў у склад беларускай дэлегацыі на X Усерасійскім з’ездзе Саветаў, удзельнічаў у рабоце 1 з’езда Саветаў СССР (1922). У лютым 1924 года ўваходзіў у склад Часовага Беларускага Бюро ЦК РКП(б) па ўзбуйненні тэрыторыі БССР, з’яўляўся ўпаўнаважаным СНК БССР па далучэнні Віцебскай губерні да БССР.

З 17 сакавіка 1924 па 7 мая 1927 — старшыня Савета народных камісараў БССР. У 1924 годзе пад яго кіраўніцтвам адбылося вяртанне ў склад БССР Віцебскай губерні, перададзенай РСФСР амаль адразу па абвяшчэнні БССРІмёны Свабоды: Язэп Адамовіч. У 1924—1925 гадах сябра РВС СССР. У 1924—1929 гадах сябра ЦВК СССР.

Стаяў ля вытокаў палітыкі беларусізацыі ў БССР. 25 ліпеня 1924 года разам з Аляксандрам Чарвяковым і Усеваладам Ігнатоўскім падпісаў «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры». 12 лютага 1926 года разам з Аляксандрам Чарвяковым падпісаў пастанову «Аб рэарганізацыі Інстытута беларускае культуры», паводле якой Інбелкульт стаў самастойнай установай непасрэдна пры СНК БССР. Прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы статута Інбелкульта. Паводле слоў Язэпа Пушчы, у Адамовіча знаходзілі падтрымку нацыянальна арыентаваныя літаратары.

Прыняў актыўны ўдзел у другім узбуйненні БССР у 1926 годзе. Працаваў у адмысловай тройцы ў складзе першага сакратара ЦК Кампартыі Беларусі Аляксандра Крыніцкага, старшыні СНК БССР Язэпа Адамовіча і Старшыні Дзяржплана БССР Сяргея Карпа. Узбуйненне граніц БССР мела моцны супраціў з боку ЦК УКП(б). 12 лістапада 1926 года бюро ЦК КП(б)Б пастанавіла: «Прасіць ЦК КП(б)Б паставіць у Палітбюро 18 лістапада пытанне аб мяжы БССР. Далей адкладваць... немагчыма. Прасіць тав. Сталіна прыняць дэлегацыю ЦК КП(б)Б у складзе таварышаў Крыніцкага, Галадзеда, Чарвякова, Адамовіча, Бейліна і Карпа ў Палітбюро, пажадана 17 лістапада». 6 снежня 1926 года Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі далучаныя да БССР.

У сувязі з канфліктам з Першым сакратаром ЦК КП(б)Б Аляксадрам Крыніцкім быў пераведзены на працу ў Маскву. З траўня 1927 года сябра Прэзідыума ВСНГ СССР і старшыня праўлення Цукратрэста СССР.

З 1932 года на Далёкім Усходзе, старшыня Камчацкага акцыянернага таварыства, кіраўнік цукровых і рыбакансервавых прадпрыемстваў.

У атмасферы масавых рэпрэсій і цкаванняў скончыў жыццё самагубствам. 22 красавіка 1937 года Язэп Аляксандравіч Адамовіч застрэліўся ў цягніку Уладзівасток—Масква.

Памяць У гонар Язэпа Адамовіча названая вуліца ў Барысавет. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с..

Зноскі

Літаратура С. 92

Шамардзіна С. Старонкі з біяграфіі Язэпа Адамовіча // Полымя. — 1966. — № 4. — С.

Спасылкі Угаров Н. Адамович, Иосиф Александрович // Большая биографическая энциклопедия.

Катэгорыя:Рэвалюцыянеры Расіі Катэгорыя:Рэвалюцыянеры Беларусі Катэгорыя:Старшыні СНК БССР Катэгорыя:Самазабойцы Катэгорыя:Удзельнікі Першай сусветнай вайны (Расійская імперыя) Катэгорыя:Дзяржаўныя дзеячы СССР Катэгорыя:Члены ЦК КПБ Катэгорыя:Члены Прэзідыума ЦВК БССР Катэгорыя:Члены бюро ЦК КПБ Катэгорыя:Народныя камісары БССР Катэгорыя:Члены Прэзідыума Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б) Катэгорыя:Члены ЦВК СССР Катэгорыя:Застрэліліся ў Расіі Катэгорыя:Члены Цэнтральнага бюро КП(б)Б