Туганавіцкі парк — палаца-паркавы ансамбль размяшчаўся на рацэ Сэрвачы, за 1 км ад вёскі Карчова Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.
Гісторыя Назвы не існага цяпер маёнтка Туганава або Туганавічы. Першымі вядомымі ўладальнікамі Туганавіч былі паны Івашка і Юшка Гойцавічы, згадкі пра іх дзейнасць вядомы да 1450-1460-х гадоў.
У часы вялікага князя Казіміра Ягелончыка, 10 чэрвеня 1471 года маршалак гаспадарскі Мікалай Няміравіч у тастаменце запісаў сяло Туганава сваёй жонцы Альжбеце, а пасля яе смерці — касцёлу ў Ішкалдзі пад юрысдыкцыю віленскага біскупа.
Пры вялікім князю Жыгімонце Старым Туганавіцкі двор пераходзіць ва ўласнасць Масальскім, якія ад маёнтка ўзялі сабе Туганоўскія, пад ім і згадваюцца ў 1510 годзе.
У 17 ст. маёнтак Туганавічы пераходзіў да розных гаспадароў: Данэйкаў, Нарніцкіх, Касцянецкіх, Туганоўскіх, Трызнаў, Азарычаў.
Напачатку 18 ст. Адам і Юзэф Туганоўскія прадаюць маёнтак свайму сваяку Станіславу, потым сядзіба пераходзіць да яго сына Казіміра, які прадае вялікую частку Туганавіч Ігнату Вішнеўскаму. У сярэдзіне 18 ст. двор стаў уласнасцю роду Верашчакаў, якія паходзілі з Кобрынскай зямлі. Каля 1840 г. старэйшая дачка Юзафа Верашчакі Сафія (пляменніца Марылі) выйшла замуж за Канстанцыя Туганоўскага і сядзіба зноў апынулася ва ўласнасці старадаўняга роду Туганоўскіх.
З Туганавічамі звязаныя асобныя падзеі нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—1864 гадоў, на патрэбы якога М. Верашчака прадала частку маёнтка. Уладальнік маёнтку Канстанцый Туганоўскі падтрымліваў цесныя сувязі з Кастусём Каліноўскім, дапамагаў яму ў рэвалюцыйнай дзейнасці. У сядзібе працавала майстэрня па вытворчасці зброі для паўстанцаў, якая перапраўлялася ў мясцовы цэнтр паўстання вёску Мілавіды. Пасля падаўлення паўстання Канстанцый Туганаўскі быў арыштаваны і замардаваны ў Віленскай турме.
Апошняй уладальніцай Туганавіч была Юзэфа Туганоўская, якая запісала маёнтак сялянскаму Таварыству з умовай пабудовы пры двары сельскагаспадарчай школы. Пры Верашчаках Туганавіцкі парк набыў сваю планіроўку, якая амаль не змянялася.
У 1815—1820 гадах Туганавіцкімі гасцямі часта былі Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ян Чачот, Ігнат Дамейка. Лета 1818 года у Туганавічах прайшло пад знакам рамантычных і палымяных пачуццяў дачкі гаспадыні маёнтку — Марылі Верашчакі і маладога Міцкевіча. Трагічная гісторыя гэтага кахання зрабіла вялікі адбітак у творчасці славутага паэта. Пройдзе час, але Міцкевіч ніколі не забудзе гэты куточак прыроды і зямлі, а пазней напіша «…і вечна сняцца мне Наваградак і Туганавічы». З Туганавіч пазычаны шматлікія прататыпы і сюжэты твораў А. Міцкевіча. Так, князь Туган увекавечаны ў баладзе «Свіцязь», а 80-гадовы «цівун» Андрэй, які служыў у Верашчакаў і расказаў паэту шмат прыгодніцкіх гісторый з жыцця мясцовай шляхты, услаўлены ў паэме «Пан Тадэвуш». Як сцвярджаюць даследчыкі, апісанае ў паэме «Пан Тадэвуш» Сапліцова цалкам адпавядае тапаграфіі Туганавіцкай сядзібы.
Туганавіцкі парк
Туганавіцкі парк лічыцца класічным узорам пейзажнай паркавай архітэктуры перыяду рамантызму. Ён размешчаны на ўзгорыстай мясцовасці і займае плошчу каля 8 гектараў. Асноўныя элементы кампазіцыі — паляны з курцінамі і далёкімі перспектывамі навакольнага ландшафту. Парадзелы парк і сёння захоўвае прыгажосць і велічнасць, гістарычна-патрыярхальную аўру. Паркавы масіў у асноўным складаўся з маляўніча арганізаваных пасадак ясеня, граба, клёна, каштана, вярбы, дуба, ліпы, елкі. У цэнтры парку пры асноўнай алеі знаходзілася альтанка (так званая «калыска кахання» Марылі і Адама, на жаль, не захавалася) ў выглядзе высаджаных па кругу шасці стагадовых ліп. У парку налічваецца каля 40 парод дрэваў, у т.л. экзатычных. У паўднёва-ўсходняй частцы знаходзяцца дзве сажалкі, а ва ўрочышчы Кут у лясным масіве ляжыць валун — «камень філарэтаў», каля якога А. Міцкевіч, яго сябры Т. Зан, Я. Чачот, І. Дамецка, Ю. Яжоўскі, Ф. Малеўскі і іншыя беларускія вальнадумцы давалі клятву адданасці ідэалам свабоды, братэрства і незалежнасці.
Парк моцна пашкоджаны ў перыяд 1-й сусветнай вайны (у гэтым раёне праходзіла лінія фронту). У 1931 годзе Туганавіцкі парк як гісторыка-культурны помнік па прапанове Міцкевічаўскага камітэту быў узяты пад дзяржаўную ахову. Былі праведзены работы па яго добраўпарадкаванню: высаджаны елкі, адрамантаваны фундамент дома, зроблена агароджа і брама, устаноўлены ўказальнікі і пастаўлена памятная калона ля «альтанкі Міцкевіча».
Сядзіба
Паводле малюнкаў В. Дмахоўскага (1861), Н. Орды (1876), а таксама па фотаздымках Я. Булгака, Т. Барэцці і К. Карповіча (пачатак ХХ ст.) вядома, што ў параднай частцы парку быў размешчаны невялікі палац з рысамі позняга класіцызму. З боку вёскі Карчова шырокая ўязная тапалёвая алея вяла да сядзібных пабудоў: жылога дома, аранжарэі, млына і ветрака, карчмы, фамільнай капліцы-пахавальні, флігеля-«мураванкі» (не зберагліся). Жылы дом, ад якога ацалеў падмурак, быў кампактнай, прамавугольнай у плане, драўлянай пабудовай у адзін паверх, падведзенай пад высокі паўвальмавы дах. Цэнтр атынкаванага франтальнага фасада ў чатыры апраўленыя ў прамавугольныя панэлі акны вылучаўся мансардай, перад якой выступала чатырохслуповая тэраса з балюстраднай агароджай. Ва ўзнятым ганку з бакавымі прыступкамі знаходзіўся нізкі ўваход у падвальны склеп. У канцы ХІХ стагоддзя да тарца дома далучылася бесстылёвая зрубная прыбудова. Размешчаны непадалёку флігель, таксама кампактны прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак, меў на галоўным фасадзе працяглую веранду з трохвугольным франтонам і паўкруглай люкарнай на ім. На зялёным партэры перад домам і флігелем імкнуліся ўвышыню пірамідальныя таполі.
На адным з узгоркаў узвышалася капліца з фамільнымі пахаваннямі ўладальнікаў маёнтка (разбураная ў 1914 г.), абсаджаная па перыметры дубамі. Гэты кампактны прамавугольны ў плане драўляны будынак пад двухсхільным дахам меў гранёную апсіду, а на галоўным фасадзе — чатырохкалонныя «падчэні» і, як усе будынкі сядзібы, адносіўся да познекласіцыстычнага стылю. Культавую прыналежнасць пабудовы вызначаў толькі каталіцкі крыж на вільчыку даха. У 1860-я гады капліца пераасвечана на Крыжаўзвіжанскую царкву.
На другім пагорку стаяла мураваная альтанка ў выглядзе шасціграннай шатровай вежы. У парку размяшчалася выдатная аранжарэя. Прамавугольны ў плане аднапавярховы будынак з дахам схаваным за парапетам, вылучаўся рэпрэзентацыйным характарам архітэктуры: фасады рытмічна чляніліся высокімі арачнымі вокнамі, а цэнтр франтальнага фасада вылучаў чатырохвосевы рызаліт з поясам ляпных гірлянд і атыкам у завершы. Гаспадарчы двор змяшчаўся з заходняга боку сядзібы.
Палац знішчаны ў Першую сусветную вайну.
Крыніцы
Літаратура
— С. 637, 658—659. Несцярчук Л. М. Палацы, паркі, замкі Баранавіцкага раёна. Гісторыя, стан, перспектывы. — Брэст, 1999. — С. 62-66. Габрусь Т., Кулагін А., і інш. Страчаная спадчына. — Мн., 1998. — С. 223—224.
Спасылкі
Малюнак Напалеона Орды «Dworek zw. Murowanka i inne zabudowania majątku Wereszczaków w Tuhanowiczach». 1876 года з калекцыі Нацыянальага музея ў Варшаве. MNW Cyfrowe
Катэгорыя:Філарэты Катэгорыя:Славутасці Баранавіцкага раёна Катэгорыя:Карчова Катэгорыя:Батанічныя помнікі прыроды мясцовага значэння Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Сядзібы Баранавіцкага раёна