Ве́ндараж. Сустракаецца таксама варыянт Ве́ндраж, Ве́ндрыж (, ) — аграгарадок у Магілёўскім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр Вендаражскага сельсавета. Размешчаны за 22 км на паўднёвы захад ад Магілёва і за 5 км ад чыгуначнай станцыі Вендрыж на лініі Магілёў — Асіповічы. Рэльеф раўнінны. На поўнач цячэ р. Жыварэзка (прыток р. Лахва). Транспартныя сувязі па мясцовай дарозе праз вёскі Навасёлкі, Гуслішча і далей па шашы Магілёў — Бабруйск.
Гісторыя Заснавана ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1568 годзе «людмі прыхожымі», шляхецкая ўласнасць. У 1586 годзе князем Багданам Саламярэцкім пабудавана царква. У 1604 годзе сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства.
Пад уладай Расійскай імперыі У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1785 годзе цэнтр маёнтка ў Магілёўскім павеце, меліся 2 млыны, царква. Памешчык меў тут у 1856 годзе 895 дзесяцін зямлі, вінакурны завод і млын. У 1860 годзе пачала дзейнічаць дзягцярна-смалярная мануфактура.
У 1880 годзе ва ўсіх дварах сяляне займаліся кавальскім промыслам, вырабам ільняной і пяньковай пражы і тканіны, а таксама посуду і розных бытавых рэчаў з дрэва. У 1890-я гады валасны цэнтр Магілёўскага павета. У 1889 годзе пабудавана на сродкі вяскоўцаў памяшканне і адкрыта школа.
Паводле перапісу 1897 года сяло, цэнтр воласці Магілёўскага павета Магілёўскай губерні, меліся царква, народнае вучылішча (у 1899 годзе навучалася 25 хлопчыкаў, у 1907 годзе — 58 хлопчыкаў і 2 дзяўчынкі), хлебазапасны магазін, конны завод. Адзін раз у год (1 кастрычніка) праводзіўся кірмаш. Побач быў фальварак Вендараж, прыёмны пакой, вадзяны млын, заезны дом, капліца.
Найноўшы час У 1905 годзе адкрыта казённая вінная крама. У 1909 годзе сяло і маёнтак у Магілёўскім павеце.
25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала яе разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.
У 1919 годзе дзейнічаў валасны рэўкам. Было створана першае ў Магілёўскім павеце кааператыўнае таварыства, а ў 1923 годзе — яго аддзяленні ў Кругах і Батуні. Кааператыў у 1923 годзе налічваў 300 пайшчыкаў. Дзейнічала сельскагаспадарчае таварыства.
З 26 красавіка 1919 года ў Гомельскай губерні РСФСР. У сакавіку 1924 года вёску вярнулі БССР. З 20 жніўня 1924 года цэнтр сельсавета ў Магілёўскім раёне Магілёўскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года), з 20 лютага 1938 года ў Магілёўскай вобласці. У 1924 годзе адкрыты бібліятэка і хата-чытальня. На базе дарэвалюцыйнай створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1925 годзе налічваўся 141 вучань.
У красавіку 1928 года арганізаваны калгас імя Сталіна, які ў 1931 годзе аб’ядноўваў 74 гаспадаркі. Дзейнічаў кааператыў па вырабе сыру. У 1931 годзе пабудаваны мураваны будынак для 7-гадовай школы, якая ў 1938 годзе ператворана ў сярэднюю. У 1932 годзе запрацаваў радыёвузел. Была створана МТС, якая ў 1937 годзе мела 38 трактароў. У 1936 годзе пабудавана бальніца.
У Вялікую Айчынную вайну з ліпеня 1941 года да 27 чэрвеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У снежня 1941 года партызаны разграмілі паліцэйскі ўчастак, які тут размяшчаўся. У вёсцы і наваколлі базіраваўся 121-ы партызанскі атрад (з лістапада 1943 года полк) Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы. Акупанты спалілі вёску. У баі за вызваленне вёскі загінулі каля 60 савецкіх воінаў, якія пахаваны ў брацкай магіле, што паблізу вясковых могілак. На паўднёвай ускраіне пахавана больш за 100 жыхароў, расстраляных гітлераўцамі. Пасля вайны вёска адбудавана.
У 1990 годзе цэнтр саўгаса «Вендараж». У вёсцы размяшчаліся вытворчае аддзяленне, лясніцтва, майстэрні па рамонце сельгастэхнікі і сталярна-цяслярскія, лесапільня, млын, устаноўка па прыгатаванні вітаміннай мукі, працавалі З магазіны, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва, аддзяленне сувязі, Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя школа, дзіцячы сад, сельскае спажывецкае таварыства, аддзяленне ашчаднага банка, бальніца (12 урачоў), амбулаторыя, аптэка.
Інфраструктура
У 2007 годзе дзейнічалі сярэдняя школа, аддзяленне сувязі, клуб, бібліятэка, урачэбная амбулаторыя, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Планіроўка Праект планіроўкі і забудовы распрацаваны ў 1983 годзе ў Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытуце горадабудаўніцтва. Планіровачна складаецца з працяглай, плаўна выгнутай вуліцы амаль шыротнай арыентацыі, ад якой адыходзяць на поўдзень 4 кароткія просталінейныя вуліцы. Забудавана двухбакова, шчыльна, пераважна драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу. На плошчы галоўнай вуліцы пастаўлены помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Грамадскія будынкі размешчаны вакол плошчы і сярод жылой забудовы галоўнай вуліцы. Каля плошчы ўзведзены таксама мураваныя двухпавярховыя 4 і 8-кватэрныя дамы. Новая вуліца на поўнач забудавана мураванымі аднапавярховымі аднакватэрнымі дамамі. Гаспадарчы сектар — на поўдні і захадзе.
Насельніцтва XVIII стагоддзе: 1785 год — 204 жыхары. XIX стагоддзе: 1880 год — 38 двароў, 91 жыхар. 1897 год — 55 двароў, 366 жыхароў, у фальварку — 5 двароў, 15 жыхароў. XX стагоддзе: 1909 год — 60 двароў, 397 жыхароў, у маёнтку — З двары, З жыхары. 1926 год — 76 двароў, 401 жыхар. 1990 год — 185 гаспадарак, 335 жыхароў. 1996 год — 453 жыхары, 180 дваро. XXI стагоддзе: 2007 год — 135 гаспадарак, 335 жыхароў.
Славутасці
Брацкія могілкі савецкіх воінаў. Магіла ахвяр фашызму.
Вядомыя асобы Валерый Фёдаравіч Ліпкін (нар. 1951) — беларускі вучоны-аграном і палітык.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Вендаражскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Магілёўскага раёна Катэгорыя:Аграгарадкі Магілёўскай вобласці