Ілья Гаўрылаў (нар. , ) — беларускі футбаліст, брамнік.

Клубная кар’ера Выхаванец віцебскага футбола. Футболам пачаў займацца ў 8 гадоў, а ўжо ў 14 гадоў перайшоў у мінскае «Дынама», за якое правёў адзін матч у Кубку Беларусі.

У 2007 годзе разам з Антонам Амельчанкам і Юрыем Жаўновым (якія прыйшлі ў клуб некалькі раней) стаў іграком клуба расійскай Прэм’ер-лігі «Масква». Аднак у першую каманду прабіцца не змог; гуляючы ў першынстве моладзевых каманд, зразумеў, што хоча гуляць на больш высокім узроўні і папрасіў кіраўніцтва адпусціць яго ў арэнду.

Так, у 2008 годзе Ілья гуляў у арэндзе ў беларускіх клубах: магілёўскім «Дняпро» і «Тарпеда» з Жодзіна. За «Дняпро» Ілья правёў ўсяго адну гульню ў Вышэйшай лізе Беларусі. За жодзінскае «Тарпеда» дэбютаваў 10 жніўня 2008 года ў матчы з магілёўскім «Савітам», выйшаўшы ў стартавым складзе і правёўшы ўсю гульню. Па заканчэнні арэнды Гаўрылаў вярнуўся ў «Маскву».

У сакавіку 2010 года падпісаў двухгадовы кантракт з астраханскім «Валгаром-Газпрамам», які выступаў у Першым дывізіёне. Аднак правёў усяго два матчы, пасля чаго ў чэрвені 2010 года кантракт па ўзаемнай згодзе быў скасаваны, і Гаўрылаў вярнуўся ў Беларусь зноў у жодзінскае «Тарпеда», заключыўшы працоўнае пагадненне на паўгода.

Пасля заканчэння тэрміну кантракта Ілья ў якасці свабоднага агента адправіўся на прагляд у курскі «Авангард», з якім у выніку 13 лютага 2011 года падпісаў кантракт. За курскі клуб дэбютаваў 2 мая ў матчы трэцяга тура Першынства Расіі з саратаўскім «Сокалам». Па заканчэнні сезона 2011/12 пакінуў «Авангард».

13 ліпеня 2012 года было абвешчана аб тым, што Ілья заключыў аднагадовае пагадненне з падмаскоўнымі «Хімкамі». У складзе «Хімкаў» рэгулярна гуляў у аснове ў ФНЛ.

У пачатку чэрвеня 2013 года перайшоў у валгаградскі «Ротар», але на полі з’яўляўся эпізадычна. У выніку, у 2014 годзе ўжо не з’яўляўся нават на лаўцы запасных, шукаючы новы клуб.

У ліпені 2014 года перайшоў у салігорскі «Шахцёр», дзе стаў другім брамнікам пасля Артура Каценкі. Паколькі на той момант страціў беларускае грамадзянства на карысць расійскага, то стаў выступаць у чэмпіянаце Беларусі ў якасці легіянера.

У лютым 2015 года склад «Шахцёра» папоўніў вопытны брамнік Уладзімір Бушма, пасля чаго Гаўрылаў выпаў з асноўнай абоймы гарнякоў. У выніку ў сакавіку 2015 года, разарваўшы кантракт з «Шахцёрам», перайшоў у мікашэвіцкі «Граніт», у складзе якога стаў асноўным брамнікам.

У лютым 2016 года вярнуўся ў Расію, пасля прагляду падпісаўшы кантракт з клубам «Прамень-Энергія». У складзе ўладзівастоцкага клуба трывала гуляў у аснове. У чэрвені 2017 года зноў стаў іграком «Ротара», аднак ужо ў верасні таго ж года на правах свабоднага агента пакінуў каманду.

У 2017 годзе стаў абвінавачаным ва ўдзеле ў дагаварным матчы падчас выступу за «Граніт». У кастрычніку 2017 года па выніках справы аб дагаварных матчах быў прысуджаны да штрафу ў 11,5 тысяч рублёў, а ў лютым 2018 года атрымаў ад Дысцыплінарнага камітэта АБФФ пажыццёвую дыскваліфікацыю. У пачатку 2018 года падпісаў пагадненне з узбекскім клубам «Наўбахор», аднак у выніку так і не згуляў за яго, неўзабаве пакінуў каманду і завяршыў кар’еру.

Міжнародная кар’ера У 2009 годзе згуляў у трох матчах за моладзевую зборную Беларусі.

Дасягненні Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі: 2014

Крыніцы

Катэгорыя:Футбольныя варатары Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі ФК Маладзечна Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Масква Катэгорыя:Ігракі ФК Дняпро Магілёў Катэгорыя:Ігракі ФК Тарпеда-БелАЗ Катэгорыя:Ігракі ФК Валгар Астрахань Катэгорыя:Ігракі ФК Авангард Курск Катэгорыя:Ігракі ФК Хімкі Катэгорыя:Ігракі ФК Ротар Валгаград Катэгорыя:Ігракі ФК Шахцёр Салігорск Катэгорыя:Ігракі ФК Граніт Мікашэвічы Катэгорыя:Ігракі ФК Прамень-Энергія Уладзівасток