Ні́на Паўлаўна Абра́мчык (дзявочае Ляўковіч; літаратурны псеўданім Ніна Раса; 10 сакавіка 1916 — 27 студзеня 2003) — беларуская грамадcка-палітычная дзяячка, пісьменніца. Жонка Міколы Абрамчыка.
Біяграфія
Да 1922 года была з бацькамі ў бежанстве. З 1926 па 1932 г. вучылася ў пачатковым вучылішчы ў Шанах. Скончыла Віленскую беларускую гімназію, з кастрычніка 1937 года вучылася на агранамічным факультэце ў Віленскім універсітэце, член Беларускага студэнцкага саюза. З восені 1939 году настаўнічала ў Смаляніцы на ПружаншчынеЖыццяпіс з асабістай справы студэнткі Віленскага ўніверсітэта..
Ад 1941 году жыла ў Берліне, дзе пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, працягвала вучыцца па спецыяльнасці ў Берлінскім універсітэце. Працавала ў газеце «Раніца» і Беларускім камітэце самапомачы. У 1943 г. разам з мужам пераехала ў Парыж (Абрамчык быў высланы з Берліна пад нагляд гестапа). Пісала апавяданні пад псеўданімам Ніна Раса. У 1947 г. выдала адзіны нумар перыёдыка Беларускага жаночага аб’яднання ў Францыі «Беларуска». У 1955 г. нарадзіла сына Альгерда.
Пасля смерці мужа адмовілася аддаць беларускай грамадзе архіў Рады БНР і амаль абарвала кантакты з беларусамі. Скончыла двухгадовы курс «Цывілізацыя Францыі» ў Сарбоне, наведвала курсы па падрыхтоўцы выкладчыкаў французскай мовы за мяжой. Працавала ў Musée de l’Homme ў Парыжы. Публікавала ў французскіх навуковых часопісах свае тэксты, прысвечаныя беларускай традыцыйнай культуры. Жыла ў прыгарадзе Парыжа Вілепэнт.
Памерла 27 студзеня 2003 года. Пахаваная ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз каля свайго мужа.. У некаторых крыніцах памылкова падаецца дата смерці як 2004 год, аднак на помніку ўказаны 2003 год.Як знайсці магілу Міколы і Ніны Абрамчык
Выдавецкая дзейнасць Беларускі камітэт самапомачы ў Берліне ў другой палове 1942 году пачаў спарадычна выпускаць кнігі і брашуры, што было заслугай Міколы Абрамчыка і ягонай жонкі. Улетку 1942 году Абрамчыкамі былі выдадзеныя «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Ад родных ніў» Ларысы Геніюш. Першая з іх была перадрукам даваеннага віленскага выдання, а другую падрыхтаваў да друку Вітаўт Тумаш, карыстаючыся тэкстамі, апублікаванымі ў «Раніцы» і атрыманымі ад аўтаркі з Прагі. Абедзве кнігі былі адначасова надрукаваныя ў пражскай друкарні «Палітыка» і ў верасні 1942 году рэкламаваліся на старонках «Раніцы».
Ніна Абрамчык таксама апрацавала і выдала ў 1942—1943 гадах некалькі кніг: «Беларусь у песьнях», зборнік папулярных песень і патрыятычных вершаў. «Гісторыя Беларусі ў картах», апрацаваная паводле лекцыяў, якія ў 1941—1942 гады чытаў Мікола Абрамчык на курсах беларусазнаўства ў Берліне, выйшла накладам 3500 асобнікаў і распаўсюджвалася ў беларускіх школах Беласточчыны і Варшавы. «Калядныя песьні», зборнік 20 беларускіх калядак у апрацоўцы святара Віктара Шутовіча. «Пад гоман вясёлы», зборнік 30 беларускіх папулярных песень, рамансаў і прыпевак.
Даследніцкая дзейнасць, творчасць Ніна Абрамчык, апрача выдавецкай дзейнасці, пісала вершы, апавяданні. І дасюль малавядомай застаецца даследніцкая дзейнасць дыяспарнай дзяячкі па-французску. Яна працавала ў Музеі чалавека ў Парыжы. У канцы 1990-х гадоў у французскіх навуковых часопісах («Eurasie», «Ethnozootechnie») з’яўляюцца артыкулы фалькларысткі і этнолага Ніны Абрамчык (une ethnologue Nina Abramtchik)У. Гарбацкі, Невядомая спадчына: этналагіня Ніна Абрамчык. Новы Час, 17-05-2018.. На ейныя даследаванні жаночай традыцыйнай культуры спасылаюцца квебекскія даследніцы (Pauline Greenhill, Diane Tye, 1997 год)Undisciplined Women: Tradition and Culture in Canada. Pauline Greenhill and Diane Tye, eds. Montreal and Kingston: McGill-Queen’s University Press, 1997..
У часопісе «Eurasie» Ніна Абрамчык надрукавала грунтоўныя артыкулы, прысвечаныя розным аспектам традыцыйнай культуры беларусаў. У нумары за 1994 год супрацоўніца Музея чалавека апублікавала даследаванне «Le lin chez les Biélorussiens, un exemple de sacralité locale» (Лён у беларускай культуры, прыклад мясцовай сакральнасці). У 1999 годзе Ніна Абрамчык апублікавала падобныя фальклорныя апісанні і аналіз, што датычыць месца і значэння каня ў традыцыйнай культуры беларусаў: «Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes» (Конь у беларускай культуры. Казкі і cымбалі). Артыкул з’явіўся ў калектыўным зборніку, што быў прысвечаны вобразу і месцу каня ў еўрапейскай культурыAbramtchik Nina (1996), Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes // Le cheval en Eurasie. Pratiques quotidiennes et déploiements mythologiques, Paris, L’Harmattan, p. 165—171.. У 2000 годзе даследніца напісала артыкул пра гісторыю і значэнні колераў у беларускай культуры «Couleurs de Biélorussie (Belarus)» (Колеры Беларусі).
Публікацыі Вогненны камень (Палеская легенда) // Ранiца. № 35 (5.09.1943), с. 4. Le lin chez les Biélorussiens, un exemple de sacralité locale. (La Biélorussie, dép. Polesie, reg. Pruzana, villages: Kuplin, Kruhlaïe, Sanie) // Eurasie, 1994, p. 51-58. Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes // Eurasie, 1999, p. 165-171.
Літаратура Абрамчык Ніна // Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002. Абрамчык Ніна // Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944) . — Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с.
Спасылкі
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Пружанскім раёне Катэгорыя:Члены Беларускага студэнцкага саюза Катэгорыя:Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі Катэгорыя:Імігравалі ў Францыю з Беларусі Катэгорыя:Імігравалі ў Германію з Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі