Транспартнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі» (з 2000 г.) — адно з буйнейшых прадпрыемстваў Беларускай чыгункі.
Знаходзіцца на скрыжаванні двух агульнаеўрапейскіх транспартных калідораў: нумар II (Захад-Усход) і нумар IX (Поўнач-Поўдзень) з адгалінаваннем IXB (Жлобін-Мінск-Гудагай і далей да партоў Балтыйскага мора: Клайпеды і Калінінграда). З’яўляецца самым важным звяном у сістэме забеспячэння міжнароднага гандлю Рэспублікі Беларусь.
Гісторыя Упершыню ў Мінску гудок паравоза раздаўся ў лістападзе 1871 года, калі быў адкрыты ўчастак чыгункі ў напрамку Смаленск-Мінск-Брэст. За паўтара гады было пракладзена 650 км чыгуначных пуцей. У межах Мінскага аддзялення з’явіліся першыя 13 лінейных станцый. Усе яны дзейнічаюць і дагэтуль, некаторыя толькі змянілі назвы.
Станцыя Мінск знаходзілася за межамі горада і для свайго часу была добра абсталявана: тут быў пасажырскі будынак, жылыя дамы, майстэрні, стрэлачныя будкі, паравозныя майстэрні на 12 паравозаў і іншае. Станцыя мела дзве платформы — пасажырскую і міжпуцявую.
У студзені 1873 года быў адкрыты пастаянны рух на ўчастку Мінск-Вільня, і сучасная сталіца Беларусі стала першым чыгуначным вузлом. З пачаткам эксплуатацыі Ландварава-Роменскай чыгункі (у 1877 годзе перайменавана ў Лібава-Роменскую), былі пабудаваны асноўныя будынкі вакзала, які называўся Віленскім. На плошчы, прылеглай да перона, былі ўзведзены драўляныя павільёны. У адным з павільёнаў быў размешчаны вакзал, у іншых — упраўленне станцыі, паліклініка, рамеснае вучылішча і іншыя аб’екты, звязаныя з будаўніцтвам станцыі.
Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ў 1946 годзе было ўтворана Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі.
У 1951 годзе пасля рэфармавання Заходняй чыгункі Аршанскае аддзяленне ўвайшло ў склад Калінінскай чыгункі. Яго межы былі пашыраны да Мядзведкі (на станцыі Віцебск) і Унечы. Участак Ліда-Маладзечна застаўся ў складзе Баранавіцкага аддзялення Брэст-Літоўскай чыгункі, а ў 1953 годзе ўчастак увайшоў у склад Беларускай чыгункі. Да канца 1955 года Мінскаму аддзяленню чыгункі былі падпарадкаваны ўчасткі Маладзечна-Гутна і Мінск-Паўднёвы-Верайцы-Градзянка. Аршанскае аддзяленне з 1957 года было перададзена Беларускай чыгунцы, яго паўночная мяжа праходзіла па станцыі Мажэеўка.
9 ліпеня 1955 года была адчынена мінская Дзіцячая чыгунка.
10 сакавіка 1961 года ў склад Мінскага аддзялення былі ўключаны ўчасткі і прадпрыемствы Аршанскага аддзялення чыгункі. Так было створана сучаснае Мінскае аддзяленне. З яго складу былі выключаны станцыі Гутна, Верайцы і ўчастак Верайцы-Градзянка. За перыяд з 1959 года па 1979 год грузавы і пасажырскі рух быў пераведзены на цеплавозную цягу, укаранёны паточны метад рамонту грузавых вагонаў у вагонных дэпо, ажыццёўлены суцэльны перавод прамежкавых станцый на электрычную цэнтралізацыю стрэлак, сігналаў і ўчасткаў — на лікавую кодавую аўтаматычную блакіроўку, перавод прыгараднага руху на Мінскім вузле на электрычную цягу. Ажыццёўлена рэканструкцыя станцый Мінск-Сартавальны, Орша-Цэнтральная, Орша-Заходняя і ўкаранёна на гэтых станцыях маршрутна-рэлейная электрычная цэнтралізацыя стрэлак і сігналаў. У 1979—1983 гадах пачалося ўкараненне ЭВМ для планавання эксплуатацыйнай работы. Быў ажыццёўлены перавод руху пасажырскіх і грузавых цягнікоў на электрычную цягу, электрыфікаваны рух на ўчастках Барысаў-Орша, Орша-Краснае і на Аршанскім чыгуначным вузле.
Сучасны стан 30 снежня 2000 года была прынята ў эксплуатацыю першая чарга новага вакзала станцыі Мінск-Пасажырскі. 2 ліпеня 2001 года напярэдадні Дня Незалежнасці ў левым крыле вакзала адчыніліся новыя білетныя касы далёкага накірунку. У 2003 годзе будаўніцтва вакзала было поўнасцю завершана.
На тэрыторыі аддзялення цяпер дзейнічае 69 станцый, з якіх 62 станцыі ажыццяўляюць перавозку пасажыраў, 126 прыпыначных пунктаў, пры гэтым Орша і Маладзечна ў 1993 годзе атрымалі статус міждзяржаўных перадатачных станцый. На станцыях Асінаўка і Гудагай Мінскае аддзяленне мяжуе з Маскоўскай і Літоўскай чыгункамі.
Структурныя падраздзяленні Станцыі Мінск-Пасажырскі Мінск-Сартавальны Орша-Цэнтральная Маладзечна Лакаматыўныя i маторвагоннае дэпо Маторвагоннае дэпо Мінск Лакаматыўнае дэпо Маладзечна Лакаматыўнае дэпо Мінск Лакаматыўнае дэпо Орша імя К. С. Заслонава Вагонныя дэпо Мінскае вагоннае дэпо Аршанскае вагоннае дэпо Рэфрыжэратарнае вагоннае дэпо Маладзечна Дыстанцыі пуці Мінская дыстанцыя пуці Маладзечанская дыстанцыя пуці Барысаўская дыстанцыя пуці Аршанская дыстанцыя пуці Дыстанцыі сігналізацыі і сувязі Маладзечанская дыстанцыя сігналізацыі і сувязі Мінская дыстанцыя сігналізацыі і сувязі Аршанская дыстанцыя сігналізацыі і сувязі Іншыя прадпрыемствы Аршанская дыстанцыя ахоўных лесанасаджэнняў Мінская дыстанцыя грамадзянскіх збудаванняў Аршанская дыстанцыя грамадзянскіх збудаванняў Мінская дыстанцыя электразабеспячэння Аршанская дыстанцыя электразабеспячэння Мінскі вагонны ўчастак Аддзел матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Цэнтр інжынерных паслуг па будаўніцтве аб’ектаў інфраструктуры Мінская база (транспартная) Аздараўленчы цэнтр «Талька» Турыстычны цэнтр «Дартур» Культурна-спартыўны цэнтр
Начальнікі Мінскага аддзялення Петуланін Міхаіл Іванавіч (1946—1955), Сарокін Георгій Мацвеевіч (1955—1959), Істушкін Фёдар Анісімавіч (1959—1979), Мітасаў Павел Васільевіч (1979—1983), Валадзько Яўген Іванавіч (1983—1989), Рынг Уладзімір Іосіфавіч (1989—1990), Гапееў Васіль Іванавіч (1990—2002), Шылаў Ігар Сяргеевіч (2002—2016).
Літаратура Гапеев В. И., Лукьянов В. А. Минское отделение Белорусской железной дороги. 1871—1996 годы: Исторический очерк — Мн.: Полымя, 1996. — 347 с. : ил. ISBN 985-07-0146-3. История Белорусской железной дороги из XIX века в век XXI. / В. В. Яновская и др. — Минск: «Мастацкая літаратура», 2012. — 955с. ISBN 978-985-02-1375-4. Железная дорога Беларуси: История и современность. В. Г. Рахманько, А. В. Бессольнов, В. А. Шоба и др. Под общей редакцией В. Г. Рахманько. — Мн.: ОДО «Триолета», 2001. — 488 с. ISBN 985-6533-02-3.
Катэгорыя:Транспарт Мінска Катэгорыя:Транспарт Мінскай вобласці