Бе́ла-чырво́на-бе́лы сцяг — дзяржаўны сцяг Беларусі (19 верасня 1991 — 7 чэрвеня 1995), адзін з нацыянальных сімвалаў беларусаў.

Часам стварэння эскіза сучаснага сцяга лічаць 1917 год, а аўтарам — Клаўдзія Дуж-Душэўскага. Аднак выкарыстанне беларусамі бела-чырвона-белага сцяга вядома з ранейшых гадоў. Хуткае ўспрыняцце сцяга як нацыянальнага тлумачаць яго адпаведнасцю колеравай гаме народнай традыцыі і мастацкаму густу — чырвоныя элементы на белай аснове лічаць самым распаўсюджаным спалучэннем у беларускім арнаменце.

Паходжанне Сцягі як апазнавальныя знакі вядомы са старажытнасці, але ўяўленні, што дзяржава павінна мець сцяг, павольна складаліся на працягу XVI—XVIII ст. У Еўропе таго часу даволі звыклым было ўжыванне для сцягоў гербавых колераў валадарных дынастый, бо дзяржавы атаяснялі найперш з імі. Так, сцягі Нідэрландаў з канца XVI ст. былі гербавых колераў прынца Аранскага — аранжавага, белага і сіняга; сцягі Аўстрыйскага эрцгерцагства — колераў Бабенбергаў, чырвона-бела-чырвоныя, Прусіі — Гогенцолернаў, белага і чорнага. У Швецыі пры дынастыі Вазаў з XVI ст. пачалі ўжываць сцяг колераў не дынастычнага, а дзяржаўнага гербу — залатога (жоўтага) і блакітнага. З канца XVI ст. Вазы былі каралямі польскімі і вялікімі князямі літоўскімі, тады і ў Рэчы Паспалітай пачалі ўжываць сцягі гербавых колераў — сярэбранага (белага) і чырвонага. Праз аднолькавую колеравую схему гербаў Кароны («Белага Арла») і Княства («Пагоні») немагчыма пэўна падзяліць паміж імі гэтую традыцыю. Пры каралю Жыгімонту Вазе ўжываўся трохпалосны чырвона-бела-чырвоны сцяг, пры яго сыне, каралю Уладзіславу Вазе — чатырохпалосны чырвона-бела-чырвона-белы. Наконт апошняга выказвалі думку, што ён адлюстроўвае колеры менавіта двух гербаў — польскага і вялікалітоўскага, хоць яны і тоесныя. Аднак, да згасання дынастыі Вазаў сцяг з чаргаваннем палос не стаў дзяржаўным ні ў Кароне, ні ў Княстве.

злева|міні|Сцяжок-флюгер на дзідах саюзніцкай кавалерыі ў бітве пад Оршай (1514).

Ранейшае ўжыванне сцягоў са спалучэннем белых і чырвоных палос не вядома з крыніц. Звесткі пра выкарыстанне белага сцяга з простым чырвоным крыжам вялікім князем Вітаўтам, калі слушныя, тычацца сцяга з крыжам Святога Юрыя, вельмі папулярнага ў Еўропе. Такі сцяг стаў дзяржаўным у Англіі, а інвертаваны — у Даніі. Часта пад ім выступалі атрады наёмнікаў, у бітве пад Грунвальдам (1410) харугвы пад георгіеўскімі сцягамі былі з абодвух бакоў — чэшскіх наёмнікаў у арміі саюзнікаў і «гасцёў» у ордэнскай арміі. Да гэтай агульнаеўрапейскай традыцыі, напэўна, належаць сцяжкі на дзідах саюзных войскаў у бітве пад Оршай (1514), паказаныя на карціне «Бітва пад Оршай» (1520). Вядома, што ў бітве брала ўдзел польская наёмная цяжкая кавалерыя, роўна яна выяўлена на карціне з георгіеўскімі сцяжкамі і выступае пад вялікай чырвонай харугвай, побач з такімі ж сцяжкамі атрад гусарыі выступае пад чырвонай харугвай з белым арлом. Такім чынам, нягледзячы на колеры, няма падстаў далучаць ужыванне белых сцягоў з простым чырвоным крыжам да традыцыі сцягоў са спалучэннем белых і чырвоных палос.

За вазаўскі час, напэўна, склалася традыцыя бела-чырвоных апазнавальных сцягоў, з палосамі як гарызантальнымі, так вертыкальнымі і клеткай. У XVI—XVIII ст. пад бела-чырвона-белым сцягам з паўмесяцам і зоркай выступала харугва літоўскіх татар, напэўна, таму ў пазнейшым кітабе мог сцвярджацца, паводле Івана і Антона Луцкевіча, іх удзел пад такім сцягам у бітве пад Грунвальдам (1410), але іншыя даследчыкі гэты кітаб не выявілі. Сцяжкі бела-чырвоных колераў ужывала гусарыя ў XVII—XVIII ст. і іншыя падраздзяленні войскаў Кароны і Княства. Пазней белыя і чырвоныя палосы ўжываліся ў расійскай вексілалогіі і геральдыцы датычна «літоўскіх» губерняў.

Масавае стварэнне дзяржаўных сцягоў пачалося з канца XVIII ст. праз змены грамадскай свядомасці пасля Вялікай французскай рэвалюцыі, калі дзяржавы пачалі атаясняцца не з валадарнымі дынастыямі, а з насельніцтвам — тады з’явіліся французскі, бельгійскі, ламбардскі (цяперашні італьянскі), іспанскі, нарвежскі, амерыканскі сцягі. Тады ж склалася і ідэя сцяга ў цяперашнім разуменні, як увасаблення дзяржаўнай незалежнасці. У XIX ст. сцяг быў сярод атрыбутаў кожнага нацыянальна-вызваленчага руху — як антыасманскага паўстання ў Грэцыі (1821) ці антырасійскага паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі (1831). Менавіта ў паўстанне 1831 года на аснове гербавых колераў склаліся ўяўленні пра польскі сцяг. Многія еўрапейскія нацыі ў ХІХ ст. не мелі ўласнай дзяржаўнасці, таму ў гэты час узнікае і паняцце нацыянальнага сцяга, як сцяга нацыі, якая прэтэндуе на ўласную дзяржаўнасць. Такім быў і польскі бела-чырвоны сцяг, і эстонскі сіне-чорна-белы (вядомы з 1881). Ёсць думка, што побач сцяга з «Пагоняй» падчас паўстання 1863—1864 гадоў пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага ўжываўся і бела-чырвона-белы сцяг, асобнік захоўваецца ў Нацыянальным музеі Літвы, аднак пацверджанняў шырокага ўжытку няма.

Напэўна, вытокі бела-чырвона-белага сцяга як нацыянальнага беларускага знаходзяцца ў часе складання беларускай нацыянальнай ідэі. У сярэдзіне ХІХ ст. да яе прыходзілі асобныя прадстаўнікі інтэлігенцыі, а перыяд складання прыпадае на канец XIX — пачатак XX ст. На час пасля Першай сусветнай вайны, калі з’явіўся шэраг новых незалежных дзяржаў, прыпадае і наступная хваля з’яўлення сцягоў, менавіта тады як дзяржаўныя былі зацверджаны польскі, эстонскі, цяперашні германскі (вядомы з 1832), літоўскі, югаслаўскі і іншыя сцягі. Пры гэтым можна прасачыць пераемнасць некаторых традыцыйных для пэўнага этнасу геральдычных выяў, колераў і спалучэнняў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года многія народы Расійскай імперыі абвясцілі свае правы на самавызначэнне, беларусы таксама заявілі пра самастойнасць — 25-27 сакавіка 1917 года ў Мінску адбыўся з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый, які сфарміраваў Беларускі нацыянальны камітэт і даручыў яму ў кантакце з Часовым урадам распрацаваць пытанні аўтаноміі Беларусі. Тады быў бы натуральным і сцяг як увасабленне ідэі беларускай дзяржаўнасці, што і адбылося, але само стварэнне і час дакументамі не зафіксаваны, пра іх сведчаць успаміны ўдзельнікаў, запісаныя праз дзесяцігоддзі.

Часта ў літаратуры датай стварэння сцяга даецца 25 сакавіка 1917 года«Флаг-бюлетэнь» (ЗША); «Флагі і гербы свету» Геслера (ФРГ), што пэўна не правамерна. Згадкі ўжывання бела-чырвона-белага сцяга беларусамі як нацыянальнай сімволікі вядомы з 1905, 1909 і 1912 гадоў. Аўтарам эскіза сучаснага сцяга, зацверджанага ў 1917 годзе, лічыцца інжынер Клаўдзій Дуж-Душэўскі, інфармацыя паходзіць з яго ўспамінаў і цяпер агульнапрынятая, але патрабуе праверкі іншымі крыніцамі. Няма пэўнасці ці ведаў Дуж-Душэўскі ранейшую вексілалагічную традыцыю і папярэдняе ўжыванне сцяга нацыянальным рухам, але ва ўспамінах 1934 года ён адсылае яго колеры проста да «Пагоні»:

Хуткае ўспрыняцце бела-чырвона-белага сцяга як нацыянальнага, напэўна, таксама можна тлумачыць яго адпаведнасцю сімволіцы колераў і колеравай гаме ў народнай традыцыі і мастацкім гусце. Белы і чырвоны характэрны беларускай традыцыйнай культуры, чырвоныя элементы на белай аснове лічацца самым распаўсюджаным спалучэннем у беларускім арнаменце. Вытокі гэтых традыцый некаторыя даследчыкі бачаць у племянных часах славянскіх народаў і нават у светаўяўленнях старажытных індаеўрапейцаў, але крыніцы падобных сцвярджэнняў застаюцца невядомымі.

Выкарыстанне

Пачатак нацыянальнага руху. Беларуская Народная Рэспубліка

Бела-чырвона-белая сімволіка актыўна ўжывалася беларускім нацыянальным рухам канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. У 1909—1912 гадах стужкі гэтых колераў ужываліся студэнтамі-беларусамі ў Санкт-Пецярбургу. У 1909—1917 гадах ім карысталіся некаторыя беларускія дэмакратычныя і незалежніцкія арганізацыі. У 1916 годзе бела-чырвона-белы сцяг мела арганізацыя «Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі» пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года бела-чырвона-белым сцягам усё часцей карысталіся як сцягам беларусаў наогул. У сакавіку 1917 года значкі з малюнкам бел-чырвона-белага сцяга ўжо прадаваліся ў Мінску. 5 жніўня 1917 года на 1-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый у Мінску было пастаноўлена, што ўсе вайскоўцы-беларусы ў Рускай імператарскай арміі мусяць насіць бела-чырвона-белую стужку як дадатковы знак адрознення. Пад бела-чырвона-белымі сцягамі праходзілі з’езды беларускіх вайскоўцаў на франтах, у прыватнасці з’езд беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага фронту ў Віцебску (кастрычнік 1917). 7 снежня 1917 года пад бела-чырвона-белымі сцягаміЛяшко М. На АНТ расказалі пра Першы Усебеларускі з’езд, але абрэзалі бела-чырвона-белы сцяг, Наша Ніва, 11 снежня 2017 г. ў Мінску адкрыўся Першы Усебеларускі з’езд, 18 снежня а 3-й гадзіне ночы разагнаны бальшавікамі. У часе адкрыцця з’езда бальшавік Людвіг Рэзаўскі запатрабаваў зняць бела-чырвона-белы сцяг і замяніць на сцяг чырвонага інтэрнацыяналу, дэлегаты абурыліся і два матросы пад рукі вывелі Рэзаўскага з залы, а сябра складу старэйшын з’езда генерал-лейтэнант Канстанцін Аляксееўскі падышоў да трыбуны і пацалаваў сцяг. Напэўна з часу з’езда бела-чырвона-белы сцяг успрымаўся ў масавай свядомасці як нацыянальны сцяг беларусаў.

Бела-чырвона-белы сцяг да канца студзеня 1918 года вісеў на будынку Цэнтральнай беларускай вайсковай рады ў Менску на вуліцы Паліцэйскай. На фотаздымку з Беларускай канферэнцыі 1918 года ў Вільні відаць бела-чырвона-белыя сцягі з вузкімі чорнымі палосамі абапал чырвонай паласы. Выказвалася думка, што палосы могуць быць цёмна-чырвонымі, але на чорна-белым фотаздымку ў такім выпадку не было рэзкага кантрасту паміж колерамі. Бела-чырвона-белым сцягам карыстаўся Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда ў Мінску да прыходу германскіх войскаў (18—25 лютага 1918). 19 лютага 1918 года, па выгнанні бальшавікоў з Менску, бела-чырвона-белы сцяг быў змешчаны на будынку Народнага Сакратарыята БеларусіЛатышонак А. Дзяржаўная сімволіка Беларускай Народнай Рэспублікі // Салдаты БНР. — Беласток-Вільня, 2009.. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі карыстаўся сцягам як дзяржаўным, хоць фармальна зацверджаны ён быў толькі 5 жніўня 1918 года, а абвешчаны ў верасні 1918 года. Былі і іншыя праекты дзяржаўнага сцяга, а таксама варыяцыі на аснове бела-чырвона-белага.

У 1920 годзе сцягам як нацыянальным і дзяржаўным карысталіся кіраўніцтва Слуцкага паўстання і вайсковыя фарміраванні Булак-Балаховіча. У 1920 годзе ён стаў сцягам Беларускага асобнага батальёна ў складзе арміі Літвы (пасля далучэння Літвы да СССР сцяг канфіскаваны НКУС). У 1920—1922 гадах факт існавання беларускага бела-чырвона-белага сцяга перашкодзіў праекту , які прапаноўваў падобны сцяг як дзяржаўны для незалежнай Латвіі.

Міжваенны перыяд

БССР

У 1924—1928 гадах БССР фактычна не мела дзяржаўнага сцяга. Паводле ўспамінаў удзельнікаў канферэнцыі па рэформе беларускай мовы ў 1926 годзе, памяшканне ў Менску, дзе яна праводзілася, упрыгожвала бела-чырвона-белае сонца з пяццю бела-чырвона-белымі прамянямі. У 1927 годзе абмяркоўваўся праект герба БССР, які агулам паўтараў герб СССР, але меў бела-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцый, аднак Прэзідыум ЦВК урэшце пастанавіў зрабіць стужку чырвонай. Пры гэтым узорам для афіцыйна прынятай сімволікі БССР стала савецкая сімволіка Расіі.

Заходняя Беларусь У 1921—1939 гадах бела-чырвона-белы сцяг актыўна ўжываўся нацыянальна-вызваленчым рухам у акупаванай Польшчай Заходняй Беларусі, як палітычнымі партыямі — Беларуская хрысціянская дэмакратыя, БСРГ, КПЗБ (напэўна, з палітычных меркаванняў), так і непалітычнымі арганізацыямі — Таварыства беларускай школы. Беларуская нацыянальная сімволіка ўжывалася ва ўсіх беларускіх школах і гімназіях, на мітынгах рабочых, беларускім студэнцтвам. Швадрон (конная рота) уланаў арміі міжваеннай Польскай Рэспублікі, у якім служылі беларуска-літоўскія татары, меў двузубы белы вымпел з гарызантальнай чырвонай паласой, на якой размяшчаліся зялёная зорка і паўмесяц.