Белару́скі лаці́нскі алфаві́т або «Белару́ская лаці́нка» (ва ўласным запісе — «Biełaruskaja łacinka») — варыянт лацінскага алфавіта, прыстасаванага для запісу беларускай мовы.

У XXI ст. у сучаснай форме ўжываецца некаторымі пісьменнікамі, некаторымі вытворцамі ў дызайне ўпакоўкі прадукцыі, карыстальнікамі інтэрнэту. Ёсць праграмы-«лацінізатары» тэкстаў, дзякуючы якім, напрыклад, анлайн-газету «Наша Ніва» можна чытаць і на беларускай лацінцы. Нярэдка лацінкай перадаюць тэксты каталіцкага зместу — напрыклад, на памятных дошках у некаторых касцёлах, напрыклад, у Чырвоным касцёле.

Алфавіт За час існавання лацінкі яе алфавіт неаднаразова змяняўся. Сучасны алфавіт беларускай лацінкі, які ўжываецца з першай паловы 1940-х гадоў, выглядае наступным чынам: Aa Bb Cc Ćć Čč Dd Dz dz Dź dź Dž dž Ee Ff Gg Hh Ch ch Ii Jj Kk Ll Łł Mm Nn Ńń Oo Pp Rr Ss Śś Šš Tt Uu Ŭŭ Vv Yy Zz Źź Žž

Гісторыя

У Сярэднявеччы (XVI ст.) з’явіліся першыя вядомыя запісы беларускага тэксту лацінскім пісьмом з патрэбы ўключаць старабеларускія цытаты ў польскія і лацінскія тэксты. Гэта былі некадыфікаваныя запісы, і, відавочна, яны рабіліся з выкарыстаннем правілаў польскай арфаграфіі над старабеларускімі гукамі. Ужо на ранняй стадыі развіцця старабеларускае пісьмо лацінскім алфавітам не было абмежавана толькі дакументамі на паперы або пергаменце, але выкарыстоўвалася таксама для шырокага спектру іншых афіцыйных і публічных функцый. Так, звон з Моладава (цяпер Іванаўскі раён, Брэсцкая вобласць), адліты ў 1583 годзе, аздоблены надпісам старабеларускай лацінкай (MARƵIN HOFMAN MNIE SLIWAL ROKV 1583), які кажа пра тое, што звон адліў Марцін Гофман у 1583 годзе.

У XVII ст. паступова пашырылася выкарыстанне лацінскага пісьма, паралельна з кірылічным, беларускімі рыма-католікамі.

У XVIII ст. лацінскім пісьмом, паралельна з кірылічным, карысталіся ў некаторых літаратурных творах, напісаных тагачаснай беларускай мовай. У канцы 2013 года ў Горацкім раёне быў знойдзены курганны могільнік і надмагільны камень, датаваны сярэдзінай XVIII ст., з надпісам зробленым беларускай лацінкай: «Памажы, Госпадзе, Васілю року 1750».

У XIX ст. некаторыя польскія пісьменнікі і беларускія пісьменнікі з польскага культурнага асяроддзя карысталіся лацінскім пісьмом, выключна ці часткова, у сваіх працах, напісаных па-беларуску. Асабліва Ян Чачот, Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Адам Гурыновіч. Рэвалюцыйны дэмакрат Кастусь Каліноўскі друкаваў лацінскім пісьмом беларускамоўную газету «Мужыцкая праўда» (у арыгінале: «Mużyckaja prauda»; 7 нумароў у 1862—1863 гадах). Нелегальнае вершаванае беларускае выданне «Гутарка двух суседаў» — папярэдніца «Мужыцкай праўды» — таксама друкавалася лацінкай і разыходзілася пераважна па Беласточчыне і Гарадзеншчыне. Вядома 6 нумароў «Гутаркі», першы з якіх выйшаў у 1861 годзеНіна Баршчэўская, Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы, Катэдра Беларускай Філялёгіі Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўнівэрсытэт, Варшава 2004..

Дунін-Марцінкевіч спасылаўся на той факт, што бальшыня пісьменных людзей сярод простага люду Беларусі былі пісьменныя менавіта ў сэнсе лацінскага алфавіту.

XX стагоддзе

Звычай лацінскага запісу беларускага тэксту паступова знікаў з ужытку на працягу XX ст., хоць яшчэ ў пачатку XX ст. назіралася суіснаванне двух шрыфтоў. Шматлікія беларускія выданні друкаваліся лацінкай ці часткова лацінкай. Лацінкай выдавалася газета «Наша доля» (1906). «Наша Ніва» (нумары з перыяду 10 лістапада 1906 — 31 кастрычніка 1912) выходзіла асобна і кірыліцай, і лацінкай.

У 1907 годзе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» апублікавала ў Санкт-Пецярбурзе новую «абэцэду» лацінкай, у якім аўтары здзейснілі мадэрнізацыю беларускай лацінскай графікі. Так, аўтары ўвялі літару č замест ранейшай cz, а таксама літары š і ž замест sz і ż. Захаваліся літары ł і w. Іншыя беларускія выдавецтвы ў Вільні, Менску і Санкт-Пецярбурзе таксама пайшлі ўслед за гэтай рэформай. Неўзабаве гэтая форма стала практычна агульнапрынятым стандартам друку, вядомым як «Нашаніўская лацінка».

Зборнікі вершаў Цёткі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» былі надрукаваныя ўжо абноўленай лацінкай. Таксама Цётка зрабіла спробу стварыць пачатковую дзіцячую чытанку па-беларуску лацінкай — «Першае чытанне для дзетак-беларусаў». Першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка» выйшаў у 1908 годзе і быў надрукаваны кірыліцай, а другі ягоны зборнік «Гусляр» (у арыгінале — Huślar) з’явіўся ў 1910 годзе і быў надрукаваны лацінкай. Першы верш Янкі Купалы на беларускай мове — «Мая доля», датуецца 15 ліпеня 1904 года, быў таксама напісаны лацінкай.

У 1914 годзе ў Вільні быў выдадзены зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», на вокладках якога былі змешчаныя спісы кніг, якія можна заказаць у выдавецтве. Сярод 80 выданняў 44 былі даступныя кірыліцай, 20 — лацінкай, а 16 былі выдадзеныя і даступныя абедзвюма графікамі, і таму пры іх заказе таксама трэба было пазначаць, якімі літарамі мусіла быць надрукаванае выданне — «рускімі» ці «лацінскімі»Максим Богданович, Венок. Факсимильное издание, Минск, «Мастацкая літаратура», 1985 г..

На аснове лацінскага алфавіта Баляслаў Пачопка стварыў «Беларускую граматыку» (1915, надрукаваная ў 1918 годзе), але пэўнымі беларускімі мовазнаўцамі (у прыватнасці — Сцяпанам Некрашэвічам) яна лічылася ненавуковай з парушэннямі законаў беларускай мовы.

Пасля заняцця ў часе Першай сусветнай вайны Віленшчыны і Заходняй Беларусі нямецкімі войскамі, за беларускай мовай быў прызнаны афіцыйны статус у пісьмовай форме тагачаснай беларускай лацінкі. Газета «Гоман», якая выходзіла ў Вільні з лютага 1916 да канца 1918 года, напачатку друкавалася кірыліцай, а пазней — кірыліцай і лацінкай. У 1917 годзе нямецкімі ўладамі выдаваліся пашпарты на нямецкай і беларускай мовах (лацінкай).

У 1917 годзе ў Вільні лацінкай выйшла кніга Антона Луцкевіча «Як правільна пісаць па беларуску» («Jak prawilna pisać pa biełarusku»). У 1918 годзе ў Брэславе (Уроцлаў) выйшла выданне «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» («Prosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym») Яна Станкевіча і Рудольфа Абіхта. У ім была распрацаваная і выкарыстоўвалася сістэма лацінкі, не падобная да іншых: былі ўведзеныя дадатковыя дыякрытычныя знакі для абазначэння мяккасці і дадатковыя літары для замены дыграфаў dz, dž і chprosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym . У 1918 годзе ў Вільні Браніслаў Тарашкевіч выдаў асобнымі выданнямі лацінкай і кірыліцай Беларускую граматыку для школ, першую агульнапрынятую граматыку беларускай мовы. Пры гэтым першай была надрукавана версія лацінкай.

У 1920-я — 1939 гады, пасля падзелу Беларусі ў выніку Рыжскага міру (1921) паміж Польшчай і СССР (Беларуская ССР), лацінскі алфавіт далей ужываўся ў беларускім друку Заходняй Беларусі, каля 35 % заходнебеларускіх выданняў выходзіла лацінкай. У 1929 годзе выйшаў «Падручны беларуска-польскі слоўнік» складзены Баляславам Друцкім-Падбярэскім, беларуская частка якога была выкананая адначасова кірыліцай і лацінкай[Падручны беларуска-польскі слоўнік = Podreczny bialorusko-polski slownik / Б.Друцкі-Падбярэскі; Пад рэд. В.Грышкевіча. — Вільня: Б.Клёцкін, 1929]Анлайн-версія слоўніка. Браніслаў Тарашкевіч упершыню ўвёў меркаваны выклад беларускага лацінскага алфавіта і колькі звязаных граматычных правіл у 5-е (неафіцыйнае) выданне сваёй граматыкі (Вільня, 1929).

У Савецкай Беларусі ў гэты ж час афіцыйна выкарыстоўвалася толькі кірыліца, аднак існавалі ініцыятывы па легалізацыі лацінкі. Цікавым эпізодам стала спроба надаць легітымны статус беларускай лацінцы ў БССР падчас Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў лістападзе 1926 года ў Мінску. Падчас адкрыцця форуму ў прэзідыум была пададзена запіска-прапанова аб неабходнасці ўвядзення ў БССР дадаткова да кірылічнага алфавіта «лацінкі, якая цяпер ужываецца ў Заходняй Беларусі». Тэкст быў напісаны і першым падпісаны Максімам Гарэцкім. Агулам запіску падпісалі 40 удзельнікаў канферэнцыі, сярод якіх былі выбітныя навукоўцы і пісьменнікі: У. Ігнатоўскі, Г. Гарэцкі, Я. Дыла, А. Смоліч, М. Грамыка, П. Бузук, Л. Цвяткоў, Ю. Гаўрук, З. Жылуновіч, К. Чорны, Якуб Колас, А. Гурло, А. Бабарэка, С. Некрашэвіч і Я. Лёсік. Старшыня Інбелкульта У. Ігнатоўскі зрабіў пад ёй прыпіску: «Умова — сувязь з усёй СССР». Некаторыя дэлегаты падпісвалі асцярожна (Я. Колас пазначыў, што пытанне «не на чарзе нашага дня»). Нягледзячы на вялікую колькасць падпісантаў, прэзідыум не палічыў патрэбным выносіць гэтае пытанне на афіцыйнае абмеркаванне. Пазней, у снежні 1926 года, гэта ініцыятыва па «пераходу на лацінскую графіку» жорстка крытыкавалася ў закрытых рэзалюцыях вышэйшага партыйнага кіраўніцтва як «нацыяналістычнае захапленне». + Выклад беларускага лацінскага алфавіта(Тарашкевіч, 1929) Aa Bb Cc Ćć Čč Dd Ee Ff Gg Hh Ii Jj Kk Ll Łł Mm Nn Ńń Oo Pp Rr Ss Śś Šš Tt Uu Ŭŭ Ww Yy Zz Žž Źź

У канцы 1930-х адбылася апошняя графічная трансфармацыя ў беларускай лацінцы, звязаная з тым, што некаторыя заходнебеларускія выдаўцы, верагодна, імкнучыся пазбегчы даволі ненавісных у тыя часы для беларускага руху прыкмет «польскасці», пачалі адмаўляцца ад гістарычнага w на карысць v, што стала пераважнай практыкай у другой палове 1930-х гадоў.

Таксама лацінскі алфавіт ў 1920-я — 1945 гады выкарыстоўваўся беларускай эміграцыяй у Чэхаславакіі.

Лацінскі алфавіт у беларускай мове выкарыстоўваўся на акупаваных нямецкімі войскамі землях Беларусі (1941—1944). У 1937—1941 гадах Ян Станкевіч прапанаваў варыянт лацінкі, які замацаваў адмову ад літары w на карысць v. У снежні 1941 Альфрэд Розенберг, галоўны ідэолаг Нацыянал-Сацыялістычнай Нямецкай Работніцкай Партыі (NSDAP), рэйхсміністр па справах усходніх земляў ад 1941, выступіў з ініцыятывай аб пераводзе беларускіх школ і друку на лацінку. Неўзабаве ініцыятыва стала загадам (25 чэрвеня 1942) аб паступовым увядзенні лацінкі ў народныя школы Беларусі: у 1942/1943 яна ўводзілася ў першыя і часткова другія класы, апроч таго, яе вывучэнне рэкамендавалася і ў астатніх класах пачатковых школ. У 1943 годзе ў Мінску быў выдадзены лацінкай і кірыліцай «Беларускі правапіс» Антона Лёсіка, які быў прыняты на акупаваных землях як афіцыйны. Юры Туронак адзначае, што выданні, надрукаваныя лацінкай, разыходзіліся слаба, іх зразумеласць, асабліва ў цэнтральных і ўсходніх абласцях, была малой, а друкаваць іх не было тэхнічна магчыма бліжэй за ВільнюТуронак.. Тым самым часам нямецкае кіраўніцтва прапаноўвала, апроч увядзення лацінкі, яе раней невядомае рэфармаванне, супраць якога выказваліся некаторыя беларускія дзеячы (напрыклад, Ян Станкевіч).

Пасля гэтага часу ў Беларусі лацінка амаль не ўжывалася, але працягвала развівацца ў эміграцыі. Адным з вядомых пазнейшых надпісаў з’яўляецца надпіс беларускай лацінкай на надгробку ў вёсцы Клюшчаны Астравецкага раёна, зроблены ў сярэдзіне 1970-х.

Янка Запруднік у сваёй публікацыі «Транскрыпцыя беларускіх назоваў і прозвішчаў» (Бацькаўшчына, № 8, Мюнхен, 1956) даводзіць, што для таго, каб пазбегнуць скажэнняў у вымаўленні беларускіх прозвішчаў, трэба беларускія назовы пісаць беларускай лацінкай.У публікацыі прыводзіцца прыклад таго, што іншыя народы, якія карыстаюцца лацінскім алфавітам, перадаюць свае прозвішчы і геаграфічныя назвы ў іншыя мовы (таксама з лацінскім алфавітам) за рэдкімі выняткамі без ніякіх змен.