Цыстыцэркоз — інфекцыя тканак, якая выклікаецца лічынкай (цыстыцэрк) . На працягу некалькіх гадоў сімптомы могуць адсутнічаць ці слаба праяўляцца; у скуры і мышцах могуць узнікаць бязбольныя шчыльныя пухліны памерам прыблізна ад аднаго да двух сантыметраў ці з’яўляцца неўралагічныя сімптомы, калі закрануты мозг . Праз некалькі месяцаў ці гадоў пухліны могуць пачаць балець і напухаць, а потым рассмоктвацца. У краінах, якія сталі на шлях развіцця, гэтая хвароба прадстаўляе адну з найбольш частых прычын прыпадкаў.
Крыніцы і дыягностыка Заражэнне адбываецца з-за спажывання ежы ці вады, што змяшчаюць яйкі свінога цэпеня. Асноўная крыніца — сырая агародніна. Яйкі свінога цэпеня паходзяць з калу асобы, заражанай дарослымі чарвямі (гэтае захворванне вядомае як тэніёз. Тэніёз — іншая хвароба, якая выклікаецца спажываннем цыстаў у недастаткова добра прыгатаванай свініне. Людзі, што жывуць з асобай, заражанай цэпенем, маюць большую рызыку захворвання цыстыцэркозам. Дыягностыка можа праводзіцца з дапамогай аспірацыі цысты. Вельмі карыснае для дыягностыкі хваробы мозгу атрыманне здымкаў мозгу з дапамогай камп’ютарнай тамаграфіі (КТ) ці магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ). Прыкметамі хваробы таксама лічацца павышэнне колькасці лейкацытаў (так званы эазінафільны гранулацыт) у спіннамазгавой вадкасці і крыві.
Прафілактыка і лячэнне Заражэнне эфектыўна папярэджваецца выкананнем патрабаванняў да асабістай гігіены і санітарыі. Яны ўключаюць наступныя меры: якаснае прыгатаванне свініны, належнае абсталяванне туалетаў і паляпшэнне доступу да чыстай вады. Для спынення распаўсюджвання хваробы важнае лячэнне хворых на тэніёз. Можа не патрабавацца лячэнне хваробы, якая не закранае нервовую сістэму. Лячэнне хворых на нейрацыстыцэркоз можа праводзіцца з дапамогай празіквантэлу ці альбендазолу. Яны могуць патрабавацца працяглы час. Могуць таксама спатрэбіцца стэроіды для папярэджання запаленняў падчас лячэння і супрацьэпілептычныя лекі. Часам праводзіцца выдаленне цыстаў хірургічным шляхам.
Эпідэміялогія Свіны цэпень найбольш часта сустракаецца ў Азіі, Чорнай Афрыцы і Лацінскай Амерыцы. Лічыцца, што ў некаторых рэгіёнах заражанае да 25 % насельніцтва. У развітых краінах хвароба вельмі рэдкая. У 2010 г. яна выклікала да 1 200 смяротных выпадкаў, у параўнанні з 700 выпадкамі ў 1990 г. Цыстыцэркоз таксама закранае свіней і кароў, але сімптомы рэдка праяўляюцца, паколькі жывёлы жывуць недастаткова доўга. У гісторыі зафіксаваныя выпадкі захворванняў людзей. Гэта адна з занядбаных трапічных хвароб.
Катэгорыя:Паразітарныя захворванні