Свята-Пакроўская царква — праваслаўны храм у вёсцы Кішчыцы Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі.
Гісторыя Пабудавана ў 1845 годзе з цэглы на месцы храма 1740 года.
Архітэктура Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю з рысамі класіцызму. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма развітая па падоўжнай восі. Цэнтральны квадратны ў плане аб’ём накрыты пакатым шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Яго фасады завершаныя кілепадобнымі франтонамі. Трох’ярусная вежа-званіца, прыбудаваная з боку галоўнага фасада, накрытая шатровым дахам з галоўкай. Прамавугольныя аб’ёмы бабінца і апсіды накрытыя двухсхільнымі дахамі. Сцены будынка прарэзаныя вялікімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі.
У дэкаратыўным аздабленні фасадаў выкарыстаныя пілястры, франтоны, сандрыкі, нішы, прафіляваныя карнізы і інш. Ва ўнутранай прасторы царквы дамінуе зала, якая перакрытая самкнутым скляпеннем на папружных арках. Пакрыцці астатніх аб’ёмаў цыліндрычныя. Аб’ём ніжняга ярусу званіцы падзелены сценамі на тры памяшканні: у левым зробленая двухмаршавая лесвіца, якая вядзе на верхнія ярусы, сярэдняе — тамбур-прытвор, правае прыстасавана для гаспадарчых патрэб.
Унутры малітоўная зала перакрыта самкнутым скляпеннем на папружных арках, астатнія памяшканні — цыліндрычнымі. Прытвор прасценкамі расчлянёны на ўваходны тамбур і бакавыя прасвірню і лесвічную клетку.
Літаратура — С. 241 — С. 386 Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.
Спасылкі
Катэгорыя:Кішчыцы Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Дрыбінскага раёна Катэгорыя:1845 год у Беларусі Катэгорыя:Храмы Магілёўскай і Мсціслаўскай епархіі