Касцёл Святой Тройцы і кляштар аўгусцінцаў — рымска-каталіцкі сакральны комплекс, які існаваў з пачатку 15 ст. да 1830 года ў Брэсце.
Гісторыя Заснаваны каля 1410 года вялікім князем літоўскім Вітаўтам, які даў кляштару 2 карчмы ў Брэсце, загадаў выплачваць манахам па 4 грошы з мыта, па дзесяціне ад брэсцкіх мяшчан і з в. Бучэмля і Трасцяніца. Асноўны даход аўгусцінцы атрымлівалі ад в. Кастамлоты, якая належала ім да 1795 г. Кляштар меў таксама 2 юрыдыкі ў Брэсце, на яго карысць рабіліся грашовыя запісы, і ён лічыўся самым багатым сярод аўгусцінскіх кляштараў Вялікага Княства Літоўскага. У 17—18 стст. y ім жыло каля 20 манахаў, адбываліся ордэнскія капітулы, дзейнічалі школы філасофіі і тэалогіі, існавала бібліятэка, у якой станам на 1818 год былі 322 кнігі.
Кляштар і першы драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы, якія размяшчаліся ў прадмесці паміж рэкамі Мухавец і Укрынка, згарэлі ў 1666 годзе. Для новай пабудовы ў 1672 годзе берасцейцы ахвяравалі ім пляцы і дамы на рынку. Мураваны касцёл асвячоны біскупам y 1686 г. У пачатку 18 ст. ён зруйнаваны, каля 1714 года адноўлены, пасля пажараў 1801 і 1808 гадоў капітальна адбудаваны.
У 1830 годзе кляштар скасаваны, будынкі перададзены ваеннаму ведамству (размяшчаўся к-т крапасных інжынераў). Касцёл перабудаваны пад Мікалаеўскую царкву (захаваўся часткова).
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:З’явіліся ў 1686 годзе Катэгорыя:1686 год у Еўропе Катэгорыя:XVII стагоддзе ў Брэсце Катэгорыя:Зніклі ў 1010-я гады Катэгорыя:Аўгусцінскія кляштары Беларусі Катэгорыя:Колішнія касцёлы Брэста