Царква Святога Міхаіла Архангела — праваслаўны храм у в. Ізабелін (Ваўкавыскі раён). Помнік архітэктуры барока. Пабудаваная ў другой палове XVIII ст. як касцёл (з 1863 г. царква).
Архітэктура Прамавугольны ў плане мураваны аб’ём накрыты двухсхільным дахам. У трохвугольны франтон галоўнага фасада «ўрэзана» аднаярусная чацверыковая званіца з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай у завяршэнні. Пазбаўленыя дэкору плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і буйнымі лапаткамі, апяразаны нескладанага профілю карнізам. Уваход арганізаваны праз нізкі драўляны прытвор (1924 г.), які парушае стылявое адзінства будынку. У сцяне вузкага скляпеністага ўваходу сходы на другі ярус — памяшканне хораў, якія расчынены ў залу лучковай аркай з балюстрадай. Алтарнае памяшканне вылучанае ў агульнай прасторы зала дугамі бакавых капітальных сцен.
Інтэр’ер Абразы 18 ст.: «Зняцце з крыжа», «Параскева Шматпакутніца», «Укрыжаванне» (1796, мастак Антоній Лукашэвіч), «Тайная вячэра», «Спас Нерукатворны», «Уваскрасенне».
Літаратура
Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
Катэгорыя:Ізабелін (Ваўкавыскі раён) Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Ваўкавыскага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:З’явіліся ў XVIII стагоддзі Катэгорыя:Храмы Гродзенскай і Ваўкавыскай епархіі Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Беларусі