Беларускі арабскі алфавіт (таксама нефармальна беларуская арабіца) – прыстасаваная да беларускай мовы сістэма арабскага пісьма, якой карысталіся татары Вялікага Княства Літоўскага ў сваёй рукапіснай традыцыі. Яе фарміраванне было звязана з паступовым пераходам татарскага насельніцтва ВКЛ ад цюркскіх моў да мясцовых славянскіх. Антон Антановіч на падставе звестак 1557–1558 гадоў меркаваў, што першыя беларускія тэксты арабскім пісьмом маглі ўзнікнуць не пазней за сярэдзіну XVI стагоддзя. У навуковай літаратуры выказвалася таксама гіпотэза, што выкарыстанне арабскага пісьма для славянскай мовы татараў магло пачацца ўжо ў XV стагоддзі.
Беларускі арабскі алфавіт быў часткай шырэйшай шматмоўнай пісьмовай культуры татараў ВКЛ. У адных і тых жа рукапісных зборніках змяшчаліся тэксты на беларускай, польскай, арабскай і цюркскіх мовах; вядомы таксама тэксты з рознай ступенню беларуска-польскага моўнага змяшэння. Графічныя сістэмы беларускіх і польскіх тэкстаў былі вельмі блізкія, паколькі абедзве развіваліся, перапісваліся і чыталіся ў адным татарска-мусульманскім асяроддзі.
У аснове сістэмы ляжалі 28 літар класічнага арабскага алфавіта; разам з імі выкарыстоўваліся графемы, раней уведзеныя ў арабскае пісьмо іранцамі і цюркамі, а таксама дадатковыя знакі, створаныя татарамі ВКЛ для перадачы гукаў славянскіх моў. Графіка і арфаграфія не былі цалкам уніфікаваныя: спосабы абазначэння асобных гукаў змяняліся ў часе, адрозніваліся паміж рукапісамі і маглі залежаць ад рэгіёна, моўных асаблівасцей пісца і яго знаёмства з іншымі арабскаграфічнымі пісьмовымі традыцыямі. Беларускамоўныя тэксты арабскім пісьмом вядомы ў рукапісах XVII–XX стагоддзяў.
Назва і тэрміналогія
У сучасным навуковым ці энцыклапедычным апісанні найбольш нейтральнай назвай самой графічнай сістэмы з'яўляецца беларускі арабскі алфавіт. Яна непасрэдна вызначае мову і графічную аснову сістэмы і адпавядае традыцыйнай навуковай тэрміналогіі, у якой выкарыстоўваюцца назвы арабскае пісьмо, арабскі алфавіт, беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, а ў сучасных даследаваннях – таксама арабскаграфічныя тэксты і арабскаграфічнае пісьменства.Параўн.: Несцяровіч В. І. Арабскае пісьмо // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. – Мінск, 1984. – Т. 1. – С. 154–155; Кітабы // Беларуская мова: энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. – С. 261; ; . Яўхім Карскі ў 1922 годзе назваў свой артыкул пра гэтыя помнікі «Беларуская мова арабскім пісьмом», Ян Станкевіч у 1933 годзе – «Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом», а фундаментальная манаграфія Антона Антановіча 1968 года мела назву «Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система».
У ранніх спробах апісання беларускага арабскага алфавіта для арабскіх літар выкарыстоўвалася слова арабістыка. Іван Луцкевіч ужыў яго ў артыкуле «Ай – Кітаб – Кіцёп», надрукаваным у часопісе «Варта» ў 1918 годзе, называючы знойдзены ім беларускі тэкст «пісаным арабістыкай».Луцкевіч І. Ай – Кітаб – Кіцёп // Варта. – 1918. – № 1. – С. 23–24. У падобным значэнні слова выкарыстоўваў у 1921 годзе і Антон Луцкевіч, які пісаў пра «Ай-Кітаб», «пісаны больш багатай у знакі арабістыкай».Луцкевіч А. Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры. – 1921. У далейшай навуковай тэрміналогіі такое значэнне слова арабістыка не замацавалася; цяпер ім называюць галіну ўсходазнаўства, якая вывучае арабскую мову, гісторыю і культуру арабскіх народаў.
Назва арабіца засведчана ў беларускім эміграцыйным друку прынамсі з 1970-х гадоў. Вітаўт Тумаш, які апублікаваў пад псеўданімам Рыгор Максімовіч артыкул «Дыпляматычная кантравэрсыя 1646 году за беларускую мову» ў № 12 «Запісаў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва», адзначаў, што татарскія рэлігійныя кнігі былі «пісаныя літарамі арабскімі, арабіцай, але мовай беларускай».Максімовіч Р. [Тумаш В.] Дыпляматычная кантравэрсыя 1646 году за беларускую мову // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. – № 12. – С. 14–21; перадрук: Спадчына. – 1997. – № 2. – С. 192–200. У электронных бібліяграфічных апісаннях № 12 датуецца 1974 або 1975 годам.
Слова арабіца ўтворана ад асновы араб- паводле словаўтваральнай мадэлі назваў графічных сістэм кірыліца, лацініца. Менавіта так яго матываваў Віктар Несцяровіч у 2001 годзе, падкрэсліваючы празрыстасць такой назвы для неспецыяліста.Несцяровіч В. Дакладней пра кітабы // Наша Ніва. – 30 ліпеня 2001. – № 31 (240). Па сваёй форме назва суадносіцца таксама з падобнымі славянскімі назвамі арабаграфічных сістэм, у тым ліку баснійскай арэбіцай (часам таксама называнай арабіцай), аднак непасрэдных сведчанняў, што беларускае слова было запазычана менавіта з паўднёваславянскай традыцыі, няма.
Пры гэтым арабіца не стала асноўным тэрмінам беларускага навуковага мовазнаўства. Яе няма як асобнага тэрміна ў Беларускай мове. Энцыклапедыі (1994) і Беларускай Энцыклапедыі, дзе адпаведная з'ява апісваецца словамі арабскае пісьмо і арабскі алфавіт, і яна не зафіксавана як асобная слоўнікавая адзінка ў асноўных акадэмічных тлумачальных слоўніках беларускай мовы.Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, 1977–1984; Слоўнік беларускай мовы / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы. – Мінск: Беларуская навука, 2012; Беларуская мова: энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. У энцыклапедычным артыкуле Віктара Несцяровіча 1984 года выкарыстоўвалася назва «Арабскае пісьмо», а ў асноўных працах Яўхіма Карскага, Яна Станкевіча і Антона Антановіча – апісальныя назвы з кампанентам арабскае пісьмо. Таму арабіца можа разглядацца як гістарычна засведчаная нефармальная назва, якая пазней пашырылася ў публіцыстыцы, навукова-папулярных матэрыялах і інтэрнэце, але не выцесніла нейтральнай тэрміналогіі навуковай літаратуры.
У 2001 годзе Сяргей Богдан і В. Гушча прапанавалі замест арабіцы назву аліф. Яны спасылаліся на Кітаб Хасяневіча, дзе сустракаецца фармулёўка «ў аліфе 28 харфаў», і разумелі аліф як назву татарскага арабскага алфавіта.Богдан С., Гушча В. Аліф // Наша Ніва. – 2 мая 2001. – № 18 (227). Віктар Несцяровіч запярэчыў такой інтэрпрэтацыі: паводле яго, аліфам у гэтым месцы кітаба названы ўласна класічны арабскі алфавіт з 28 літарамі, без дадатковых знакаў, ужываных для беларускай фанетыкі. Прапанова аліф шырокага распаўсюджання не атрымала.
Такім чынам, у розныя часы ў беларускай традыцыі выкарыстоўваліся або прапаноўваліся назвы арабістыка, арабіца і аліф, аднак у навуковым апісанні найбольш устойлівымі засталіся тэрміны арабскае пісьмо, арабскі алфавіт, арабскаграфічнае пісьменства і, для самой беларускай графічнай сістэмы, беларускі арабскі алфавіт.
Гісторыя і паходжанне Узнікненне беларускіх тэкстаў арабскім пісьмом звязана з татарамі, якія пасяліліся ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV—XV стагоддзях. Частка іх трапіла сюды як ваеннапалонныя, іншыя былі добраахвотнымі перасяленцамі; пазней татарскія паселішчы сталі сталай часткай этнічнай і канфесійнай структуры дзяржавы.
Пераход татар ВКЛ ад родных цюркскіх гаворак да славянскіх адбываўся паступова і неадначасова. Звесткі «Рысале-і татар-і лех» 1557—1558 гадоў дазволілі меркаваць, што значная частка ранейшых перасяленцаў да сярэдзіны XVI стагоддзя ўжо карысталася беларускай мовай; разам з тым іншыя крыніцы сведчаць пра захаванне цюркскай мовы ў часткі татар і пазней. Сынкова вызначае мяжу XVI—XVII стагоддзяў як важны этап моўнага пераходу і адзначае, што да нас дайшлі славянскамоўныя татарскія тэксты, якія маглі быць створаны ўжо ў канцы XVI стагоддзя.
Беларуская мова стала не толькі мовай штодзённых зносін часткі татар, але і мовай перакладаў і тлумачэнняў рэлігійных тэкстаў. Пры гэтым арабская заставалася мовай Карана, малітваў і мусульманскага культу, а ў рукапіснай культуры працягвалі функцыянаваць і цюркскія тэксты. Так узнікла шматмоўная рукапісная традыцыя, у якой арабскае пісьмо служыла для некалькіх моў.
Асноўнымі тыпамі рукапісаў былі кітабы — зборнікі рэлігійных, маральна-дыдактычных і апавядальных тэкстаў, хамаілы — зборнікі малітваў і абрадавых тэкстаў, а таксама тэфсіры з перакладамі і тлумачэннямі Карана. Захаваліся таксама тэджвід, рукапісныя Караны з падрадковымі перакладамі, турэцка-беларускі слоўнік-размоўнік і нават свецкі дзелавы дакумент — распіска 1759 года. У даследаваным у 1968 годзе корпусе было апісана 24 рукапісы: 8 кітабаў, 10 хамаілаў, 3 тэфсіры, 1 тэджвід, турэцка-беларускі слоўнік-размоўнік і дзелавы дакумент; тры з іх адносіліся да XVII, дзевяць — да XVIII, адзінаццаць — да XIX і адзін — да XX стагоддзя.
Турэцка-беларускі слоўнік-размоўнік першай паловы XIX стагоддзя асабліва паказальны для функцый беларускай мовы ў татарскім асяроддзі. Яго беларускі матэрыял адлюстроўвае народна-размоўную мову Слоніма і наваколля, а сам факт складання такога дапаможніка сведчыць, што беларуская выкарыстоўвалася не толькі пры перапісванні рэлігійнай літаратуры, але і як мова-пасярэднік пры вывучэнні турэцкай.
Беларускія і польскія тэксты маглі знаходзіцца ў адным рукапісе і нават быць перапісаны адной рукой. Сустракаюцца тэксты, у якіх беларускую і польскую аснову цяжка строга размежаваць: у польскіх паводле асновы тэкстах маглі выступаць беларускія асаблівасці, а ў беларускіх — паланізмы. Таму беларускую арабіцу варта разглядаць як беларускую частку шырэйшай арабскаграфічнай рукапіснай культуры татар ВКЛ, а не як ізаляваную ад польскамоўнай традыцыі сістэму.
У вядомых даследчыку рукапісах XVII стагоддзя беларускія тэксты колькасна пераважалі, прычым у шэрагу з іх польскія моўныя рысы амаль або цалкам адсутнічалі; у XVIII—XIX стагоддзях колькасць польскіх тэкстаў і паланізмаў у беларускіх тэкстах павялічвалася. Разам з тым сучасныя даследаванні тэфсіраў паказваюць, што простая схема «спачатку толькі беларуская, а польская толькі з XVII стагоддзя» патрабуе ўдакладнення: праект TEFSIR разглядае польскі пераклад Карана як твор другой паловы XVI стагоддзя, хоць найранейшы вядомы захаваны рукапісны спіс польскамоўнага тэфсіра паходзіць з XVII стагоддзя.Kulwicka-Kamińska J., Łapicz Cz. Tefsir Tatarów Wielkiego Księstwa Litewskiego: XVI-wieczny przekład Koranu na język polski. Wydanie krytyczne zabytku polskiej kultury narodowej. T. 1—3. Toruń: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2022.
Графіка-арфаграфічная сістэма на працягу свайго існавання змянялася, аднак гэтыя змены не зводзяцца да простай замены «марфалагічнага» правапісу «фанетычным». Адрозненні паміж рукапісамі залежалі ад часу іх стварэння, рэгіёна, індывідуальнай практыкі перапісчыка і ўплыву вядомых яму арабскай або турэцкай арфаграфічных сістэм. У адных рукапісах напісанне было даволі паслядоўным, у іншых адны і тыя ж гукі маглі перадавацца некалькімі спосабамі.
Дыялектныя асаблівасці таксама не былі аднолькавымі для ўсёй рукапіснай спадчыны. У асобных помніках выяўляюцца рысы паўднёва-заходніх беларускіх гаворак, у іншых — гаворак на паўднёва-заходняй ускраіне полацкай групы і паўночна-заходняй ускраіне сярэднебеларускіх гаворак; з дыялектнай лакалізацыяй у некаторых выпадках суадносіліся нават спосабы абазначэння пачатковых галосных. Некаторыя слонімскія рукапісы XIX стагоддзя, напрыклад, выяўляюць рысы гродзенска-баранавіцкай групы гаворак.
Гісторыя даследавання Першым еўрапейскім вучоным, які апісаў рукапіс літоўскіх татар, быў нямецкі ўсходазнавец Х. О. Фляйшэр: у 1838 годзе ён апублікаваў апісанне хамаіла. Аднак ён не распазнаў у поўнай меры характар татарскай пісьменнасці на беларускай мове, таму адкрыццё для навукі беларуска- і польскамоўнай татарска-мусульманскай рукапіснай традыцыі звычайна звязваюць з Антонам Мухлінскім.