Цітаўка — рака ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі, правы прыток Свіслачы (басейн Дняпра).
Назва Назва балцкага паходжання, пярвейшая назоўная форма захавалася ў назвё вёскі Цітва, на ўсход ад якой рака пачыналася (цяпер вярхі ракі пракапаным каналам злучаныя з ракой Пціч).
Поўны адпаведнік на ўсходзе старабалцкай тэрыторыі — рака Цітва (прыток дзесенскай ракі Сноў), той жа корань найімаверней у назве ракі Цітча там сама на Падзесенні (прыток ракі Сейм)В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 210..
Зусім аўтэнтычная форма назвы — літоўская рачная назва Tytuva (прыток заходнелітоўскай ракі Дубіса, у якую тамсама цячэ рака з так жа сама ўтворанай назвай Lyduva, у якой корань як у назве нёманскай ракі Ліда).
Корань Tit- (Tyt-) таксама ў літоўскіх водных назвах тыпу Titnas (возера), Titmena, Tit-upis, Tit-valka (рэкі), Titija (балота)A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 346., у назве ракі Ціцель () (прыток ракі Масквы на поўдні цяперашняй Масквы каля Бірулёва)Г. П. Смолицкая. Гидронимия бассейна Оки. Москва, 1976. С. 121..
Корань звязаны з першай асновай двухасноўнага літоўскага слова tit-nagas «крэмень», якое даслоўна значыць «бліскавічнае капыта» (nagas і «капыта», і «ногаць») і мае шырокія індаеўрапейскія паралелі з агульнай семантыкай «ззяць, блішчэць, бліскаць»V. Mažiulis. Dėl indoeuropiečių «ugnies» vardų // Baltistica 2008, XLIII (3). C. 431—436.. Магчыма аднавіць колішні балцкі дзеяслоў тыпу *tisti (< *tit-sti) «бліскаць (маланкамі)» (*tysta «бліскае», *tito «бліскала»).
Корань пашыраны балцкім пашыральнікам -(u)v- (разам з -av-), які вядомы ў літоўскім словаўтварэнні, але асабліва папулярны ў назваўтварэнні: kriokti «раўсці» — kriokuva «рачны парог» (дзе вада раве), ringėti «закручваць» — Ringuva «Звілістая (рака)»P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 380—381.. Гэты пашыральнік у назвах рэк Масква, Пратва, Смядва на ПавоччыВ. Н. Топоров. Древняя Москва в балтийской перспективе // Балто-славянские исследования. 1981. Москва, 1982. С. 28..
У літоўскай гідраніміі гэты пашыральнік сустракаецца і не вакалізаваны (Vadva — паралельны варыянт рачной назвы VaduvaA. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 357., ёй адпавядае назва верхнедняпроўскай ракі ВодваВ. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 180.), і гэта ўвагомлівае магчымую балцкую форму *Tytva.
Назва Цітва значыць «Блішчастая (рака)», назва была матываваная блішчастасцю воднай гладзі. Падобным чынам матываваныя і назвы ракі Лучоса, возера Свіцязь.
Гідраграфія Даўжыня ракі 33 км. Плошча вадазбору 372 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,16 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰.
На рацэ: горад Мар’іна Горка.
Пачынаецца з ракі Пціч за 1,5 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Русаковічы, вусце ў аграгарадку Пухавічы. Цячэ па заходняй ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Даліна ў верхнім і сярэднім цячэнні невыразная, у нізоўі трапецападобная або скрынкападобная са стромкімі схіламі. Пойма ў верхнім і сярэднім цячэнні адсутнічае, у ніжнім вузкая, месцамі адсутнічае, шырынёй 0,5—0,8 км. Рэчышча (шырыня ад 10 м да 20 м) ад вытоку да вёскі Загай на працягу 16 км каналізаванае.
У даліне ракі вадасховішча Мар’іна Горка.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Прытокі Свіслачы (прыток Бярэзіны) Катэгорыя:Рэкі Пухавіцкага раёна