Новы горад, або Новае места — паўднёвая частка горада Слуцка на левым беразе Случы. Са Старым горадам злучаўся мостам цераз Случ, на якім размяшчаліся млыны. Новы горад пачаў забудоўвацца пазней за Стары горад. У XVI ст. тут склалася прамавугольная сетка вуліц з адносна буйнымі кварталамі, забудаванымі драўлянымі дамамі.
У 1579 г. Слуцк быў падзелены паміж трыма братамі Алелькавічамі на Стары горад, Новы горад і Востраў. Новы горад атрымаў Ян Сямён Юр'евіч. У 1592 г. усе часткі горада і Слуцкае княства былі зноў аб'яднаны і перайшлі да апошняй князёўны з роду Алелькавічаў — Соф'і Юр'еўны, а праз яе — да Радзівілаў. Пры Радзівілах пабудаваныя новыя абарончыя ўмацаванні, цытадэль, распрацаваны рэгулярны план Новага горада.
У 1617 г. Януш Радзівіл пабудаваў у Новым горадзе драўляную кальвінісцкую царквую. Як паведамляюць крыніцы, кальвіністы часам мелі два зборы.
У 1630—1640-я гады ператвораны ў горад-крэпасць, умацаваны землянымі валамі і ровам, бастыёнамі і равелінамі. Вал Новага горада меў пяць бастыёнаў і адзін равелін. З усходу, абкружаная валам і ровам, знаходзілася квадратная ў плане з чатырма бастыёнамі па вуглах цытадэль, якая злучалася з гарадской крэпасцю. Уваход у Новы горад меўся толькі праз драўляную Навамейскую браму.
У 1710—1720-я гады ў Новым горадзе на месцы былой сядзібы шляхціца І. Клакоцкага, якую ён у 1706 г. падараваў езуітам, пабудаваны драўляныя касцёл і калегіум.
У 1804 г. увесь комплекс езуіцкага калегіума, акрамя скарбніцы, згарэў. У 1852 г. на месцы драўлянага кальвінскага збора ўзведзены мураваны.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Гістарычныя раёны Слуцка