Лясна́я (, ) — аграгарадок у Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Ляснянскага сельсавета. Размешчана за 25 км на паўднёвы захад ад Баранавічаў, за 2,5 км ад шашы Баранавічы — Брэст. Чыгуначная станцыя Лясная знаходзіцца на лініі Баранавічы — Брэст.

Гісторыя Вядома з 1880-х гадоў як чыгуначная станцыя Лясная ў Навамышскай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні.

З 1921 года ў складзе Польшчы, у Навамышскай гміне Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.

З 1939 года ў БССР. З 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета ў Навамышскім раёне Баранавіцкай, з 8 студзеня 1954 года Брэсцкай абласцей, з 8 красавіка 1957 года ў Баранавіцкім раёне.

У Вялікую Айчынную вайну з чэрвеня 1941 года да 9 ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У баі каля вёскі 8 ліпеня 1944 года вызначыўся Герой Савецкага Саюза М. П. Акімаў. У верасня 1941 года ў вёсцы гітлераўцы стварылі лагер № 337 для масавай загубы савецкіх ваеннапалонных, у якім пастаянна ўтрымлівалі каля 55 тысяч чалавек. У 1941—1944 гадах у Ляснянскім лагеры смерці акупанты загубілі 88,5 тыс. чал.

У 1972 годзе ў вёсцы працавалі лясніцтва, пякарня, цэх Баранавіцкай мэблевай фабрыкі, сярэдняя школа, сталовая, бібліятэка, дзіцячы сад, бальніца, аддзяленне сувязі, швейная майстэрня, 5 магазінаў.

Інфраструктура Працуюць лясніцтва, сярэдняя школа (у школе ў 1986 годзе адкрыты музей імя Галубка), бальніца, дзіцячыя яслі-сад, аддзяленне сувязі, Дом быту, бальніца, аптэка, бібліятэка, 5 магазінаў, ашчадны банк.

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1897 год — 3 двары, 18 жыхароў. XX стагоддзе: 1909 год — 10 двароў, 50 жыхароў. 1921 год — 26 дамоў, 167 жыхароў. 1939 год — 565 жыхароў. 1959 год — 1213 жыхароў. 1972 год — 310 двароў, 1391 жыхар. 1998 год — 556 двароў, 1639 жыхароў.

Славутасці Абеліск на магіле 60 ахвяр фашызму, расстраляных у 1941 годзе (1979), на паўднёва-заходняй ускраіне вёскі. Скульптура воіна на брацкай магіле 47 савецкіх воінаў і 50 ваеннапалонных, якія загінулі ў баях і загублены ў Ляснянскім лагеры смерці ў Вялікую Айчынную вайну (1958), каля чыгуначнай станцыі. На будынку школы ў 1988 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка на ўшанаванне памяці народнага артыста БССР і пісьменніка У. І. Галубка (1882—1942), які нарадзіўся ў в. Лясная. Царква ў гонар Казанскай іконы Маці Божай. Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Анёльскай (2000).

Вядомыя асобы У. І. Галубок (сапраўднае прозвішча Голуб) — беларускі пісьменнік, рэжысёр, акцёр, мастак, першы народны артыст БССР.

Літаратура

 — С. 710.

Спасылкі

Катэгорыя:Ляснянскі сельсавет (Баранавіцкі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Баранавіцкага раёна