Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі — помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў в. Касцяневічы Вілейскага раёна.
Архітэктура
Прамавугольны ў плане будынак накрыты высокім двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Сцены апрацаваныя плоскімі пілястрамі. Галоўны фасад завершаны атыкавым франтонам складанай формы з паўцыркульным аконным праёмам. Франтон упрыгожаны валютамі, пілястрамі, шматслаёвым карнізам. Уваходны партал і аконныя праёмы лучковыя. Да ўсходняга фасада далучаная прыбудова, накрытая стромкім двухсхільным дахам з атыкавым барочным франтонам над уваходам.
Інтэр'ер
Унутраная прастора перакрытая каробчатай столлю. Падлога выкладзеная каляровай мазаікай. Сцены аздобленыя двухслаёвымі пілястрамі. Алтар сіметрычнай кампазіцыі з вялікай паўцыркульнай нішай у цэнтры, аздоблены шасцю паўкруглымі калонамі з іанічнымі капітэлямі, якія падтрымліваюць шматслойны карніз. Паміж калонамі гіпсавая пафарбаваная скульптура. На невысокія драўляныя хоры вядзе бакавая лесвіца.
Ахова
Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.
У мастацтве
У 2013 годзе Белпошта выпусціла паштовую картку з арыгінальнай маркай, на якой знаходзіцца касцёл у Касцяневічах.
Гл. таксама Вілейскі дэканат
Літаратура
Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 265.
Спасылкі
Катэгорыя:Касцяневічы Катэгорыя:З’явіліся ў 1763 годзе Катэгорыя:Касцёлы Вілейскага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі барока Катэгорыя:1763 год у Беларусі Катэгорыя:Касцёлы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі