Пётр (Пётра) Антонавіч Крачэўскі (Крэчэўскі) (7 жніўня 1879, в. Дубна, цяпер Гродзенская вобласць, Беларусь — , ) — беларускі палітычны і грамадска-культурны дзеяч. Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 года. Сябра Рады БНР, 3-і старшыня Рады БНР.
Біяграфія Нарадзіўся 7 жніўня 1879 года ў вёсцы Дубна Гродзенскай губерні ў сям’і вясковага дзяка Антона Крачэўскага, які служыў у адным з праваслаўных прыходаў у Кобрынскім павеце Гродзенскай губерні. Атрымаў пачатковую адукацыю ў Верхалескай школе Кобрынскага павета, вучыўся ў Жыровіцкім духоўным вучылішчы. Пасля паступіў у Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні, якую скончыў у 1902 годзе. Працаваў настаўнікам у царкоўна-прыходскай школе ў мястэчку Ялоўка. Неўзабаве пакінуў пасаду ў царкоўна-прыходскай школе і пайшоў працаваць народным настаўнікам. Настаўнічаў у Беластоцкім і Ваўкавыскім паветах. З 1909 года і да вайны працуе ў Віленскім дзяржаўным банку на пасадзе інспектара дробнага крэдыту. Спачатку быў некласным чыноўнікам. Калежскі рэгістратар (1911), губернскі сакратар (1914)Памятная книжка Виленской губернии на 1911 год. С. 31; тое ж на 1912 год. С. 33; тое ж на 1915 г. С. 38..
З 1914 года на вайсковай службе, на пасадзе справавода аднаго з вайкова-ветэрынатрынх лазарэтаў. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года старшыня Барысаўскага савета салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Дэлегат Усебеларускага з’езда 1917 года. На з’ездзе ўзначальваў мандатную камісію. Па разгоне ўвайшоў у Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда, а пасля ў Раду БНР.
З 19 лютага 1918 года ў складзе Народнага сакратарыята Беларусі, дзяржаўны кантралёр, з красавіка народны сакратар фінансаў, у траўні — народны сакратар гандлю і прамысловасці. 24 красавіка 1918 года ўзначаліў Цэнтральную беларускую гандлёвую палату. З ліпеня, у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады, адзін з лідараў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. У верасні 1918 года разам з Тодарам Вернікоўскім накіроўваўся ва Украіну з мэтай заключэння пагаднення аб тавараабмене, 27 верасня 1918 года па заканчэнне місіі вярнуліся ў Менск. З украінскім урадам была дасягнутая згода ў пытанні тавараабмену: узамен на ўкраінскія тавары БНР абавязвалася пастаўляць лесаматэрыялы, дровы і запалкі. Нямецкая акупацыйная адміністрацыя дала дазвол на ажыццяўленне абмену. У канцы 1918 года, пасля заключэння пагаднення паміж Літоўскай Тарыбай і Віленскай беларускай радай, Пётра Крачэўскі выконваў абавязкі камісара ў Гродзенскім павеце. З 13 снежня 1919 года старшыня Народнай Рады БНР, а пасля адзінай Рады БНР.
З 1920 года на эміграцыі ў Літве (Коўна), Чэхаславакіі. На эміграцыі ў Празе ўдзельнічаў у стварэнні Прадстаўніцтва Рады БНР, разгарнуў шырокую дыпламатычную дзейнасць, наладзіў інфармаванне заходнееўрапейскіх краін пра становішча ў БССР і Заходняй Беларусі. 26 верасня па 30 верасня 1921 года склікаў Усебеларускую канферэнцыю ў Празе, якая асудзіла Рыжскі мірны дагавор і пацвердзіла ідэалы незалежнасці Беларусі. Асудзіў рашэнне Другой Усебеларускай канферэнцыі 1925 года ў Берліне. Крачэўскі дамогся ад урада Чэхаславакіі стыпендый для беларускіх студэнтаў, адзін са стваральнікаў Беларускага загранічнага архіва ў Празе. У 1926 выдаў палітычна-навуковы альманах «Замежная Беларусь». У Празе жыў па адрасе: Vinohrady, Erbenova ul. 1. Памёр 8 сакавіка 1928 года ў Вінагродскай бальніцы Прагі. Пахаваны на Ольшанскіх могілках у Празе.
Творчасць
Аўтар вершаванай драмы «Рагнеда» (1921), вершаў, перакладаў з рускай, чэшскай і ўкраінскай моў. Аўтар гістарычных і літаратурных эсэ і артыкулаў.
Творы Три акта // Белорусское эхо. 1918. № 7. С. 5—7. Die Volkswirtschaft // Weissruthenien. Berlin: Curtis, 1919. S. 52—68. Скарына і незалежнасьць // Замежная Беларусь: зборнік гісторыі, культуры і эканомікі / Пад рэд. П. А. Крэчэўскага. Кн. 1. Прага: Выд-ва імяні Ф. Скарыны, 1926. C. 7—16. Беларусь у мінулам і сучаснам (нарыс географічнага, гістарычнага і эканамічнага доследу) // Замежная Беларусь: зборнік гісторыі, культуры і эканомікі. C. 31—77. Гісторыя беларускай кнігі // Замежная Беларусь: зборнік гісторыі, культуры і эканомікі. С. 99—116. Мандаты Б. Н. Р. // Замежная Беларусь: зборнік гісторыі, культуры і эканомікі. C. 121—139. Historija bielaruskaj knihi // Congrès International des Bibliothécaires et des amis du livre. Prague, 1926. P. 283—294. Рагнеда: Гіст. драма Х ст. у 4 актах з пралогам // Спадчына. 1993. № 3. С.16—30 Даклад на Усеславянскім кангрэсе 1924 у Празе [машынапіс, ДА РФ. Ф. Р5875, воп. 1, сп. 17, арк. 37—40]. Вильна и белоруссы [рукапіс, ДА РФ. Ф. Р5875, воп. 1, сп. 18, арк. 32—37]. Общее понятие об истории; происхождение славян; прародина славян; богатства славянской прародины; переселение славян; христианство восточных славян; татары [фрагменты машынапісу, ДА РФ. Ф. Р5875, воп. 1, сп. 19, арк. 28—72].У тэксце ёсць праўкі рукой В. Захаркі. Пазначана прозвішча Крэчэўскага і дата: 13.06.1925 Прага Кожны раз на гэтым самым мийсцы [машынапіс, ДА РФ. Ф. Р5875, воп. 1, сп. 8, арк. 4—5].Пазначана прозвішча Крэчэўскага і дата: 17.12.1925 Vzájemné styky Bělorusko-Litevskeho knížectvu z Czechy před 500sty lat [рукапіс, ДА РФ. Ф. Р5875, воп. 1, сп. 19, арк. 73—90].
Літаратура Мазец В. Крачэўскі (Крэчэўскі) Пётр Антонавіч //
Спасылкі
Крачэўскі Пётр Антонавіч
Катэгорыя:Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Катэгорыя:Міністры фінансаў БНР Катэгорыя:Удзельнікі Першага Усебеларускага з’езда Катэгорыя:Імігравалі ў Чэхаславакію з Беларусі Катэгорыя:Беларусы ў Чэхіі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мастоўскім раёне