Касцёл Святой Троіцы — помнік архітэктуры пачатку XVIII стагоддзя.
Гісторыя Пабудаваны ў 1713—1714 гг. Крыштафам і Ядвігай Зяновічамі ў в. Засвір Мядзельскага раёна ў стылі барока.
Кляштар кармелітаў дзейнічаў у 1697—1831 гг., парафія існуе з 1832 г.
У 1865—1920 гадах касцёл перабудаваны пад царкву. Касцёл адноўлены ў 1990 годзе. Комплекс занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
Архітэктура
Касцёл — мураваны аднанефны храм з дзвюхвежавым галоўным фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім двухсхільным дахам (над апсідай паніжаны і пераходзіць у конусападобны). У цэнтры да галоўнага фасада прылягае невялікая паўкруглая прыбудова, якая мае рысы абарончага збудавання. Дэкаратыўная аздоба сканцэнтраваная на галоўным фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. Аконныя праёмы з лучковымі завяршэннямі. Неф перакрыты драўляным корабавым скляпеннем.
З поўначы да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане аднапавярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. Планіроўка калідорная, памяшканні перакрыты крыжовымі скляпеннямі. У баку ад касцёлу стаіць невялікая мураваная брама і вежа-званіца — квадратны ў плане будынак на бутавым цокалі, накрыты чатырохсхільным шатром.
Па восі вежы ўсталяваны слуп, у кожнае рабро якога, паступова падымаючыся ўгару, урэзаны ступені з тоўстых плах, якія пашыраюцца па меры аддалення ад восі, а таксама падступёнкіДрэва ў помніках архітэктуры Беларусі. Сяргей Сергачоў.
Літаратура
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 135.
Спасылкі
Катэгорыя:Засвір Катэгорыя:Касцёлы Мядзельскага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі сармацкага барока Катэгорыя:1714 год у Беларусі Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі