Віленская пушкарня — дзяржаўная майстэрня па вырабе гармат у Вільні.
Гісторыя Думаюць, што Віленскую пушкарню заснаваў вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст каля 1540 года. Размяшчалася на былых землях кармеліцкага кляштара каля арсенала на Дольным замку. Некалькіх майстроў для пушкарні прыслаў прускі герцаг Альбрэхт. Шмат майстроў прыслана з Кракаўскай пушкарні. Былі таксама запрошаныя злотнікі для аздаблення і апрацоўкі гармат.
Сыравіну на Віленскую пушкарню прывозілі з Кракава, куды яна паступала з розных краін: медзь — з Венгрыі, волава — з Гданьска і Олькуша, сталь — з Карынтыі і Венгрыі. Асабліва актыўна Віленская пушкарня працавала ў 1560-х гадах. Паводле данясення венецыянскага пасла, у 1560 годзе ў Вільні было 180 вялікіх гармат і мноства дробных. У канцы 16 стагоддзя, Віленскую пушкарню падтрымліваў кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый. Пры ім у пушкарні працавалі майстры Крыштаф Спрынгер і Геранім Віталі з Італіі, адліваліся цяжкія абложныя гарматы.
У пачатку 17 стагоддзя зроблена вялікая гармата «Віленскія браты», якая страляла 30-фунтавымі ядрамі. У час паходу на Смаленск у 1610 годзе адліваў гарматы майстар Ян Роланд з трыма памочнікамі. У 1620—1630 гадах працаваў людвісар Іаган Бротэльд з Латарынгіі, які адліў прынамсі 11 гармат. Пасля Віленская пушкарня спыніла дзейнасць.
Літаратура Brensztejn, Michał, «Zarys dziejów ludwisarstwa na ziemiach b. Wielkiego Księstwa Litewskiego», Wilno 1924. S.17-29. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 3. Дадатак. А — Я / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: БелЭн, 2010. — 696 с; іл. — С. 118.
Катэгорыя:Гісторыя Вільні Катэгорыя:Людвісарні