Прудо́к (трансліт.: Prudok, руск.: Прудок; да 1938 года — Ву́саўка) — былая вёска ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіла ў склад Беладубраўскага сельсавета.

Ліквідавана 30 чэрвеня 2015 года.

Геаграфія Вёска знаходзілася за 23 кіламетры на паўднёвы захад ад Касцюковіч і чыгуначнай станцыі Камунары, за 183 кіламетры ад Магілёва, на правым беразе ракі Беседзь.

Гісторыя У складзе Расійскай імперыі Вядома прынамсі з 1799 года, калі ў вёсцы было 12 двароў, 111 жыхароў, уладанне памешчыка. У XIX стагоддзі — цэнтр аднайменнага фальварка ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні. Паводле рэвізіі 1833 года, мела 53 сялянскія душы і была ўладаннем памешчыцы Саламеі Гайковай. У 1873 годзе ўладальнік фальварка калежскі саветнік Хахлоў заснаваў тут сукнавальню. У 1878 годзе была заснавана канатна-вяровачная вытворчасць.

Паводле перапісу 1897 года, у вёсцы (яна ж Вусаўка) налічваўся 261 жыхар. На пачатку XX стагоддзя адносілася да Саматэвіцкай воласці і Саматэвіцкага праваслаўнага прыхода. У 1909 годзе ў вёсцы было 35 двароў і 213 жыхароў (паводле іншых звестак — 3 жыхары, што, верагодна, з'яўляецца памылкай друку), яна належала сельскагаспадарчаму таварыству. Побач існаваў фальварак (1 двор, 8 жыхароў), апошнім уладальнікам якога быў дваранін Зянковіч.

Савецкі перыяд У 1919 годзе ў нацыяналізаваным будынку была адкрыта пачатковая школа (у 1925 годзе — 42 вучні). З 20 жніўня 1924 года вёска ўваходзіла ў Саматэвіцкі сельсавет Касцюковіцкага раёна Калінінскай (з 9 чэрвеня 1927 — Магілёўскай) акругі. Паводле перапісу 1926 года, у вёсцы было 58 двароў, 316 жыхароў. У 1930 годзе вяскоўцы ўступілі ў калгас, у 1931 годзе ў вёсцы быў створаны калгас «Пераможац». У 1940 годзе ў вёсцы было 77 двароў.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны, у верасні 1943 года, нямецкія акупанты поўнасцю спалілі вёску. Пасля вайны адбудавалася.

У 1986 годзе ў вёсцы было 33 гаспадаркі і 62 жыхары, яна ўваходзіла ў склад саўгаса «Саматэвічы».

У незалежнай Беларусі У 1991 годзе жыхары вёскі былі пераселены ў пасёлак Новыя Саматэвічы. Нягледзячы на гэта, на 2007 год у вёсцы яшчэ заставаліся 4 гаспадаркі і 6 жыхароў.

30 чэрвеня 2015 года вёска была афіцыйна ліквідавана.

Насельніцтва XVIII стагоддзе: 1799 — 111 чал., 12 двароў. XIX стагоддзе: 1833 — 53 сялянскія душы; 1897 — 261 чал. XX стагоддзе: 1909 — 213 чал., 35 двароў; 1926 — 316 чал., 58 двароў; 1940 — 77 двароў; 1959 — 217 чал.; 1970 — 137 чал.; 1986 — 62 чал., 33 гаспадаркі; 1999 — 11 чал., 6 двароў. XXI стагоддзе: 2007 — 6 чал., 4 гаспадаркі.

Славутасці Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку, за 0,3 км на поўдзень ад вёскі, на мысе правага берага ракі Беседзь. Брацкая магіла савецкіх воінаў, у якой пахаваны 21 воін, што загінулі ў 1943 годзе. У 1982 годзе ўстаноўлена скульптура воіна.

Вядомыя асобы Рыгор Канстанцінавіч Ігнаценка (нар. 1930) — беларускі пісьменнік.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі