Дубро́ўня (, ) — вёска ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі. Цэнтр Дубровенскага сельсавета.
Геаграфія Знаходзіцца за 5 км у напрамку на ўсход ад горада Ліда, за 115 км ад Гродна, за 2 км ад чыгуначнай станцыі Гутна.
Каля вёскі на рацэ Нарва створана сажалка (плошча 0,19 км²).
Гісторыя Вядома з другой паловы XIV стагоддзя ў ВКЛ. Паводле гістарычных хронік і звестак даследчыка Адама Кіркора, тут знаходзіўся палац Вайдалы — уплывовага і любімага дарадцы вялікага князя Ягайлы. Падчас унутрыдзяржаўнай барацьбы за ўладу ў ВКЛ у 1381 годзе князь Кейстут штурмам авалодаў Дуброўняй, схапіў Вайдалу і пакараў яго смерцю, абвінаваціўшы ў таемных інтрыгах. 17 лютага 1387 года Ягайла сваёй граматай вылучыў двор Дуброўня з Лідскай воласці і перадаў яго ў вечнае карыстанне кафедры Віленскіх каталіцкіх біскупаў. У канцы XVII ст. ім належала тут 75 дымоў.
Маёнтак Дуброўня быў адміністрацыйным цэнтрам царкоўных уладанняў у рэгіёне (сюды адносіліся і суседнія вёскі, уключаючы Плясавічы, Сангайлы і Біскупцы). Біскупы валодалі гэтымі землямі больш за 400 гадоў. Жыхары Дуброўні і навакольных вёсак мелі асаблівы чыншавы статус («біскупскія баяры»), выконвалі ваенную і кур’ерскую ўланскую службу.
Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Расійскай імперыі маёнтак быў канфіскаваны ўладамі (секулярызаваны) і пераведзены ў дзяржаўную казну. У канцы XIX стагоддзя ў Дуброўні меўся буйны фруктовы сад, які гарадскія ўлады Ліды здавалі ў арэнду прыватным асобам для атрымання прыбытку ў гарадскую казну. З 1867 года дзейнічала народнае вучылішча. У 1897 годзе згадваюцца хлебазапасны магазін, піцейны дом.
Насельніцтва 1897 год — 227 жыхароў, 43 двары. 1909 год — 296 жыхароў, 59 двароў, 64 сям’і. 1921 год — 208 жыхароў, 42 двары ў вёсцы; 12 жыхароў, 2 двары ў фальварку. 1940 год — 228 жыхароў, 66 двароў. 1960 год — 217 жыхароў. 1971 год — 252 жыхары, 63 гаспадаркі. 1992 год — 323 жыхары, 117 гаспадарак. 1997 год — 397 жыхароў, 134 двары. 2004 год — 404 жыхары, 148 гаспадарак. 2009 год — 381 жыхар. 2012 год — 405 жыхароў, 145 гаспадарак. 2015 год — 506 жыхароў, 188 гаспадарак.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Дубровенскі сельсавет (Лідскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Лідскага раёна