Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пабудаваны ў другой палове ХІХ стагоддзя ў в. Канстанцінава Мядзельскага раёна.
Архітэктура
Прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. З усходняга боку далучаны кубападобны аб'ём апсіды з нізкай бакавой сакрысціяй. Цэнтр галоўнага атынкаванага фасада вылучаны рызалітам з трохвугольным франтонам у завяршэнні, прамавугольным уваходным парталам з лучковым франтонам і фігурнай люкарнай над ім. Над дахам з боку галоўнага фасада гранёная вежа-званіца з арачнымі праёмамі і шатровым завяршэннем, над алтарным аб'ёмам ліхтар. На фоне бутавай муроўкі бакавых сцен вылучаюцца простыя атынкаваныя ліштвы арачных акон і люкарнаў, руставаныя кутнія пілястры.
Вакол касцёла бутавая агароджа з арачнай брамай.
Інтэр'ер
Унутраная прастора падзеленая аркадамі на тры нефы, якія перакрытыя плоскай столлю. У высокі цэнтральны неф выступае на двух слупах галерэя хораў з арганам; прамавугольнае алтарнае памяшканне раскрываецца шырокім арачным парталам з дзвюма калонамі. У інтэр'еры драўляны амбон.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:Канстанцінава (Свірскі сельсавет) Катэгорыя:Касцёлы Мядзельскага раёна Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі