Га́мбія (, ), Рэспу́бліка Га́мбія () — дзяржава ў Заходняй Афрыцы. З’яўляецца самай маленькай краінай у кантынентальнай частцы Афрыцы. На поўначы, усходзе і поўдні мяжуе з Сенегалам, на захадзе мае невялікую берагавую лінію Атлантычнага акіяна. 18 лютага 1965 года Гамбія атрымала незалежнасць ад Брытанскай імперыі і ўвайшла ў Садружнасць нацый, знаходзілася ў арганізацыі да 2 кастрычніка 2013 года. Сталіцай з’яўляецца Банджул, найбуйнейшы горад — Серэкунда.
12 снежня 2015 года мінулы прэзідэнт дзяржавы Яя Джамэ абвясціў Гамбію ісламскай рэспублікайВ мире появилась пятая исламская республика. 29 студзеня 2017 новы прэзідэнт Адама Бэроу перайменаваў краіну назад у Рэспубліку ГамбіяThe Gambia: President Adama Barrow pledges reforms.
Геаграфія
Геаграфічнае становішча Краіна размешчана між 13 і 14° п.ш. у Заходняй Афрыцы, мае форму палосы даўжынёй каля 400 км, распасціраецца па абодвух баках ракі Гамбія, шырыня палосы ў асноўным вар’іруецца ад 24 да 28 км, у вусці ракі — 45 км. На ўсходзе, поўначы і поўдні мае мяжу з Рэспублікай Сенегал, агульная працягласць мяжы — 740 км. З захаду амываецца Атлантычным акіянам, берагавая лінія — 80 км. Плошча краіны складае 11 000 км², з якіх 10 000 км² прыходзіцца на сушу, 1000 км² — на водную паверхню. Гамбіі таксама прыналежыць кантынентальны шэльф плошчай 4000 км² і 200-мільная выключная прыбярэжная эканамічная зона плошчай 10 500 км².
Рэльеф Уся тэрыторыя краіны не перавышае паводле вышыні 60 м над узроўнем мора. Больш за 48 % Гамбіі не перавышае 20 м, пры гэтым каля 30 % — не вышэй за 10 м. Толькі 4 % краіны — тэрыторыя ад 50 да 60 м над узроўнем мора.
У залежнасці ад далёкасці ад ракі краіна можа быць падзелена на тры тапаграфічныя раёны: Ніжні лог (4048 км², 39 % краіны) — тэрыторыя, якая распасціраецца непасрэдна каля ракі Гамбія і яе прытокаў. Характарызуецца дрэнна алювіяльнымі асадкавымі ўтварэннямі, дрэнна высахшымі глебамі і багатым водазабеспячэннем. Тэрыторыя ніжняга логу падвяргаецца рэгулярным сезонным затапленням, што спрыяе ўтварэнню сезонных балот (фаро), шырыня якіх дасцігае 2 км, да захаду ад вострава Макарці. Перасечанае пясчанае плато (57 % краіны). Тэрыторыя складаецца з пясчаных халмоў і дробных логаў. Пясчанікавае плато (4 % краіны). Усходняя частка краіны складаецца з нізкіх камяністых пясчанікавых халмоў, якія ў асноўным не культывіруюцца і не пакрытыя расліннасцю.
Геалогія і глебы Геалогія Гамбіі адносіцца да параўнальна нядаўніх трацічнага і чацвярцічнага перыядаў. Краіна з’яўляецца часткай трацічнага кантынентальнага плато, якое накрывае 53 % краіны ўздоўж ракі алювіяльнымі адкладаннямі чацвярцічнага перыяду. Чаргаванні сухіх і вільготных перыядаў спрыялі фармаванню жалезарудных адкладанняў плейстацэну.
Утваранні трацічнага перыяду ўключаюць комплексы алігацэну, міяцэну і пліяцэну і з’яўляюцца часткай устойлівай кантынентальнай кары. Складаюцца з пяску, пясчаніку, глею і гліны. Узрост ацэньваецца ад 33 млн гадоў (алігацэн) да 2,5 млн гадоў (позны пліяцэн).
Чацвярцічныя адкладанні (узростам не старэй за 1,6 млн гадоў) складаюцца з 6 утваранняў, якія прыналежаць да галацэну і плейстацэну. Геалагічныя комплексы эпохі галацэну ў асноўным складаюцца з грубага пяску і глею ўздоўж ракі і ўзбярэжжнымі пляжнымі комплексамі з непадзеленых пяску і глею. Ва ўсходняй Гамбіі чацвярцічныя ўтваранні складаюцца з жалезных руд і жвіру.
Карысныя выкапні Увогуле краіна бедная на карысныя выкапні. Вялікія запасы кварцавага пяску, дастатковыя для шклянай вытворчасці, знойдзены ў Абука, Бруфуце, Дарсіламі (Заходні раён), Мбанкаме і Бакендзіке (раён Паўночны Бераг) і Каіафе (раён Ніжняя Рака). Урад шукае інвестараў для распрацоўкі дадзеных радовішчаў. На ўзбярэжжы акіяна так званы «чорны» пясок змяшчае ільменіт, рутыл і цыркон. Запасы дадзеных мінералаў пасля зняцця 1 % слою глебы ацэньваюцца ў 995 000 т. У дадзены час прыцягваюцца замежныя інвестары для далейшых распрацовак.
Водныя рэсурсы
Аб’ём аднаўляемых водных рэсурсаў Гамбіі ацэньваецца ў 8,0 км³/год, з якіх 5,0 км³ прыходзіць у краіну праз Сенегал і Гвінею. Паверхневыя воды даюць ацэначна 3,0 км³ у год, штогадова аднаўляемыя грунтовыя воды — 0,5 км³.
Штогадовае спажыванне вады складае 30,6 млн м³, г.зн. 0,38 % ад агульнай колькасці аднаўляемых водных рэсурсаў. 67 % вады выкарыстоўваецца для спатрэб сельскай гаспадаркі. Агульная колькасць вады, якая скарыстоўваецца ў краіне, павялічылася на 50 % з 1982 па 2000 год, аднак сярэдняя колькасць ужывальнай вады на чалавека паменшылася з 29 да 23,5 м³. Забяспечанасць насельніцтва чыстай пітнай вадой складае 62 %.
Рака Гамбія мае важнае значэнне для транспарта, ірыгацыі и рыбалоўства. Рака Гамбія і яе прытокі займаюць 970 км², у час паводкі — 1965 км² (18 % ад агульнай тэрыторыі краіны). У вусці, якое знаходзіцца побач з мысам Святой Марыі, шырыня ракі складае 16 кіламетраў, глыбіня — 8,1 м. Найменшая шырыня ракі на тэрыторыі Гамбіі — каля 2000 м. У Банджуле, дзе функцыянуе паром да Бары, ручво ракі звужваецца да 4,8 км. Рака прыдатная для судаходства на працягу 225 км уверх па плыні. Першыя 129 км ад Банджула рака аблямаваная мангравымі лясамі, якія змяняюцца крутымі ўцёсамі, якія пакрытыя расліннасцю, услед ідуць берагі, якія пакрытыя высокай травой. Уся рака і яе шматлікія прытокі вядомыя сваёй арнітафаўнай, а таксама насяляючымі гіпапатамамі, кракадзіламі і бабуінамі.
Клімат Клімат Гамбіі з’яўляецца адным з самых спрыяльных у Заходняй Афрыцы для вядзення сельскай гаспадаркі. Клімат — субэкватарыяльны, з выразна адкрэсленным сухім (з лістапада па май) і даждлівым (з чэрвеня па кастрычнік) сезонам. Сухі вецер, які ў сухі сезон дзьме з боку Сахары, называецца харматан. Дзякуючы яму зімы ў Гамбіі мяккія без ападкаў, пераважаюць сонечныя дні. З лістапада па май тэмпература паветра кратаецца ад 21 да 27 °C, адносная вільготнасць — ад 30 да 60 %. Сярэдняя тэмпература ў летнія месяцы — ад 27 да 32 °C з высокай адноснай вільготнасцю. Даждлівы сезон пачынаецца ў чэрвені і скончваецца ў кастрычніку. Увогуле назіраюцца начныя тэмпературы на беразе вышэй за тыя, што ва ўнутраных раёнах. Колькасць ападкаў у большай частцы краіны не перавышае 1000 мм і нават у даждлівы перыяд пераважаюць сонечныя дні.
Флора і фаўна
Нягледзячы на невялікую тэрыторыю, краіна багатая на прадстаўнікоў расліннага і жывёльнага свету. У Гамбіі вырастаюць 974 віды раслін. Сярод 117 відаў сысуноў, якія заселены ў Гамбіі, сустракаюцца вельмі буйныя жывёлы — жырафы і сланы, якія знаходзяцца на мяжы вымірання. Гамбія з’яўляецца месцам засялення таксама для гіпапатамаў, плямістых гіенаў, бародавачнікаў, бабуінаў і мностваў мелкіх сысуноў — 31 віда кажаноў, 27 відаў грызуноў і іншых.
Вядома, што з 560 відаў птушак, знойдзеных у Гамбіі, 220 гняздуецца на яе тэрыторіі. Колькасць відаў марскіх і прэснаводных рыбаў складае 620. З паўзуноў (72 віды) краіну насяляюць 4 віды марскіх чарапах, 7 відаў прэснаводных чарапах, 2 віды сухапутных чарапах, 17 відаў яшчарак, 3 віды кракадзілаў і 39 відаў змей. У Гамбіі пражываюць таксама 33 віды земнаводных. Свет насякомых Гамбіі вельмі разнастайны, у краіне жывуць 78 відаў стракоз і 175 відаў матылёў.
Ахоўныя тэрыторыі У Гамбіі 7 запаведнікаў і нацыянальных паркаў, якія займаюць 3,6 % тэрыторыі краіны.
Нацыянальны рэзерват Абука, які функцыянуе з 1968 года, размешчаны зблізку вёскі Ламін у 25 км ад Банджула. Плошча Абука 105 га — найменшая сярод запаведнікаў Афрыкі. Несмотря на маленькую площадь, Абуко знаменит богатой флорой и фауной. Лясны парк Біджыла — невялікі (51 га) рэзерват на узбярэжжы, адкрыты для наведвання бясплатна ўвесь год. Жывёл, якія пражываюць у парку, няшмат, маюцца некалькі відаў малпаў і мноства розных відаў птушак. Нацыянальны парк Кіанг Вэст — лес, які размешчаны на паўднёвым беразе ракі Гамбія. Сярод жывёл, якія пражываюць у парку — антылопы, малпы і мноства птушак. Плошча парку — 11 000 га. Рэзерват Баабалонг — забалочаная тэрыторыя з плошчай 22 000 га на паўночным беразе ў цэнтральнай частцы ракі Гамбія, размешчаная насупраць парку Кіанг Вэст. Нацыянальны парк Ніумі размешчаны ў паўночна-заходняй Гамбіі і ўключае таксама выспу Гінак. Плошча парку — 5000 га. Рачны птушыны рэзерват Танджы размешчаны на прыбярэжжы ў заходняй Гамбіі. 612 га тэрыторыі ўключаюць выдмы, лагуны, мангравыя і іншыя лясы, у якіх жывуць мноства птушак. Нацыянальны парк ракі Гамбія (больш вядомы як астравы Бабуінаў) размяшчаецца на тэрыторыі 580 га на рачных астравах блізка Янянбурэху. Заснаваны як запаведнік для шымпанзэ. Закрыты для наведвальнікаў.
Гарады Найбуйнейшай гарадской агламерацыяй Гамбіі з’яўляецца Вялікі Банджул, куды ўваходзяць сталіца краіны Банджул, найбуйнейшы горад краіны Серэкунда, Бакау і шэраг больш мелкіх гарадоў. Буйны горад Брыкама размешчаны ў 20 км на поўдзень ад сталіцы. Астатнія гарады размешчаны па плыні ракі Гамбіі.
Гісторыя
Старажытны перыяд Знойдзеныя археалагічныя артэфакты (у могільніках знойдзены каменныя сякеры, гліняныя чарапкі, жалезныя дзіды, медныя браслеты) даказваюць, што першыя людзі жылі на прыбярэжжы ракі Гамбія каля 2000 год да н. э. Першай вядомай пісьмовай крыніцай, дзе ўзгадана Гамбія, з’яўляюцца запісы карфагеняніна Ганона, напісаныя пасля таго, як карфагенскія мараходы наведалі раку Гамбія. У III стагоддзі сетка гандлю рабамі ўключыла ў сябе рэгіён ракі Гамбія. Познія каралеўствы Фоні, Комба, Сіне-Салом і Фуладу сталі гандлёвымі партнёрамі буйных імперый Заходняй Афрыкі ў Гамбіі. У V—VIII стагоддзях большая частка сенегамбійскай тэрыторыі была заселеная плямёнамі серахуле, чые нашчадкі цяпер складаюць каля 9 % насельніцтва краіны.
Пасля арабскага заваявання Паўночнай Афрыкі ў пачатку VIII стагоддзя на тэрыторыі Імперыі Гана распаўсюдзіўся іслам. Каля 750 года ў Васу на паўночным узбярэжжы ракі Гамбія была пакінута вялікая колькасць каменных слупоў, найбуйнейшыя з якіх вышынёй у 2,6 м важаць 10 тон. Камяні падобныя да адзнак пахаванняў каралёў і правадыроў на тэрыторыі Імперыі Гана. У ХІ стагоддзі некаторыя ісламскія кіраўнікі былі пахаваныя на тэрыторыі краіны такім жа чынам, і частку каменных колаў абвясцілі свяшчэннымі.
Усходняя Гамбія была часткай вялікай Заходне-Афрыканскай імперыі, якая квітнела тысячагоддзе, пачынаючы з 300 года. Адносная палітычная стабільнасць абгрунтоўвалася дазволам гандлю і вольным перамяшчэннем людзей праз рэгіён. Моцныя каралеўствы арганізоўваліся з сямей і кланаў, такіх як валоф, мандынка і фульбэ (фулані), ствараючы вялікія сацыяльныя і палітычныя ўтварэнні. Малыя групы мандынка засялілі тэрыторыю Гамбіі ў перыяд XII—XIII стагоддзяў, а імперыя Мандынка ў Малі дамінавала ў рэгіёне ў XIII—XIV стагоддзях.
Еўрапейцы ў Гамбіі
Першымі еўрапейцамі, якія прыбылі ў Гамбію ў 1455 годзе, былі партугальскія мараходы Луіш дэ Кадамосту і Антоніаці Усодзімарэ. У 1456 годзе яны вярнуліся, здзейснілі вандроўку на 32 км уверх па рацэ і праплылі міма вострава, якому яны далі імя «Востраў Святога Андрэя» у гонар каталіцкага святога — заступніка загінуўшага марака, якога яны пахавалі на гэтым востраве (далей востраў перайменавалі ў востраў Джэймс). Першыя партугальскія гандляры заўважылі людзей плямёнаў мандынка і валоф у месцах іх сучаснага паселішча, якія далей былі асіміліраваныя тутэйшым насельніцтвам.
У 1587 годзе англічане пачалі гандляваць у рэгіёне пасля таго, як Прыор Крыта Антоніу прадаў англічанам эксклюзіўныя правы на гандаль на рацэ Гамбія. У 1621 годзе адзін з гандляроў, Рычард Джобсан, апісаў жыццё жывёлагадоўцаў-фульбэ і іх узаемаадносіны з народам мандынка. Паміж 1651 і 1661 гадамі частка Гамбіі, набытая прынцам Якабам Кетлерам, знаходзілася пад панаваннем Курляндыі. Курляндцы атабарыліся на востраве Святога Андрэя, які яны выкарыстоўвалі ў якасці гандлёвай базы да яго захопу англічанамі ў 1661 годзе.