Свята-Міхайлаўская царква — праваслаўны храм у імя святого архангела Міхаіла ў в. Восаўцы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці.

Гісторыя

Пабудавана ў 1780 годзе з дрэва на ўсходняй ускраіне вёскі. Каля царквы пастаўлена 2-ярусная чацверыковая шатровая званіца-брама.

Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Архітэктура

Помнік народнага дойлідства. Кампазіцыя будынка складаецца з 3 прамавугольных зрубаў прытвора, малітоўнай залы і апсіды, якія накрыты агульным дахам з хвалямі і трохвугольнымі застрэшкамі ў месцы іх злучэння. Над галоўным фасадам вільчык даху завершаны 8-гранным светлавым барабанам з купалам. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі. У малітоўную залу выступае вузкая галерэя хораў з парапетам цяслярскай работы.

Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.

Спасылкі

Катэгорыя:Восаўцы (Драгічынскі раён) Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Храмы Святога Міхаіла Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Драгічынскага раёна Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Колішнія ўніяцкія храмы Брэсцкай вобласці Катэгорыя:1780 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі