Адам Дасюке́віч (, в. Капцэвічы Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобл. — , Паставы) — беларускі грамадскі дзеяч, журналіст, педагог.
Біяграфія
У 1933 годзе скончыў Віленскую беларускую гімназію. Затым вучыўся ў Віленскім універсітэце, быў сябрам Беларускага студэнцкага саюза (БСС). Адзін з лідараў студэнцкага руху другой паловы 1930-х. У 1936—1937 гадах — намеснік старшыні БСС, сябра рэдкалегіі часопіса «Студэнцкая думка». У 1937—1939 гадах — старшыня БСС. З верасня 1936 года да красавіка 1937 года рэдактар газеты «Беларуская крыніца» — органа Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Неаднаразова трапляў пад суд за вострыя публікацыі газеты. 19 красавіка 1938 года асуджаны на 6 месяцаў турмы з адтэрміноўкай на 2 гады. Сябра Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. 15 снежня 1939 года атрымаў дыплом інжынера аграноміі. У 1940 годзе віцэ-старшыня беларускай групы пры Літоўскім Чырвоным крыжы.
У 1940 годзе ажаніўся з Лідзіяй Сікорай, дачкой садавода-селекцыянера Івана Сікоры. У 1941 годзе пачаў працаваць у створаным Сікорам гадавальніку ў вёсцы Алашкі.
На пачатку нямецкай акупацыі арыштаваны на Шаркаўшчыне паводле польскага даносу, але з дапамогай сваякоў вызвалены. Працаваў настаўнікам у мястэчку Варапаева. З канца 1941 года — старшыня Пастаўскага раёна. Прымаў удзел у беларускім нацыянальным падполлі.
Выратаваў ад забойства выкладчыка настаўніцкай семінарыі Барыса Кіта, якога спрабаваў застрэліць афіцэр СС за адмову адправіць вучняў прыбіраць трупы з вуліц пасля карнай акцыі.
31 кастрычніка 1943 года (паводле іншых крыніц - 1 лістапада) застрэлены на вуліцы Паставаў нямецкім афіцэрам. Паводле некаторых сведчанняў, нагодай для забойства было няпоўнае выкананне сельскагаспадарчых паставак сялянамі.
Літаратура Ёрш С. Жыццё і смерць Адама Дасюкевіча // Голас камбатанта. 2000, № 4.
Мастыка А. Беларускі студэнцкі саюз Віленскага універсітэта Стэфана Баторыя ў беларускім нацыянальным руху ў Вільні (1919—1939): бакалаўрская праца / Мастыка Андрэй; навук. кіраўнік праф. А. Смалянчук; Еўрапейскі гуманітарны універсітэт. — Вільня, 2009.
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Смаргонскім раёне Катэгорыя:Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі Катэгорыя:Члены Беларускага студэнцкага саюза Катэгорыя:Расстраляныя ў Беларусі Катэгорыя:Расстраляныя на акупаванай тэрыторыі СССР