По́лацкая шко́ла до́йлідства — самабытная архітэктурная школа, якая склалася і развівалася ў Полацкім княстве і суседніх землях у XI — XII стагоддзях.
Пачаўшы сваё фарміраванне на аснове і пад уплывам візантыйска-кіеўскіх традыцый (як пры будаўніцтве Сафійскага сабора), у сярэдзіне XII ст. школа выпрацавала ўласны ўнікальны стыль. Яе галоўным дасягненнем стаў пераход ад традыцыйных крыжова-купальных пабудоў да храмаў вежападобнай кампазіцыі з дынамічным вертыкальным сілуэтам (дзякуючы выкарыстанню какошнікаў і зрушэнню падкупальнай прасторы ад цэнтра на захад).
Полацкая школа вылучалася не толькі архітэктурнымі формамі, але і спецыфічнымі будаўнічымі тэхналогіямі: адмысловай сістэмай сушкі і маркіроўкі плінфы, выкарыстаннем бязрастворных падмуркаў, а таксама захаваннем і мадыфікацыяй муроўкі «са схаваным радам» у якасці фірмовага дэкаратыўнага прыёму каменячосаў.
Найбольш яскрава рысы школы ўвасобіліся ў творчасці выдатнага мясцовага майстра — дойліда Іаана (стваральніка Спаса-Праабражэнскага сабора). З канца XII ст., пасля спынення манументальнага будаўніцтва ў самім Полацку, мясцовыя будаўнічыя арцелі і вытворцы плінфы раз’ехаліся па іншых гарадах, аказаўшы значны ўплыў на развіццё дойлідства ў Смаленску, Ноўгарадзе, Гродне і Навагрудку.
Эвалюцыя архітэктурных форм
Ранні этап і пошук стылю На раннім этапе ў полацкім дойлідстве панавала тэндэнцыя наследавання кіеўскім узорам. Першым мураваным храмам Полацка стаў Сафійскі сабор (сярэдзіна ці другая палова XI ст.), які фактам сваёй пабудовы заяўляў аб праве горада стаць нароўні з найбуйнейшымі цэнтрамі Усходняй Еўропы. Гэты велічны пяцінефны крыжова-купальны храм быў узведзены запрошанай візантыйскай арцеллю. Аднак адрозненні ў яго канструктыўнай пабудове ад аналагічных сабораў Кіева і Ноўгарада сведчаць, што тут працавала асобная, самастойная група майстроў. Падмуркі сабора былі ўмацаваны спецыяльнай драўлянай субструкцыяй: пад імі ляжалі драўляныя лежні, злучаныя паміж сабой жалезнымі мыліцамі.
У пачатку і сярэдзіне XII ст. мураванае будаўніцтва ў княстве пайшло па іншым шляху, пачаўся актыўны пошук уласных архітэктурных рашэнняў. Яркім прыкладам пераходнага перыяду стаў Вялікі сабор Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра (1120—1130-я гг.), які шмат у чым яшчэ нагадваў царкву Спаса ў Бераставе пад Кіевам. У ім з’явіліся рысы, якія ў далейшым стануць вызначальнымі для ўсёй полацкай школы: купал быў абаперты не на ўсходнія, а на заходнія пары слупоў (ссунуты ад цэнтра да ўвахода), што разам з больш нізкімі прытворамі надавала будынку выцягнутыя ўверх прапорцыі. Знешнія і ўнутраныя фасады пачалі ўпрыгожваць плоскімі лапаткамі.
У гэты ж час пашыраецца тыпалогія храмаў. Нараўне з традыцыйнымі трохнефавымі шасціслуповымі будынкамі ўзводзяць бесслуповыя цэрквы з адной апсідай і прытворам на захадзе (напрыклад, Пятніцкая царква Бельчыцкага манастыра). З’яўляюцца і зусім нетыповыя для Русі формы: так, храм-трыконх таго ж манастыра меў апсіды не толькі з усходу, але і з паўночнага ды паўднёвага бакоў. Такі тып культавага будынка характэрны хутчэй для Балгарыі і Грэцыі (Афон), што можа разглядацца як сведчанне наўпроставых канфесійных сувязей Полацка з праваслаўнымі цэнтрамі Еўропы. Сярод унікальных пабудоў гэтага перыяду вылучаюцца таксама Княжацкі храм на дзядзінцы і Царква на Рове — усыпальніца полацкіх князёў. На цаглінах апошняй былі знойдзены буйныя выпуклыя знакі ў выглядзе княжацкіх трызубцаў, што дазваляе аднесці помнік да трэцяй або чацвёртай чвэрці XII ст..
Перыяд росквіту і творчасць дойліда Іаана Полацкая традыцыя канчаткова аформілася ў сярэдзіне XII ст., што найбольш яскрава ўвасобілася ў творчасці выдатнага майстра — манаха Іаана. Ён першым са старажытнарускіх дойлідаў рашуча парваў з канонамі візантыйска-кіеўскай архітэктуры і стварыў свой адметны тып храма вежападобнай кампазіцыі. Гэты новы стыль найлепш прадстаўлены ў Спаса-Праабражэнскім саборы Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра (1152—1161 гг.) і Барысаглебскай царквы Бельчыцкага манастыра, арыентуючыся пры гэтым на славуты прататып — Сафію. Дойлід перагледзеў крыжова-купальную сістэму: не адмаўляючыся ад яе канструкцыйнай асновы, ён за кошт пераразмеркавання мас перанёс акцэнт на вертыкальную дамінанту. Галоўны аб’ём храма стаў значна вышэйшым за прытворы і апсіды. Пры гэтым галоўны неф рабіўся вельмі шырокім, а два бакавыя — значна вузейшымі, з-за чаго іх апсіды звонку ўжо не вылучаліся, а хаваліся ў выглядзе ніш у тоўшчы ўсходняй сцяны.
Дынамічнае нарастанне мас дасягалі таксама выкарыстаннем пазакамарнага перакрыцця і кілепадобных какошнікаў (зробленых з бітай цэглы на багатым растворы), якія забяспечвалі плаўны, прыступкавы пераход да кубічнага пастамента-асновы пад барабан купала. Яснасць кампазіцыі і сіметрычная ўпарадкаванасць форм падкрэсліваліся вертыкалямі плоскіх пілястраў.
Будаўнічыя матэрыялы і тэхналогіі Адметнай рысай полацкай школы стала высокаразвітая і спецыфічная вытворчасць будаўнічых матэрыялаў і тэхналогій муроўкі, якія шмат у чым адрозніваліся ад іншых рускіх зямель таго часу.
Мясцовыя майстры-«плінфатворцы» выраблялі плінфу, якая сушылася не пад адкрытым небам (як у Кіеве ці Гродне), а пад адмысловымі навесамі, пра што сведчыць поўная адсутнасць на полацкай цэгле адбіткаў дажджавых кропель або слядоў жывёл. Шырока практыкавалася маркіроўка партый сырцу: на тарцах плінфы ставіліся разнастайныя выпуклыя знакі (для ўліку пры абпале), а на пасцелістым (шырокім) баку цэглы ўціскаліся невялікія круглыя клеймы, што рабілася з дапамогай штампаў з рога. Будаўнічы раствор полацкіх помнікаў XII ст. вельмі блізкі да ранніх кіеўскіх узораў — ён надзвычай «тлусты», дзе напаўняльнікам служыць амаль выключна цамянка (дробна патоўчаная кераміка) з вельмі невялікай колькасцю пяску і прымешкай гліністых часціц.
У Полацку доўгі час (на працягу ўсяго XII ст.) захоўвалася традыцыйная муроўка «са схаваным радам», калі кожны другі рад цэглы быў утоплены ў сцяну і заціраўся растворам. Аднак полацкія майстры ўнеслі ў яе істотную змену: яны цалкам адмовіліся ад выкарыстання гарызантальных палос з неапрацаванага каменя на фасадах, камяні ішлі толькі ўнутр сцяны, у забутоўку. Сам водступ схаванага рада плінфы ад плоскасці фасада быў мінімальным (усяго 1—2 см). Такім чынам, гэты прыём страціў свой першапачатковы канструктыўны сэнс і выкарыстоўваўся выключна як традыцыйны дэкаратыўны элемент, які стаў своеасаблівым «почыркам» полацкіх каменячосаў.
Яшчэ адной тэхналагічнай асаблівасцю школы стала частае выкарыстанне бязрастворных падмуркаў. Калі ў ранніх пабудовах падмуркі ўмацоўваліся драўлянымі лежнямі, то ў помніках XII ст. (Храм-пахавальня і Спаская царква, царква на Ніжнім замку) падмуркі ўжо складваліся з дробных валуноў насуха, без выкарыстання вапны. Пры будаўніцтве царквы на Ніжнім замку была выкарыстана ўвогуле ўнікальная тэхналогія: каб абараніць будынак ад прасядання ў мяккім культурным слаі, уся пляцоўка разам з падмуркамі была штучна паднята на 70 см падсыпкай з чыстага суглінку. Унікальны прыклад выкарыстання дрэва ў апорных канструкцыях будынка адзначаны ў падкупальных слупах Спаса-Праабражэнскай царквы. Вышэй за васьмігранную частку заходніх слупоў у якасці пераходу да арак у муроўку ўстаўлены квадратныя пліты таўшчынёй каля 16 см, якія выкананы з вельмі шчыльнага цёмна-карычневага дрэва (хутчэй за ўсё, маранага дуба).
Архітэктура ўдзельных княстваў Іншым шляхам, чым у Полацку, пачало развівацца ў сярэдзіне ХІІ ст. манументальнае будаўніцтва ў Віцебску. У адзіным вядомым помніку гэтага часу — Дабравешчанскай царкве — выкарыстаная сістэма муроўкі з чаргаваннем радоў плінфы і каменных блокаў. Такая тэхніка будаўніцтва сустракалася ў Балгарыі і Грэцыі, адкуль, відаць, і былі запрошаныя майстры ў Віцебск. У той жа час помнік мае відавочныя рысы полацкай архітэктуры: мацерыковы план вельмі выцягнуты, наяўнасць адной масіўнай апсіды і лесвіца на хоры ў тоўшчы заходняга мура. Узровень першапачатковай падлогі быў на метр вышэй за тагачасную дзённую паверхню, што азначае наяўнасць высокага цокаля — даволі рэдкага выпадку ў практыцы ўсходнеславянскай архітэктуры.
На рубяжы ХІ і XII стст. у нязвыклай для Полацку тэхніцы было распачата будаўніцтва Мінскай замкавай царквы, якую па нейкіх прычынах так і не скончылі. Храм будаваўся з каменя, на бутавых падмурках, з абмуроўкай сцен пліткамі з абчасанага вапняку. Добра захаваныя падмуркі (і драўляныя субструкцыі пад імі) даюць магчымасць рэканструяваць план пабудовы. Цалкам імаверна, што дойліды хацелі ўзвесці кампактны цэнтрычны храм вежападобнай кампазіцыі ў рэчышчы полацкіх традыцый, але з выкарыстаннем абліцоўкі ўнутраных сцен апрацаванымі квадратамі даламіту. На думку даследчыка Э. Загарульскага, у яе збудаванні прымалі ўдзел польскія майстры.
Уплыў па-за межамі Полацкага княства Полацкія майстры будавалі таксама і далёка за межамі свайго княства: у Смаленску, Ноўгарадзе, Гродне. Спыненне манументальнага будаўніцтва ў Полацку ў канцы XII ст. прывяло да таго, што магутная будаўнічая арцель распалася на часткі і майстры раз’ехаліся ў іншыя гарады.
У канцы XII ст. на аснове полацкіх дойлідскіх форм развіваецца Смаленская школа дойлідства, якая пашырае свой уплыў на Ноўгарад, Пскоў, Уладзіміра-Суздальскія землі, верагодна, на Чарнігаў. Так, полацкі дойлід пачаў будаўніцтва царквы Арханёла Міхаіла ў Смаленску, а полацкія каменячосы вялі муроўку царквы Пятра і Паўла на Сінічай гары ў Ноўгарадзе. Пра прысутнасць полацкіх майстроў у гэтых гарадах бясспрэчна сведчыць захаваная імі спецыфічная полацкая тэхніка муроўкі «са схаваным радам» без выкарыстання камянёў на фасадзе. Сляды дзейнасці полацкіх майстроў-«плінфатворцаў» дакладна выяўляюцца ў фармоўцы плінфы для храмаў гродзенскай архітэктурнай школы.
У пачатку XIII ст. многія старажытнарускія землі прымаюць тую новую схему крыжова-купальнага храма, якая ўпершыню была распрацавана полацкім дойлідам Іаанам. Арыгінальнае спалучэнне мясцовых і віцебскіх традыцый адбылося пры будаўніцтве Навагрудскай Барысаглебскай царквы: віцебскія майстры ўзвялікаў храм, полацкія прыбудавалі да яго вонкавую галерэю.
Крыніцы
Літаратура
С. 461.
Катэгорыя:Архітэктура Полацка Катэгорыя:Архітэктура Беларусі Катэгорыя:Полацкае княства