Белару́сь (; поўная назва ) — дзяржава ва Усходняй Еўропе, на захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны. Тэрыторыя краіны — 207,6 тыс. км² (84-я ў свеце). Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2025 года — 9 109 тыс. чалавек. Працягласць з поўначы на поўдзень 560 км, з захаду на ўсход — 650 км.

Дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. У краіне 6 абласцей, складзеныя са 118 раёнаў; 113 гарадоў, 109 пасёлкаў гарадскога тыпу, 24 583 сельскія населеныя пункты (вёскі, аграгарадкі, пасёлкі, хутары).

Сталіца Рэспублікі Беларусь і найбуйнейшы горад краіны — Мінск, які мае асаблівы статус горада рэспубліканскага падпарадкавання.

Унітарная дзяржава, парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка (але з моцным уплывам прэзідэнцкай улады ва ўсіх сферах дзяржаўнай палітыкі і законатворчасці). Пасаду прэзідэнта 20 ліпеня 1994 года заняў Аляксандр Лукашэнка, які афіцыйна перамагаў на выбарах 2001, 2006, 2010, 2015, 2020, 2025 гадоў. Неадназначныя вынікі прэзідэнцкіх выбарах 2020 года выклікалі самыя масавыя акцыі пратэсту за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Нягледзячы на гэта, 23 верасня 2020 года Аляксандр Лукашэнка на таемнай інаўгурацыі зноў абвешчаны прэзідэнтам. Аляксандр Лукашэнка захаваў фактычную ўладу, але легітымнасць яго ўрада прызнаецца толькі некалькімі дзяржавамі ў свеце. Самую моцную падтрымку рэжыму Лукашэнкі аказала Расійская Федэрацыя.

На паўночным захадзе Беларусь мяжуе з Літвой, на захадзе з Польшчай, на поўначы з Латвіяй, на ўсходзе з Расіяй, на поўдні з Украінай. Агульная даўжыня меж — 2969 км.

Грашовая адзінка — беларускі рубель.

25 сакавіка 1918 года абвешчана незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. 1 студзеня 1919 года была створана Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі, скасаваная 27 лютага 1919 года. Паўторна абвешчаная 31 ліпеня 1920 года незалежная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) была адной з 4 савецкіх рэспублік, якая падпісала 30 снежня 1922 года Дагавор аб утварэнні СССР. Незалежнасць БССР абвешчана 25 жніўня 1991 года, з 19 верасня 1991 года краіна завецца Рэспублікай Беларусь, у гэты час зацверджаны дзяржаўныя герб «Пагоня» і бела-чырвона-былы сцяг (у 1995 годзе зменены на цяперашнія), а таксама новая Канстытуцыя і грамадзянскі пашпарт. Потым, 8 снежня 1991 года з Расіяй і Украінай падпісаны пагадненні пра стварэнне Саюза незалежных дзяржаў.

Беларусь — член-заснавальнік ААН (як БССР), член СНД, АДКБ, Саюзнай Дзяржавы і ЕАЭС.

Назва

Назва Белая Русь зрэдку ўжывалася датычна невялікай часткі беларускіх зямель — Полаччыны — у канцы XVI ст. З 1620-х гадоў такое імя замацавалася за ўсходнімі землямі Вялікага Княства Літоўскага — падзвінскімі і падняпроўскімі паветамі. На думку некаторых даследчыкаў, такім чынам праяўлялася адмежаванне Белай Русі, са здаўна хрысціянскім насельніцтвам, ад Чорнай Русі, дзе значная частка насельніцтва хрысціянізавана пазнейАб паходжанні назваў Белая і Чорная Русь, Язэп Юхо, 1956. У XVII ст. для жыхароў Белай Русі сталі ўжываць імя беларусы (гл. таксама беларусцы), хаця адначасова ўжывалі і іншыя палітонімы і этнонімы, напрыклад, літвіны і русіны.

Таксама ёсць тэорыі, што назва паходзіць ад белага традыцыйнага адзення славянскага насельніцтва тых земляў, а таксама, што землі Русі, не захопленыя падчас мангольскага нашэсця, называлі пазней белымі ў адрозненне ад зямель захопленых.

У XIX ст., калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, з пашырэннем рускамоўнай сістэмы адукацыі стаў пераважаць этнонім беларусы. З 1890-х гадоў назва Беларусь стала агульнапрынятай для ўсёй тэрыторыі беларускага этнасу. У 1918 годзе абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, у 1919 годзе створана ССРБ (з 1922 — БССР), у 1991 годзе — Рэспубліка Беларусь.

Інструкцыя па транслітарацыі (2007) дае напісанне як Respublika Bielaruś. Афіцыйная назва на рускай (другой дзяржаўнай) мове — Республика Беларусь.

Праблема наймення на іншых мовах З паяўленнем на картах свету незалежнай Беларусі паўстала праблема аб яе назве на замежных мовах. 19 верасня 1991 года Вярхоўным Саветам БССР быў прыняты закон на рускай мове, у якім адназначна акрэслівалася надалей называць дзяржаву «Рэспубліка Беларусь», а ў скарочаных і састаўных назвах — «Беларусь». Гэты ж закон прадпісваў транслітараваць гэтыя назвы на іншыя мовы ў адпаведнасці з беларускім гучаннемhttp://pravo.kulichki.com/zak2007/bz62/dcm62155.htm. Канстытуцыя Беларусі, якая мае афіцыйны тэкст і на рускай мове, не дае іншых назваў апроч Беларусь.

Аднак працяглы час, пакуль Беларусь была ў складзе Расіі і СССР, за беларускімі тэрыторыямі замацавалася рускамоўная назва Белоруссия. У міжнародную англійскую мову гэтае найменне калькавалі як Byelorussia. На дадзены момант у Расійскай Федэрацыі пашыраная назва Белоруссия, пры чым як і ў нефармальнай гутарцы паміж насельніцтвам, так і ў сродках масавай інфармацыі і нават на дзяржаўным узроўні. Назва артыкула пра дзяржаву ў рускім радзеле Вікіпедыі цягам болей 20 гадоў таксама была Белоруссия, але трывалі войны правак па перайменаванні, таму артыкул быў абаронены ад яго, некалькі разоў перад супольнасцю Рускай Вікіпедыі ставілася пытанне пра перайменаванне артыкула ў Беларусь, але рашэнні прымалася на карысць Белоруссия, пакуль, урэшце, 21 студзеня 2025 года не было прынята рашэнне пра перайменеванне ў Беларусь.

Некаторыя мовы даюць назву Беларусі як літаральны пераклад словазлучэння Белая Русь, пры чым у многіх выпадках слова Русь перакладаюць як Расія. Напрыклад, у фінскай мове Беларусь называецца Valko-Venäjä (Valkoinen з фінскай мовы белы, Venäjä — Расія), такая самая сітуацыя ў многіх іншых фіна-ўгорскіх мовах: Valgevene ў эстонскай, Vaugedvenäma ў вепскай і іншых. Падобная структура наймення і ў некаторых германскіх мовах, напрыклад, Weißrussland у нямецкай, Hvíta-Rússland у ісландскай. Швецыя пачала называць краіну Belarus у 2019 годзе, Данія — у 2021 годзе. 29 мая 2022 года ўлады Нарвегіі назву Hviterussland змянілі на Belarusregjeringen.no.

У Літве і Латвіі ў афіцыйных нормах назва даецца як Baltarusija і Baltkrievija адпаведна. Некаторыя мовы (напрыклад, іспанская або партугальская) працягваюць у афіцыйных назвах ужываць калькаванне рускага варыянта Белоруссия (Bielorrusia ці Bielorrússia адпаведна).

Геаграфія

Геаграфічнае становішча

Беларусь мяжуе з Расіяй на ўсходзе і на поўначы, Латвіяй — на поўначы, Літвою — на паўночным захадзе, Польшчай — на захадзе, Украінай — на поўдні. Тэрыторыя галоўным чынам раўнінная з рэдкімі ўзвышшамі, якія размешчаны пераважна ў цэнтральнай частцы Беларусі і складаюць Беларускую граду.

Агульная працягласць дзяржаўнай мяжы — 2969 км. Плошча — 207 600 кв. км. Найбольшая яе працягласць з захаду на ўсход — 650 км, з поўначы на поўдзень — 560 км. У Еўропе Беларусь паводле плошчы тэрыторыі нязначна саступае Вялікабрытаніі і Румыніі, у больш за 2,2 разы перавышае плошчы Партугаліі і Венгрыі і прыблізна ў 5 разоў — Нідэрландаў і Швейцарыі. Адлегласць ад Мінска да сталіц суседніх дзяржаў: Вільні — 215 км, Рыгі — 470 км, Варшавы — 550 км, Кіева — 580 км, Масквы — 700 км.

Паводле разлікаў 2008 года РУП «Белкосмааэрагеадэзія» цэнтр Еўропы знаходзіцца на 55º30´ пн.ш. і 28º48´ у.д. у горадзе Полацку. Паводле разлікаў спецыялістаў аб’яднання «Белгеадэзія», выкананых у 1996 годзе, геаграфічны цэнтр Беларусі размешчаны за 70 км на паўднёвы ўсход ад Мінска, каля вёскі Антонава Пухавіцкага раёна.

Беларусь — буйнейшая па тэрыторыі еўрапейская дзяржава (з цалкам размешчаных у Еўропе) без выхаду да мора.

Рэльеф

Беларусь знаходзіцца на Усходне-Еўрапейскай раўніне. Найбольш прыпаднятая цэнтральная частка краіны — Беларуская града. Тут размешчана Мінскае ўзвышша, на якім знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі — гара Дзяржынская (345 м); вышыню больш за 300 м маюць яшчэ шэраг пунктаў — горы Лысая, Маяк і інш. Трохі саступаюць Мінскаму ўзвышшу па абсалютных вышынях Навагрудскае (г. Замкавая — 323 м), Ашмянскае, Віцебскае ўзвышшы. Найбуйнейшыя нізіны на тэрыторыі Беларусі: Палеская, Верхнянёманская, Полацкая, Нарачана-Вілейская. Самы нізкі пункт — узровень вады Нёмана на мяжы з Літвой, да 80 м над узроўнем мора. в Асаблівасці рэльефу Беларусі цесна звязаныя з геалагічнай будовай тэрыторыі. Да прыпаднятых участкаў крышталічнага падмурка прымеркаваныя ўзвышшы. Тэрыторыі з глыбокім заляганнем крышталічнага падмурка звычайна занятыя нізінамі. Вырашальным жа фактарам фарміравання рэльефу Беларусі сталі ледавікі. На працягу апошніх 500—600 тыс. гадоў тэрыторыя Беларусі выпрабавала не менш 5 злядненняў.

Геалогія і глебы

У геалагічным сэнсе Беларусь размешчана на захадзе Усходне-Еўрапейскай платформы. Старажытны крышталічны падмурак складзены з магматычных і метамарфічных парод, залягае на глыбіні да 5-6 км (Прыпяцкі прагін), каля в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна выходзіць на паверхню. Платформавы чахол складзены пераважна з асадкавых горных парод, укрывае практычна ўсю тэрыторыю Беларусі.

Асаблівасці геалагічнага мінулага Беларусі, яе рэльефу, клімату, расліннасці абумовілі складаную будову глебавага покрыва тэрыторыі. Асноўныя глебаўтваральныя пароды тыповыя для зоны ледавіковай акумуляцыі: азёрна-ледавіковыя, марэнныя, водна-ледавіковыя адклады, алювіяльныя наносы, торф. Сярод глебаўтваральных працэсаў пераважаюць дзярновы (пад лугавой травяністай расліннасцю), падзолісты (пад лясной расліннасцю), балотны (у паніжаных месцах, дзе назапашваецца вільгаць) і іх спалучэнні.

З улікам ступені праяўлення асноўнага глебаўтваральнага працэсу вылучаны тыпы глебаў Беларусі: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, тарфяна-балотныя глебы, поймавыя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Паводле механічнага складу адрозніваюць гліністыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і тарфяныя глебы.

Карысныя выкапні

На Беларусі выяўлена і разведана больш за 5 тыс. радовішчаў і пакладаў карысных выкапняў. Сярод іх: нафта і спадарожны газ, каменная і калійныя солі, буры вугаль, гаручыя сланцы, даламіты, торф, мергелі, сапрапелі, гліны, будаўнічыя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы і абліцовачны камень, жалезныя руды і інш.

Клімат

Клімат Беларусі ўмераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага. Асаблівасці клімату Беларусі тлумачацца яе размяшчэннем ва ўмераных шыротах, параўнальнай блізкасцю да Атлантычнага акіяна, адсутнасцю прыродных бар’ераў на шляху паветраных мас: марскіх — з захаду і кантынентальных — з усходу і паўднёвага ўсходу.

Самы цёплы месяц года ліпень, самы халодны, найчасцей, студзень. Так, у Мінску сярэдняя тэмпература студзеня складае −6,9 ºС, а ў ліпені яна дасягае 17,8 ºС. Сярэдняя тэмпература змяняецца ў залежнасці ад рэгіёнаў Беларусі. У ліпені сярэдняя тэмпература складае ад 17 °C на поўначы да 18,5 °C на поўдні. Сярэдняя тэмпература ў студзені вагаецца ад −4,5 °C на паўднёвым захадзе да −8 °C на паўночным усходзе. У зімовы перыяд нярэдкія адлігі.

На тэрыторыі Беларусі ў сярэднім за год выпадае 600—700 мм ападкаў. 70 % ападкаў у выглядзе дажджу выпадае ў красавіку-кастрычніку. Колькасць снежных дзён у Беларусі ад 75 на паўднёвым захадзе да 125 на паўночным усходзе. Максімальная вышыня снежнага покрыва адпаведна ад 15 да 30 см.

На Беларусі пераважаюць заходнія вятры. З захаду на ўсход павялічваецца кантынентальнасць клімату.

Гідраграфія

У літаратуры Беларусь часта апісваюць як «сінявокую», «край блакітных азёр». Агулам у Беларусі каля 20 800 рэк і каля 10 800 азёр. Найбуйнейшыя рэкі — Дняпро, Заходняя Дзвіна, Нёман, Прыпяць. Як раз па Беларусі праходзіць водападзел паміж двума схіламі — чарнаморскім і балтыйскім. Рэкі першага нясуць воды ў Чорнае мора, воды другога — у Балтыйскае. Гэты водападзел знаходзіцца прыкладна на паўночна-заходнім Палессі, ён праходзіць па Капыльскай градзе, па Мінскім і Аршанскім узвышшы. Такім чынам, Беларусь сілкуе абодва моры на 60 кубічных кіламетраў вады ў год.