Гластанбэ́рскае аба́цтва () — колішні кляштар у Гластанберы, Сомерсет, Англія. Рэшткі кляштару занесеныя ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Вялікабрытаніі і адкрытыя для наведвання.

Гісторыя Існуе сярэдневяковае паданне, нібыта абацтва было заснавана ў I стагоддзі адным з вучняў або прыхільнікаў Хрыста Іосіфа Арымафейскага. Гэтая неверагодная легенда шчыльна звязаная яшчэ з адной версіяй, прапанаванай паэтам Робертам дэ Баронам у XII стагоддзі, нібыта тут знаходзіцца Авалон, месцазнаходжанне Святога Граалю і пахавання караля АртураAshe pp.83-90 and p.279.

Абацтва заснаванае брытамі на пачатку VII стагоддзя. Пасля бітвы пад Пеонумам яно перайшло ў рукі саксонцаў.

У X стагоддзі гластанбергскі абат святы Данстан разбудаваў царкву і ўсталяваў у абацтве Статут святога Бенедыкта.

Пасля заваёвы Англіі нарманамі ў 1066 новы нарманскі абат Тэрстын заняўся дабудовай царквы. Аднак у 1077 годзе ён быў зняты з пасады за забойствы манахаў, учыненыя яго ўзброенымі слугамі непасрэдна ля алтару.

Кляштар быў значна пашкоджаны падчас пажару ў 1184 годзе. Амаль неадкладна пачалася пабудова новае царквы, і ўжо ў 1186 адбылася кансекрацыя . Набажэнствы ў рэкансекраванай Вялікай царкве пачаліся на Ражство 1213 года.

У XIV стагоддзі Гластанбергскае абацтва саступала па заможнасці і магутнасці толькі Вэстмінстэрскаму. Падчас вайны ружаў яго ваколіцы былі абкружаны мурамі дзеля аховы.

Падчас секулярызацыі Генрыха VIII абацтва было разрабавана, апошні абат Рычард Уайтынг у 1539 быў павешаны, выпатрашаны і чацвяртаваны як здраднікGasquet, p.90. Камяні і волава з руінаў абацтва былі расцягнуты на пабудову іншых будынкаў.

Да XIX стагоддзя мясцовасць пераходзіла да розных уласнікаў, якія таксама выкарыстоўвалі руіны як будаўнічы матэрыял і нават як каменаломню. Урэшце парламенцкі акт 1882 года спыніў далейшы заняпад і адкрыў шлях да першых археалагічных і гістарычных даследаванняў абацтваCarley, 1988, pp.169-175.

У 1908 годзе рэшткі Гластанбергскага абацтва былі набыты дыяцэзіяй Бата і Уэльса і з тае пары належаць царкве Англіі. З 1924 сюды ладзяцца пілігрымкі; набажэнствы ладзяцца ў англіканскай, каталіцкай і праваслаўнай традыцыях.

Спасылкі

Афіцыйная старонка

Катэгорыя:Бенедыкцінскія кляштары Вялікабрытаніі Катэгорыя:Манастыры Англіі Катэгорыя:Музеі Англіі Катэгорыя:Месцы паломніцтва Катэгорыя:Артурыяна Катэгорыя:Сомерсет