Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўны храм у в. Хаціслаў (Маларыцкі раён). Помнік драўлянага дойлідства з рысамі стылю барока.

Пабудавана ў 1799 г. У 1867 г. да царквы прыбудаваная званіца. У 1989 г. царква аддадзеная вернікам (з 1990 г. на рэстаўрацыі).

Архітэктура

Асноўны зруб прамавугольны ў плане са зрэзанымі ў заходняй частцы вугламі і вузкі трохгранны бабінец накрыты агульным двухсхільным дахам з гранёным барочным купалам у цэнтры. Такія ж купалкі ў цэнтры больш нізкага шматсхільнага даху над пяціграннай апсідай і над дзвюма трох’яруснымі вежамі, якія фланкіруюць галоўны фасад. Трох’ярусны галоўны фасад мае прасторавую структуру, па вертыкалі падзелены на тры часткі, размешчаныя пад вуглом адна да адной. Сярэдняя частка завяршаецца трохвугольным франтонам, пакатыя бакавыя нагадваюць валюты мураваных храмаў позняга барока і ракако.

Інтэр’ер У інтэр’еры дамінуе цэнтральнае памяшканне, перакрытае зрубным люстраным скляпеннем. Бабінец з хорамі пад ім і алтарны зруб маюць плоскасную бэлечную столь. Апсіда вылучана шмат’ярусным разным іканасіасам, створаным у 1830-я гг.

Званіца Пабач з царквой размешчана трох’ярусная званіца (васьмярык на двух чацверыках), завершаная шатровым дахам з дэкаратыўнымі какошнікамі.

Літаратура «Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», Мінск 1993 Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі

Катэгорыя:Хаціслаў Катэгорыя:З’явіліся ў 1799 годзе Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Маларыцкага раёна Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:1799 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі