Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — помнік драўлянага дойлідства ў в. Адэльск (Гродзенскі раён).

Касцёл дзейнічае. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.

Гісторыя Пабудаваны ў сярэдзіне XVIII ст., мае рысы стылю барока. У 1898 г. адноўлены.

Драўляны касцёл Унеба­ўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Адэльску быў заснаваны ў 1490 годзе. Яго фундатарам быў польскі кароль Казімір IV. Святыня была збудавана ў форме крыжа, мела адну вежу. У 1674 яе кансэкраваў кс. біскуп суфраган Слупскі.

У 1781 годзе парафія налічвала 4319 вернікаў. У яе склад уваходзілі Адэльск, Крынкі, Кузніца і інш.

Касцёл у Адэльску дзейнічаў на працягу ўсяго перыяду існавання БССР.

Архітэктура

Схема трохнефная базілікальная з трансептам, пяціграннай апсідай з дзвюма бакавымі сакрысціямі. У кампазіцыі дамінуе аб’ём цэнтральнага нефа, перакрыты высокім вальмавым дахам, вільчык якога з боку галоўнага фасада завершаны ярусным фігурным купалам на васьмігранным барабане. Вертыкальна ашаляваныя фасады расчлянёны падвойнымі арачнымі вокнамі з брусамі-сцяжкамі па баках і аперазаны шырокім карнізам. Ва ўнутранай прасторы дамінуе высокі цэнтральны неф, адмежаваны ад бакавых высокімі аркадамі на пяці парах слупоў і расчынены ў апсіду і крылы трансепта шырокімі арачнымі прасветамі. Над вузкім нартэксам на двух слупах галерэя хораў з арганам. Нефы і тарцы трансепта завершаныя высокамастацкімі драўлянымі алтарамі, выкананымі ў XVIII ст. ў стылі ракако: пілястры і каланады нясуць моцна крапаваныя антаблементы, на якіх узвышаюцца фігурныя шчыты з бакавымі валютамі, фігуркамі пуцці і дэкаратыўнымі вазамі.

Святыня мае галоўны алтар Адэльскай Божай Маці. Іншыя алтары (з левага боку): Сэрца Езуса, Перамянення Пана, св. Антонія Падуанскага і Шкаплернай Божай Маці. У алтарах творы жывапісу XVIII ст.

Брама і званіца

Перад касцёлам трохарачная стральчатая брама і двух’ярусная чацверыковая шатровая званіца з бутавага каменю.

Літаратура

Спасылкі

slowo.grodnensis.by

Катэгорыя:Адэльск Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскага раёна Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Драўляныя касцёлы Беларусі Катэгорыя:Касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі