Кажу́шкі (, ) — былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Судкоўскага сельсавета.

Гісторыя Вялікае Княства Літоўскае У акце абмежавання Брагінскай воласці ад 7 сакавіка 1512 года названы сумежны з ёй востраў Кажушкі – «...у Зварачанскія астравы праваю стараною зноў балотам беллю ўздоўж папалам з астравамі Дронкі Курылушкі і Кажушкі ў лазу, катораю папалам уздоўж у альсы, альсамі ў Тапіла, з Тапіла ў рэчку Ціхую, з Ціхай у рэчку Цеснаўку...»НГАБ у Мінску. Ф. 1728. Воп. 1. Спр. 19. А. 1049адв.. Напэўна, бліжэй да ракі Прыпяць існавала ўжо і аднаімённае сяло. У апісанні Чарнобыльскага замка 1552 года згаданыя «Кожушковцы на Припети Бискупа Киевскаго и иншие села по всемъ повете Чорнобыльскомъ...». У іншым месцы назва паселішча з указаннем прыналежнасці яго да Беласароцкай нядзелі прыведзена ў форме «Кожушковичи»Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 588.

26 верасня 1568 года ў Кіеўскім замкавым судзе актыкаваны пратэст пана Шчаснага Харлінскага, харунжага кіеўскага, з нагоды адабрання грунту яго вёскі Навасёлкі і прылучэння да ўгоддзяў вёскі Кажушкі біскупа кіеўскага Мікалая ПацаArchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 31—32.

Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (і Кажушкі з прылегласцямі) было далучана да Кароны ПольскайVolumina Legum (далей: VL). Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009).

Карона Каралеўства Польскага 7 днём верасня 1572 года датаваны ліст біскупа кіеўскага Мікалая Паца вознаму, у якім той паведаміў, што загадаў падданым сваім кажушкаўскім, каб да вострава Замошша, прыналежнага да вёскі Навасёлкі, «nie wdzierali się». 3 жніўня 1578 года біскуп М. Пац звярнуўся да пана Шчаснага Харлінскага, абы той забараніў свайму ўрадніку і падданым навасёлкаўскім чыніць крыўды яго кажушкаўцам і забірацца ў іх грунты. 26 днём лютага 1579 года пазначана размежаванне ўгоддзяў вёсак Кажушкі біскупа М. Паца і Навасёлкі пана Ш. Харлінскага, выкананае «przez sędziow obranych».

На 1581 год у сяле Кажушкавічы каталіцкага біскупа кіеўскага налічвалася 26 дымоў асадных сялян (×6 — каля 156 чалавек), з якіх выбіралася па 15 грошаў, і 4 агароднікі (≈24 чал.), з іх — па 6 грошаў падаткуŹródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 37.

14 жніўня 1609 года ксёндз Крыштаф Казімірскі, біскуп кіеўскі, распачаў судовую справу ў дачыненні да пана Мікалая Стэцкага, цівуна кіеўскага, за насланне падданых сваіх на грунт біскупскі Кажушкаўскі, што пры беразе Прыпяці ніжэй Лысай гары месціўся ў востраве паміж новым рэчышчам і старыцай, ды ўчыненне там рабункаў. 1 чэрвеня 1618 года біскуп Крыштаф з капітулай выступілі ў судзе з пратэстам супраць пана Міхала Ратомскага за наезд да вёску Кажушкавічы, касцёлу прыналежнуюZD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — Warszawa, 1894. S. 138, 272. Пры размежаванні Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага і Мазырскага павета Вялікага Княства Літоўскага ў снежні 1621 — студзені 1622 гадоў сяло Kożuszkiewicze Кіеўскага біскупства паны камісары згодна запісалі прыналежным да ваяводства КіеўскагаŹD. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Dział I-szy. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97; Крикун Н. Г. Административно-территориальное устройство Правобережной Украины в XV—XVIII вв. — Киев, 1992. С. 142—143.. Паводле тарыфа падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1628 года, з сяла Кажушкавічы біскупства Кіеўскага ў асобе ксяндза-біскупа Багуслава Бокшы-Радашэўскага, з 9 дымоў мусіла выплачвацца па 3 злотыя, з 13 агароднікаў па 24 грошы, з 1 каморніка яшчэ 24 грошыАрхив ЮЗР. Ч. 7. Т. І. — С. 388. 11 чэрвеня 1649 года палонны казак Мацвей Шумейка, схоплены дома ў Брагіне, паведаміў на допыце пра казацкі загон блізка ў тысячу чалавек, што перапраўляўся праз Прыпяць каля Кажушак ці да Бабічаў, ці яшчэ кудыДжерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648—1658 рр. Т. 1 (1648—1649). — Київ, 2012. С. 241, 242, 243.

У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1683 года сярод добраў біскупа кіеўскагаАрхив ЮЗР. Ч. 7. Т. І. — С. 495, 505 геаграфічна ізаляваныя ад іх Кажушкі не названыя. 9 лістапада 1723 года кіеўскі Войцех Сянніцкі падаў скаргу на князя Мікалая Шуйскага за тое, што падданыя яго сяла Навасёлкі змянілі мяжу з біскупскім сялом КажушкіОписи актовых книг Киевского центрального архива. – № 37 / Сост. Е. П. Дьяковский – Киев: Типография Т. Г. Мейнандера, 1906. С. 44. У тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1734 і 1754 гадоў Кажушкі зноў як быццам адсутныя, магчыма таму, што ўжо сталі часткай Нараўлянскіх добраў роду Аскеркаў, а тыя месціліся ў Мазырскім павеце, на карысць якога і выплачвалі падымнае.

Канвакацыйны сойм 1764 года прызнаў ленны маёнтак Нароўля на правабярэжжы Прыпяці дзедзічным уладаннем Рафала Алаізія Аскеркі, маршалка Мазырскага павета. Сярод ягоных уладанняў Кажушкі яшчэ не згаданыяVL. Tom VII. — Petersburg, 1860. S. 87. Але 13 і 15 лістапада 1773 года, паводле актаў Оўруцкага гродскага суда, узнавіліся памежныя канфлікты што да ўгоддзяў вёсак Навасёлкі Хойніцкага маёнтку князёў Шуйскіх (апякуноў Людвікі Шуйскай), старостаў ніжынскіх, і Кажушкі Нараўлянскага маёнтку войскага мазырскага Яна Мікалая Аскеркі (сына Рафала Алаізія Аскеркі). Пачаліся яны з пасечанага і папаленага хойніцкага (навасёлкаўскага) лесу. 28 лютага 1778 года ў оўруцкія кнігі было нават занесена размежаванне часоў біскупа М. Паца і харунжага Ш. Харлінскага (1579 г.). 8 лютага, 19 красавіка і 30 чэрвеня 1787 года датаваныя судовыя абвінавачванні сужэнствам Каралем і Людвікай Канстанцыяй з князёў Шуйскіх Прозарамі Яна Аскеркі, стражніка польнага літоўскага, у тым, што насланыя ім кажушкаўцы навасёлкаўцаў збілі-скалечылі, знішчылі межы, пакапалі капцы ды новыя, выгодныя для сябе насыпалі. 23 лютага 1793 года ў Оўруцкім гродзе «przez ugodę wieczystą» была зацверджана карта пазначанай капцамі мяжы паміж вёскамі Кажушкі стражніка Аскеркі і Навасёлкі абозных ПрозараўAGAD. APiJ. Sygn. 1. S. 32—34.

Расійская імперыя Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Кажушкі — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыіНасевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182. У крыніцы, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, Кажушкі названы ў пераліку паселішчаў, адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстанні 1794 годаПетреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 73.

30 чэрвеня 1803 года было складзена, а 13 сакавіка 1806 года змешчана да кніг Рэчыцкага земскага суда размежаванне добраў Хойнікі абозных літоўскіх Караля і Людвікі Прозараў, Тульгавічы харунжага мазырскага Феліцыяна Стоцкага і Барбароў тытулярнага саветніка Андрэя фон Гольста. Вёска Кажушкі (wieś Kożuszki) у тым дакуменце выступала, як частка вялікага маёнтка Барбароў, а яе ўгоддзі размяжоўваліся з грунтамі хойніцкіх Навасёлак, Тульгавічаў і фальварка Бабчын hrabstwa BrahińskiegoAGAD. APiJ. Sygn. 12. S. 17–24.

У 1826 г. у нашчадкаў Андрэя фон Гольста маёнтак Барбароў, да складу якога належаў фальварак Кажушкі з аднаімённым сялом, набыў за суму ў 242 650 рублёў серабромСветлана Адамович. Дворец в Наровле: история и реалии. // Архитектура и строительство. 2010. №2 (213) Ігнат Тадэвушавіч Горват (1764—к.1826). У 1826 г. гэтая частка спадчыны нябожчыка Ігната Горвата дасталася яго сыну Даніэлю Ігнатавічу Горвату (1810—1868). У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 200 жыхароў вёскі Кажушкі абодвух полаў былі прыхаджанамі Георгіеўскай царквы ў Тульгавічах, 5 жыхароў двара Кажушкі з'яўляліся парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны МарыіРасійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379, 694.

У парэформенны перыяд сяло належала да Юравіцкай воласці. Каля 1864 года маёнткам Нароўля (і фальваркам Кажушкі) завалодаў Артур Даніэлевіч Горват (1831—1903). У тым жа 1864 годзе згаданая прыпісная да прыхода Тульгавіцкай царквы прыналежная Кажушкаўская Свята-Троіцкая царкваИсторико-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. – Санкт-Петербург, 1864. С. 305. На пачатак 1870 года ў сяле Кажушкі — 93 мужчынскія душы з ліку сялян-уласнікаў, прыпісаных да сельскага таварыства, 4 аднадворцы, прыпісаныя да воласціСписок волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68адв.. У даведніку 1879 года паведамляецца, што прыпісная Троіцкая царква выконвала ролю прыходскай, бо царква ў Тульгавічах колькі гадоў перад тым згарэлаОписание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 134—136. У 1886 годзе ў сяле 41 двор, 210 жыхароў, царква, млынВолости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113. На 1889 год сярод шматлікіх службаў маёнтку Нароўля (33 500 дзесяцін) Артура Горвата названы і фальварак КажушкіСписок землевладельцев Минской губернии. 1889 г. — Минск, 1889. С. 366.

Паводле перапісу 1897 года, у Кажушках — 334 жыхары, працавалі школа граматы, хлебазапасны магазін, вятрак. У аднаімённым фальварку — 57 жыхароў. 20 ліпеня 1898 года Артур Горват перадаў права валодання маёнткам Нароўля сыну Эдварду Артуравічу Горвату. У 1909 годзе у вёсцы налічвалася 89 двароў, 667 жыхароў, у аднадворным фальварку — 31 жыхарСписок населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 86. На 1913 год маёнтак Нароўля (з фальваркам Кажушкі) складаў 16 678 дзесяцін угоддзяўSpis ziemian mińskich, posiadających 100 i więcej dziesięcin ziemi. // Kalendarz Miński na 1914 r. / pod redakcją W. Dworzaczka. – Mińsk, 1913. S. 107 «Nad Świsłoczą» Kalendarz Miński na 1914 r..

Найноўшы час