Венесуэ́ла (), Баліварыя́нская Рэспу́бліка Венесуэ́ла () — краіна на поўначы Паўднёвай Амерыкі. Абмываецца Карыбскім морам i Атлантычным акіянам на поўначы, мяжуе з Гаянай на ўсходзе, з Калумбіяй на захадзе, з Бразіліяй на поўдні. Сталіца і найбуйнейшы горад — Каракас.
Краявіды Венесуэлы змяняюцца ад заснежаных пікаў Анд да саваннаў Арынокскай нізіны, ад дажджавых лясоў Амазоніі да сталовых гор Гвіянскага пласкагор’я. Жывая прырода Венесуэлы характарызуецца выключным відавым багаццем, аб чым сведчыць сёмае месца ў спісе краін паводле біяразнастайнасці.
У XVI—XVIII ст. была іспанскай калоніяй. У 1811 дэкларавала незалежнасць, у 1821—1830 уваходзіла ў склад федэрацыі Вялікая Калумбія. У 1830 атрымала поўную незалежнасць. З іспанскай спадчынай звязаны асаблівасці сучаснага насельніцтва Венесуэлы: іспанская мова, перавага ў этнічным складзе метысаў, каталіцтва як асноўная канфесія, размяшчэнне насельніцтва ўздоўж узбярэжжа.
Венесуэла — федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка, падзяляецца на 23 штаты і сталічную тэрыторыю. Палітычнае жыццё краіны вызначае ініцыяваная прэзідэнтам Чавесам Канстытуцыя 1999, паводле якой Баліварыянская Венесуэла — сацыялістычная дзяржава, што развіваецца з апорай на ўласныя сілы. У аснову знешняй палітыкі пакладзены антыамерыканскія погляды з марай аб шматпалярным свеце. У 2006—2013 Венесуэла самым шчырым чынам сябравала з Беларуссю.
Венесуэла паводле асаблівасцяў насельніцтва — тыповая паўднёваамерыканская краіна, але з некаторымі карыбскімі адзнакамі. Колькасць насельніцтва павялічваецца, але ўжо не вельмі хутка. У расавым складзе пераважаюць метысы, у рэлігійным — каталікі. Дзяржаўная мова — іспанская. Насельніцтва канцэнтруецца ўздоўж узбярэжжа і па далінах гор. У гарадах жыве 93 % венесуэльцаў.
Самая багатая нафтай краіна свету. Здабыча і экспарт нафты складаюць аснову эканомікі. Папулістычная палітыка Уга Чавеса і яго спадкаемцы Нікаласа Мадура прывялі да жудаснага эканамічнага крызісу, што распачаўся ў 2013 і цягнецца па сёння. Спыніўся прыток замежных інвестыцый; узраслі беспрацоўе, беднасць, дзіцячая смяротнасць. У венесуэльскіх крамах даўно няма самых неабходных тавараў. Па выніках 2018 інфляцыя склала 1 370 000 %.https://www.bloomberg.com/news/articles/2018-10-09/venezuela-s-2018-inflation-to-hit-1-37-million-percent-imf-says Усё гэта вылілася ў масавую эміграцыю, грамадзянскае супрацьстаянне з вулічнымі пратэстамі і міжнародны палітычны крызіс.
Венесуэла — адзін з пяці заснавальнікаў нафтавага картэля АПЕК. Са снежня 2005 Венесуэла — член Меркасур.
Этымалогія Краіна атрымала сваю назву падчас экспедыцыі іспанскага мараплаўцы Алонса дэ Ахеда, што ў 1499 наведаў паўночнае ўзбярэжжа Паўднёвай Амырыкі. Згодна з найбольш папулярнай і прынятай версіяй, індзейскія дамы на палях у раёне возера Маракайба нагадалі італьянцу Амерыга Веспучы — найбольш вядомаму сёння ўдзельніку экспедыцыі — Венецыю, таму ён назваў рэгіён «маленькай Венецыяй», што па-італьянску гучыць як Veneziola, а на іспанскі манер — Venezuela. Зрэшты, іншы ўдзельнік той экспедыцыі, Martín Fernández de Enciso, у сваёй працы «Summa de geografía» сцвярджае, што слова Veneciuela было саманазвай тубыльцаў.
У 1999 годзе да назвы Рэспубліка Венесуэла новым прэзідэнтам Уга Чавесам быў дададзены прыметнік «Баліварыянская».
Геаграфічнае становішча
Венесуэла — дзяржава плошчай 916 тыс. кв.км. на поўначы Паўднёвай Амерыкі. На працягу 2800 паўночных км абмываецца цёплымі водамі Карыбскага мора i Атлантычнага акіяна на поўначы. У Карыбскім моры Венесуэле належаць шматлікія астравы, найбуйнейшы з якіх — Маргарыта. Мяжуе з Гаянай на ўсходзе, з Калумбіяй на захадзе, з Бразіліяй на поўдні. На паўночным усходзе мае марскую мяжу з Трынідадам і Табага. Межы у асноўным цяжкапраходныя, ідуць па забалочаных і залесеных нізінах, стромых плато і высозных гарах. Такі характар межаў з аднаго боку спрыяе бяспецы краіны, з іншага — замінае развіццю інтэграцыі з суседзямі. Венесуэла прэтэндуе на дзве траціны тэрыторыі суседняй Гаяны на захад ад ракі Эсекіба.
Прырода
Тэрыторыя Венесуэлы адрозніваецца складанай геалагічнай будовай і, адпаведна, рэльефам. Заходняя частка краіны ляжыць у маладым складкаватым поясе — гэта паўночна-ўсходняя ўскраіна Андаў, дзе Усходняя Кардыльера дзеліцца на два ланцугі: Сьера-дэ-Перыха (заходні) і Кардыльера-дэ-Мерыда (усходні) з найвышэйшай кропкай краіны — гарой Балівар (5007 м). Паміж ланцугамі размяшчаецца адкрытая да Карыбскага мора ўпадзіна Маракайба. На паўднёвым усходзе Венесуэлы паўстала велічнае Гвіянскае пласкагор’е, якое геалагічна адпавядае Гвіянскаму шчыту Паўднёваамерыканскай платформы. Пры абсалютных вышынях 1-3 км, пласкагор’е ўражвае неверагоднымі стромымі схіламі кіламетровай вышыні — гэта рэльеф пясчанікавых сталовых гор тэпуі. Паміж Андамі і Гвіянскім пласкагор’ем заціснулася Арыноцкая нізіна, створаная адкладамі ракі Арынока і яе левых прытокаў.
Складанасць геалагічнай будовы абумовіла шырокі набор карысных выкапняў: нетры Венесуэлы тояць сусветныя запасы нафты (упадзіна возера Маракайба, першае месца ў свеце), рэгіянальныя запасы баксітаў і жалезных руд.
Клімат Венесуэлы характарызуецца чаргаваннем вільготных экватарыяльных паветраных мас пры штылявым надвор’і летам і сухіх пасатных вятроў зімой. На болей як трох чвэрцях плошчы краіны дажджлівы сезон працягваецца з мая па лістапад, сухі — з снежня па красавік. Тэмпературы мала змяняюцца на працягу года і залежаць у асноўным ад вышыні мясцовасці. Прыбярэжныя мясцовасці адрозніваюцца начной спякотай і высокай вільготнасцю паветра, на схілах і ў далінах гор тэмпературы ніжэй і ўмовы больш камфортныя для пражывання чалавека. Менавіта таму ўсе буйныя гарады размешчаны на вышыні ад 600 да 1850 метраў над узроўнем мора. Вышэй за 1800 м клімат значна халаднейшы.
Галоўная рака краіны — Арынока. Гэта трэцяя паводле даўжыні рака кантыненту і адна з самых шматводных рэк свету. Пры ўпадзенні ў Атлантычны акіян Арынока ўтварае вялікую дэльту. Вадазборны басейн Арынока займае прыкладна чатыры пятых тэрыторыі Венесуэлы. Рака Касік’ярэ сістэмы Арынока атрымала вядомасць дзякуючы з’яве біфуркацыі: Касік’ярэ злучае вярхоўі Арынока з вярхоўямі Рыу-Негру і яе воды падзяляюцца паміж дзвюма рачнымі сістэмамі. Яшчэ адзін з прытокаў сістэмы Арынока, рака Чурун, робіць галавакружны скачок з Аўян-Тэпуі, такім чынам утвараючы найвышэйшы ў свеце вадаспад — Анхель, вышынёй 979 метраў. На некаторых буйных прытоках Арынока (напрыклад, Карані) створаны вадасховішчы. На паўночным захадзе Венесуэлы знаходзіцца кроплепадобнае возера-лагуна Маракайба, найвялікшае возера Паўднёвай Амерыкі.
Разнастайнасць абсалютных вышынь, колькасці ападкаў і іншых умоў асяроддзя тлумачыць неаднароднасць расліннага покрыва і багацце флоры краіны. Можна вылучыць некалькі фларыстычных абласцей. Венесуэльскія Анды — гэта працяг Андыйскай вобласці захаду Паўднёвай Амерыкі. Схілы венесуэльскіх Анд пакрытыя густымі і цяжкапраходнымі мохавымі туманнымі лясамі. Гэта пояс хіннага дрэва (Cinchona). Вышэй мяжы вырастання дрэў знаходзяцца бязлесныя парама з дамінаваннем хмызнячкоў і падушкападобных раслін. Гэтыя высакагорныя супольнасці радуюць вока шматлікімі яркімі кветкамі, якія надаюць ім падабенства з вялізнымі альпійскімі садамі. Вобласць Льянас на Арыноцкай нізіне ўяўляе сабой абшары саваннаў: зараснікі высокай травы, пальмавыя гаі і рэдкалессі. Добра прадстаўлены многія сямействы, але найбольш прыкметныя бабовыя і пальмы, якія выпінаюцца з мора травы. Бліжэй да Карыбскага ўзбярэжжа лясы набываюць характар калючых зараснікаў з шматлікімі кактусамі і шыпастымі бабовымі. На поўдні і ўсходзе краіны ўздоўж межаў з Бразіліяй і Гаянай лістападныя лясы замяшчаюцца тыповымі дажджавымі амазонскімі лясамі з высокіх вечназялёных дрэў, шматлікімі ліянамі і слаба выяўленым падлескам. Невялікая па плошчы, але самая цікавая фларыстычная правінцыя займае плоскія вяршыні тэпуі. Гэта старажытная рэліктавая зона. Тут расце шмат вузкаэндэмічных верасовых, марэнавых, брамеліевых і кіпарысавых.
У Венесуэле водзяцца ягуар, пума, ацэлот, хмызняковы сабака, блізкая да куніц тайра, выдры, малпы, свінкавыя, нутрыя, дзікабраз, тапір і пекары. Сустракаюцца таксама алені і апосумы. У многіх рэках звычайныя кракадзілы, алігатары і чарапахі. У джунглях прадстаўлены ўдавы, іншыя змеі і яшчаркі. На нізінах сустракаецца мноства жураўлёў, чапляў, буслоў, качак і іншай воднай дзічыны, а ў гарах — драпежных птушак.
У Венесуэле 43 нацыянальных паркі, да ліку найбольш вядомых адносяцца Канайма, Маракой, Мачыма.
Гісторыя
Першыя сляды чалавека на зямлі сучаснай Венесуэлы датуюцца 15 тысячамі гадоў. Каменныя скрабкі, вастрыі коп’яў ды іншыя прадметы старажытнага ўжытку такога ўзросту былі знойдзены на тэрасах ракі Рыа Педрэгал. Найбольш развітай дакалумбавай культурай у паўночных Андах лічыцца гістарычная супольнасць Цімота-Куіка (ісп. Timoto-cuicas). На памяць чалавецтву ад іх засталася ў першую чаргу антрапаморфная кераміка. Таксама ім прыпісваюць вынаходніцтва аладак арэпа — асноўнага прадукту венесуэльскай кухні. Лічыцца, што напярэдадні прыбыцця Калумба на зямлі сённяшняй Венесуэлы жыло каля 1 млн чал.
У 1498 Калумб падчас свайго трэцяга падарожжа праплыў уздоўж дэльты Арынока і трапіў у заліў Парыя. Уражаны магутнай прэснаводнай плынню, што адносіла яго на ўсход, Калумб у захапленні пісаў Ізабэле і Фердынанду, што, маўляў, дасягнуў брамы «нябёсаў на зямлі», бо толькі з нябёсаў можа плыць такая магутная рака. У 1499 узбярэжжа Венесуэлы наведаў больш празаічны Алонса дэ Ахеда з Амерыга Веспучы на борце, які і даў краіне сучасную назву. Іспанская каланізацыя Венесуэлы, тады больш вядомай пад назвай Новая Андалузія, пачалася ў 1522 годзе з заснаваннем пасялення на месцы сучаснай Куманы. У 1567 іспанцы заснавалі Каракас, і горад ва ўрадлівай прахалоднай даліне, захінуты сцяною гор ад узбярэжнай спякоты і піратаў, хутка набыў сталічнае значэнне. Заваёўнікі сутыкнуліся з адпорам з боку індзейцаў, якіх павялі за сабой правадыры Гуаікайпура і Таманака. Індзейцы ж сутыкнуліся не толькі з тэхнічнай перавагай прыхадняў, але і з еўрапейскімі хваробамі, што былі яшчэ няўмольнейшымі за сваіх носьбітаў. З 1718 Венесуэла стала часткай віцэ-каралеўства Новая Гранада.
5 ліпеня 1811 года Венесуэла дэкларавала незалежнасць. Разбуральнае каракаскае землетрасенне 1812 года разам з паўстаннем арыноцкіх льянера дапамаглі іспанцам аднавіць уладу. Спатрэбілася яшчэ дзесяцігоддзе вайны з іспанскімі каланіяльнымі войскамі, каб у 1821 Венесуэла стала часткай насамрэч незалежнай Вялікай Калумбіі. У гэтым годзе адбылася бітва пры Карабоба, у якой Сімон Балівар, Хасэ Паэс і Антоніа Сукрэ разбілі іспанцаў. У 1830 незадаволены федэральным урадам Хасэ Паэс узняў паўстанне, у выніку якога Венесуэла аддзялілася ад федэрацыі і стала самастойнай дзяржавай, а Паэс стаў яе першым прэзідэнтам.
XIX і першая палова XX стагоддзя прайшлі ў чаргаванні перыядаў палітычнага хаосу і дзяржаўных пераваротаў ды аўтакратычных рэжымаў ваенных-каўдыльё, першым сярод якіх стаў якраз генерал Паэс, што быў прэзідэнтам у 1830—1835, 1839—1843, 1861—1863 гг. У 1854 годзе было адменена рабства. Палітычны хаос прывёў да крывавай грамадзянскай вайны 1859—1863. Найбольш вядомым пасляваенным каўдыльё стаў Антоніа Гузман Бланка, што кіраваў Венесуэлай у 1870—1887, таксама як і Паэс, з антрактамі. 1895 адзначыўся канфліктам з Вялікабрытаніяй (так званы Венесуэльскі крызіс 1895) за тэрыторыю Гаяна-Эсекіба, на якую прэтэндавалі абедзве дзяржавы.