Кра́сная Во́ля (, ) — аграгарадок у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. Уваходзіць у склад Вулькаўскага сельсавета. У 1940—1954 гадах цэнтр Краснавольскага сельсавета.

За 27 км на паўночны ўсход ад Лунінца ў мясцовасці з развітой рачной сеткай і ляснымі масівамі, характэрнымі для Прыпяцкага Палесся. За 1 км ад паселішча цячэ рака Смердзь.

Звязана аўтамабільнай дарогай мясцовага значэння з рэспубліканскай трасай (Кобрын-Гомель).

Назва Воля — паселішча, жыхары якога вызвалены гаспадаром зямлі ад павіннасцей на пэўны час, часта пры заснаванні новай вёскі перасяленцамі. Красная — раней значыла прыгожая.

Гісторыя Мясцовасць заселена са старажытнасці пра што сведчыць выяўленая стаянка бронзавага веку.

У 1672 годзе Красная Воля — сяло маёнтка Лахва ў Навагрудскім павеце ВКЛ, уласнасць Жыгімонта Радзівіла, 48 двароў і 32 валокі зямлі. Паводле інвентару 1743 года вёска і двор Воля (у 1785 годзе 36 двароў). У канцы 1780-х гадоў каля вёскі заснаваны фальварак — гаспадарчы двор з ворывам, якое апрацоўвалі прыгонныя сяляне.

У 1764 годзе прыхаджанамі пабудавана Траецкая царква, якая належала да Лахвенскай царквы. Да нашых дзён не захавалася.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, у Мазырскім павеце Мінскай губерні. У пачатку XX ст. у Лахвенскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні.

З сакавіка 1921 г. у складзе Польшчы, у Лахвенскай гміне Лунінецкага павета Палескага ваяводства.

З канца 1939 г. у БССР, з кастрычніка 1940 г. — цэнтр Краснавольскага сельсавета Лунінецкага раёна Пінскай вобласці. Са студзеня 1954 г. вёска таго ж раёна Брэсцкай вобласці, з ліпеня 1954 г. у Вулькаўскім сельсавеце.

З 08.08.2011 года — аграгарадок Красная Воля.

Старажылы сцвярджаюць, што наступленне балота Грычын уніз па Смердзі адбывалася паступова і Красная Воля была адрэзана балотам не раней як у 1720-я гады. Паводле падання, у гады Паўночнай вайны яшчэ быў прамы шлях з Гоцка (Салігорскі раён) праз Красную Волю да Дзятлавіч, якім праходзілі войскі шведскага корпуса Левенгаўпта і дзе ёсць магілы «шведоўскіе» і «копелёўскія» — ад імя генерала Копеля, што камандаваў расійскім атрадам. Камяні могілак быццам былі скарыстаны для будаўніцтва лазні ў 1918 г. (звесткі перадаў мясцовы краязнаўца Даніла Данілавіч Раўковіч з Міжлесся).

Насельніцтва

1886 год — 408 жыхароў 1921 год — 1052 жыхара 1990 год — 1060 жыхароў 1999 год — 954 жыхара 2009 год — 806 жыхароў 2019 год — 606 жыхароў

Рэлігія У 2012 годзе Краснай Волі Лунінецкага благачыння ўзведзена Царква Святых новапакутнікаў і спаведнікаў беларускіх.

Агульнымі намаганнямі прыхаджан, а ў асаблівасці працамі Кароль Валянціны Канстанцінаўны, прыход пачаў утварацца яшчэ ў 1991 годзе. Тады ж былі складзеныя дакументы на царкву, але будаўніцтва не пачалося, а дакументы былі згубленыя. У 2003 годзе Валянціна Канстанцінаўна зноў спрабавала аднавіць будаўніцтва, але толькі ў 2007 годзе былі складзеныя новыя дакументы. У 2009 годзе, протаіерэем Фёдарам (Пуцько) настаяцелем Траецкай царквы в. Вічын, была праведзена закладка царквы на месцы, дзе раней знаходзілася Траецкая царква, разбураная ў 1962-1963-х гадах. Праз год прыход айца Фёдара быў падзелены і на новаўтвораны быў прызначаны іерэй Аляксей (Ільючык).

11 жніўня 2012 года адбылося асвячэнне храма, якое ўзначаліў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан.

Вядомыя асобы Янка Раковіч (1923—2006) — кіраўнік культурнага таварыства «Полацак» (Кліўленд, ЗША).

Славутасці Помнiк-самалёт МiГ-23МЛ

Гл. таксама Вулькаўскі сельсавет (Лунінецкі раён) Лунінецкі раён Смердзь

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Вулькаўскі сельсавет (Лунінецкі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Лунінецкага раёна