Вялі́кая Каўпе́ніца (, ) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Сталовіцкага сельсавета. Размешчана за 6 км на поўнач ад Баранавічаў, на скрыжаванні шашэйных дарог Брэст — Мінск і Баранавічы — Навагрудак. Насельніцтва 650 жыхароў, 275 гаспадарак (2005).

Этымалогія Аб паходжанні назвы Каўпеніца сярод мясцовых жыхароў існуе паданне, што калісьці побач з сучаснай вёскай размяшчалася дрыгвяністае балота, у якім расло шмат журавін. Аднойчы дзяўчына Ніца, збіраючы журавіны, нечакана трапіла ў багністае месца, і яе пачала паглынаць дрыгва. Ніца стала моцна крычаць. Яе пачуў юнак, якога, паводле падання, звалі Каўпей. Ён кінуўся ратаваць дзяўчыну. Але, спяшаючыся, сам трапіў у пастку дрыгвы. І дзяўчына і юнак загінулі ў балоце. У памяць аб іх балота сталі называць Каўпеніца — па імёнам юнака і дзяўчыны. Пазней вёска, заснаваная каля гэтага балота, таксама стала называцца Каўпеніца. Потым да назвы было дабаўлена слова Вялікая.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае Па пісьмовых крыніцах паселішча вядома з 1449 года. Спачатку з’яўлялася дзяржаўнай уласнасцю, а з сярэдзіны XV стагоддзя да 1831 года належала каталіцкай царкве. У 1781 годзе была пабудавана прыходская царква з дрэва.

Пад уладай Расійскай імперыі Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе ў складзе Расійскай імперыі, сяло Сталовіцкай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні. У 1798 годзе — 40 дамоў, ветраны млын і царква.

З 1831 года дзяржаўная маёмасць. У 1848 годзе перададзена ў арэнду К. Туганоўскаму. У 1852 годзе ў сяле адкрыта народнае вучылішча, якое размяшчалася ў памешчыцкім доме.

У час паўстання 1863—1864 гадоў тут знаходзіўся зборны пункт паўстанцаў. У 1886 годзе сяло, дзейнічалі праваслаўная царква, народнае вучылішча. У 1886—1887 гадах навучальным годзе ў школе займалася 56 вучняў, з іх было толькі 2 дзяўчынкі (настаўнік Дзмітрый Ходар). Паводле перапісу 1897 года ў сяле дзейнічалі праваслаўная царква, народнае вучылішча, піцейны дом. У 1898 годзе працавалі 2 ветраныя млыны і лясніцтва.

Найноўшы час У 1909 годзе побач з сялом знаходзіліся хутар Каўпеніца (1 двор, 11 жыхароў) і лясніцтва Каўпеніца (1 двор, 9 жыхароў).

З 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі, вёска Сталовіцкай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.

З 1939 года ў БССР. З 15 студзеня 1940 года ў Навамышскім, з 8 красавіка 1957 года Баранавіцкім раёнах Баранавіцкай, з 8 студзеня 1954 года Брэсцкай абласцей.

У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На франтах вайны загінула 8 аднавяскоўцаў.

У 1949 годзе тут створаны калгас «Бальшавік» (старшыня Фёдар Саўка). У 1970-я гады згарэла Свята-Іаана-Прадцечанская царква.

27 лютага 1978 года ў склад горада Баранавічы ўключана частка вёскіУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 27 лютага 1978 г. № 150 Аб уключэнні ў гарадскую мяжу горада Баранавічы хутара Храсты Навамышскага сельсавета, вёскі Баранавічы, часткі вёскі Вялікая Каўпеніца Каўпеніцкага сельсавета Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1978, № 7 (1561)..

Да 26 чэрвеня 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Каўпеніцкага сельсавета.

Інфраструктура Працуюць калгасная сядзіба, ветэрынарны ўчастак, рамонтна-механічныя майстэрні, магазін.

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1886 год — 57 двароў, 420 жыхароў. 1897 год — 216 двароў, 592 жыхары. XX стагоддзе: 1909 год — 110 двароў, 643 жыхары. 1921 год — 109 дамоў, 522 жыхары. 1939 год — 637 жыхароў. 1959 год — 592 жыхароў. 1970 год — 753 жыхары. 1998 год — 145 двароў, 433 жыхары. XXI стагоддзе: 2005 год — 650 жыхароў, 275 гаспадарак.

Славутасці Брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан на могілках

Страчаная спадчына Свята-Іаана-Прадцечанская царква (1781, згарэла ў 1970-х)

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Сталовіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Баранавіцкага раёна