Свята-Успенская царква — праваслаўны храм у аграгарадку Сялец (Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць, Беларусь). Пабудаваная ў 1870 годзе з цэглы ў цэнтры вёскі. Помнік рэтраспектыўна-рускага стылю.
Архітэктура
У плане — выцягнутая па падоўжнай восі кампазіцыя: званіца, трапезная, асноўны аб’ём з бакавымі парталамі і пяцігранная апсіда, да якой прымыкаюць дзяканнік і ахвярнік. Дойлідска-дэкаратыўнае аздабленне заснаванае на спалучэнні традыцый класіцызму (апрацоўка сцен пілястрамі тасканскага ордара, прафіляваныя высокія карнізы, абрамленні паўкруглых акон асноўнага аб’ёма) і характэрных форм маскоўскага дойлідства XVII стагоддзя (канструкцыйная схема званіцы — васьмярык на чацверыку, шатровы дах з цыбулепадобнай галоўкай, кілепадобныя какошнікі парталаў і вежы-званіцы).
Інтэр’ер
Памяшканні храма перакрыты плоскай столлю на падугах (праектаваліся цыліндрычным скляпеннем), у малітоўную залу шырокімі прасветамі адкрываюцца трапезная і апсіда, вылучаная іканастасам з разнымі царскімі варотамі. Абразы 18 — 19 ст. выкананы ў акадэмічна-класіцыстычным стылі: «Пакроў», «Мікалай Цудатворац», «Святы Пётр і Павел», «Успенне», «Антоній Пячэрскі», «Святы архідыякан», «Маці Божая Замілаванне», «Ісус Хрыстос», «Праабражэнне Гасподне», «Святы прарок Арон», «Увядзенне ў храм Багародзіцы», «Святы архідыякан Лаўрэнцій».
Літаратура
Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — С. 390—391. — 653 с. — 2000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
Катэгорыя:Сялец (Бярозаўскі раён) Катэгорыя:З’явіліся ў 1870 годзе Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Бярозаўскага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі Катэгорыя:1870 год у Беларусі