БГК імя́ Мяшко́ва — беларускі гандбольны клуб з Брэста, шматразовы чэмпіён і ўладальнік Кубка Беларусі. Удзельнік міжнародных SEHA-лігі і Лігі чэмпіёнаў.
Гульні праводзіць у залы ўніверсальнага спартыўнага комплексу «Вікторыя» ўмяшчальнасцю 3740 пасадачных месцаў.
Гісторыя Клуб створаны з ініцыятывы сыноў Анатоля Пятровіча Мяшкова, брэсцкага гандбольнага трэнера і энтузіяста, і атрымаў яго імя.
У дэбютным для сябе сезоне беларускага чэмпіянату брэсцкі клуб адразу склаў канкурэнцыю сталічным фаварытам СКА і «РЦАП-Аркатрон», фінішаваўшы на першым этапе на другім месцы з адставаннем 1 ачко ад «Аркатрона» і стаўшы лідарам у пяцёрцы наймацнейшых на другім этапе. У фінале плэй-оф БГК саступіў «Аркатрону» толькі ў трэцім, дадатковым матчы. У фінале Кубка Беларусі мацнейшым таксама апынуўся «Аркатрон». Капітан брэсцкай каманды Уладзімір Галушка быў прызнаны найлепшым іграком чэмпіянату.
Па выніках сезону клуб змяніў трэнера і значна ўзмацніў склад украінскімі легіянерамі і беларускімі ігракамі, якія вярнуліся з замежжа. У сезоне 2003/04 БГК перамог ва ўсіх гульнях, акрамя адной, і стаў чэмпіёнам з 20-ачковым адрывам ад другога месца, а таксама заваяваў Кубак Беларусі. Найлепшым брамнікам чэмпіянату стаў Мікалай Гальмак, найлепшым абаронцам — Максім Няхайчык, найлепшым іграком задняй лініі — Уладзімір Галушка. Як віцэ-чэмпіён клуб таксама выступаў у Кубку ЕГФ, дзе дайшоў да 1/8 фіналу.
У наступным сезоне чэмпіянату БГК імя Мяшкова перамог ва ўсіх без выключэння гульнях; як і ў папярэднім сезоне, трэці этап не спатрэбіўся, паколькі адрыў ад другога месца склаў 14 ачкоў. У Кубку Беларусі клуб таксама не меў канкурэнтаў, перамогшы ва ўсіх трох гульнях. Мікалай Зянько стаў найлепшым брамнікам чэмпіянату, Максім Няхайчык — абаронцам, Міхаіл Усачоў — іграком задняй лініі. У гэтым сезоне брэсцкі клуб дэбютаваў у Лізе чэмпіёнаў, дзе ў групавым этапе з адной перамогай фінішаваў на апошнім месцы пасля расійскага клуба «Чэхаўскія Мядзведзі», дацкага «Гудмэ» і славенскага «Гарэнье».
У чэмпіянаце Беларусі 2005/06 БГК ізноў стаў найлепшым, саступіўшы толькі ў адной гульні з 23, а ў Кубку Беларусі саступіў мінскаму СКА. Упершыню ў беларускім чэмпіянаце ўзяў удзел і фарм-клуб БГК, складзены пераважна з брэсцкіх выхаванцаў. У Лізе чэмпіёнаў БГК зноў перамог аднойчы і скончыў групавы раўнд на апошнім месцы пасля нямецкага клуба «Кіль», дацкага «Кольдынга» і польскай «Віслы».
XV чэмпіянат Беларусі прайшоў без інтрыгі: брастчане перамаглі ва ўсіх 28 матчах. Да таго ж фарм-клуб «ЦАР-БГК» заваяваў бронзавыя медалі. Абодва клубы ўзялі ўдзел і ў фінальнай частцы розыгрышу Кубку Беларусі, дзе занялі адпаведна 1-е і 3-е месцы. Ігракі фарм-клуба Алег Рагозін і Канстанцін Курыленка сталі найлепшымі бамбардзірамі чэмпіянату (233 і 181 мяч адпаведна). У групавым этапе Лігі чэмпіёнаў гэтым разам БГК саступіў ва ўсіх матчах іспанскаму «Сьюдад Рэалу», венгерскаму «Піку» і швейцарскаму «Кадэтэну». Дэбют у Балтыйскай лізе прынёс камандзе 2-е месца пасля рыжскага .
Сезон 2007/08 клуб пачаў адразу з другога этапу і з новым трэнерам, былым іграком Юрыем Карпуком. Атрымаўшы ў 20 матчах 19 перамог, БГК стаў чэмпіёнам Беларусі пяты раз запар, а таксама чацверты раз заваяваў Кубак. У групе H Лігі чэмпіёнаў брастчане з адной перамогай фінішавалі на апошнім месцы пасля венгерскага клуба «Пік», славенскага «Гарэнье» і баснійскай «Босны».
З наступнага года чэмпіянат Беларусі папоўніўся наваком — мінскім «Дынама», які адразу ж стаў чэмпіёнам. БГК фінішаваў на другім месцы. А вось у фінале Кубка брэсцкі клуб узяў рэванш над маладым супернікам, які ў наступных гадах стане яго асноўным канкурэнтам на ўнутранай арэне. Адным з найлепшых ігракоў чэмпіянату стаў левы паўсярэдні Канстанцін Курыленка. У гэтым сезоне БГК не здолеў прабіцца ў групавы этап ЛЧ, двойчы згуляўшы ўнічыю з літоўскім «Гранітасам» і саступіўшы па колькасці закінутых мячоў у гасцях. Пасля гэтага брастчане трапілі ў Кубак ЕГФ, дзе ў 1/16 фіналу саступілі па суме двух матчаў астраханскай «Зары Каспія». У Балтыйскай лізе групавы этап брастчане скончылі на другім месцы, але ў паўфінале саступілі эстонскім і ў выніку занялі 3-е месца.
Першы этап чэмпіянату 2009/10 БГК скончыў на першым месцы з адным паражэннем у 16 гульнях, але на другім двойчы саступіў «дынамаўцам» і заваяваў срэбныя медалі. У фінале Кубка Беларусі па суме двух матчаў БГК таксама саступіў мінскаму клубу. У гэтым сезоне клуб дэбютаваў у еўрапейскім Кубку кубкаў, дзе ў першым раўндзе прайграў дацкаму .
Сезон 2010/11 брастчане пачалі з новым трэнерам літоўцам Гінтарасам Савукінасам. У групавым турніры БГК фінішаваў другім, аднак суперфінальная серыя не праводзілася, паколькі разрыў ад «Дынама» склаў 8 ачкоў пры рэгламентаваных трох. У фінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі («фінал чатырох») БГК абыграў мінскае «Дынама», а пасля без цяжкасцей разабраўся з магілёўскім «Машэкам». Найлепшымі ігракамі чэмпіянату былі прызнаны Віталь Чарапенька (брамнік), Раман Колеснеў (левы крайні), Юрый Грамыка (лінейны). У другім раўндзе Кубка ЕГФ мяшкоўцы саступіў македонскаму «Металургу»».
У чэмпіянаце Беларусі 2011/12 брастчане чацверты раз запар сталі другімі, а ў «фінале чатырох» Кубка зноў абыгралі «Дынама», і саступілі СКА. Еўрапейскі сезон стаў адным з самых паспяховых у гісторыі клуба: у апошнім розыгрышы Кубка ўладальнікаў кубкаў БГК дайшоў да ¼ фіналу, дзе саступіў іспанскаму «Арагону».
У сезоне 2012/13 упершыню ў гісторыю клуба БГК апусціўся ў выніковай табліцы чэмпіянату ніжэй за 2-е месца, заваяваўшы бронзавыя медалі. Цягам сезону ў клубе з'явіўся новы трэнер — Міглюс Астраўскас, але ў сярэдзіне сакавіка ён быў адстаўлены. У фінале Кубка Беларусі брастчане саступілі адзін мяч мінскаму «Дынама». У Кубку ЕГФ клуб прайшоў два раўнды і на апошняй перадгрупавой стадыі саступіў нямецкаму «Фрыш Аўф Гепінгену». У дэбютным сезоне SEHA Лігі БГК стаў пераможцам рэгулярнага чэмпіянату, а ў фінале чатырох заняў чацвёртае месца.
У сезоне 2013/14 гадоў БГК імя Мяшкова, ачолены новым трэнерам Жэлька Бабічам, пасля пяцігадовага перапынку вярнуў сабе тытул чэмпіёна Беларусі. Здарылася гэта пасля расфарміравання з-за фінансавых цяжкасцей наймацнейшага беларускага клуба «Дынама», які і ў гэтым сезоне лідыраваў на першым этапе са 100%-ым вынікам. Узмацніўшыся яго былымі ігракамі Дзянісам Рутэнкам, Максімам Бабічавым і Дзмітрыем Нікуленкавым, а таксама яшчэ адным лідарам беларускай зборнай Сяргеем Шыловічам, брэсцкі клуб, стаўшы базавым клубам зборнай, на другім этапе саступіў толькі ў адным матчы і ў фінальнай серыі адолеў СКА. Брастчане перамаглі і ў Кубку Беларусі. У Кубку ЕГФ клуб дайшоў да 3-га кваліфікацыйнага раўнда і саступіў там берлінскаму «Фюксэ», будучаму бронзаваму прызёру. Клуб таксама стаў срэбраным прызёрам SEHA Лігі.
У сезоне 2014/15 гадоў БГК імя Мяшкова ў восьмы раз здабыў Кубак Беларусі, а ў фінальнай серыі чэмпіянату да дзвюх перамог адолеў у трох матчах мінскі СКА. Трэцяя фінальная гульня стала для трэнера Жэлька Бабіча 100-й у складзе брастчан, але пасля гэтага чэмпіянату яго на пасадзе замяніў украінец Сяргей Бябешка. Найлепшым лінейным чэмпіянату стаў Максім Бабічаў, найлепшым правым паўсярэднім — Сяргей Шыловіч. У Лізе чэмпіёнаў БГК прабіўся праз кваліфікацыю ў групавы турнір, выступ у якім стаў найбольш паспяховым у гісторыі клуба: пятае месца з шасцю пунктамі пасля «Кіля», ПСЖ, «Краацыі» і «Лагронья». Брастчане зноў сталі срэбранымі прызёрамі SEHA Лігі, саступіўшы дэбютанту турніру — венгерскаму «Веспрэму».
Дасягненні
Нацыянальныя Чэмпіянат Беларусі: Чэмпіён (17): 2003/2004, 2004/2005, 2005/2006, 2006/2007, 2007/2008, 2013/2014, 2014/2015, 2015/2016, 2016/2017, 2017/2018, 2018/2019, 2019/2020, 2020/2021, 2021/2022, 2022/2023, 2023/2024, 2025/2026 Срэбраны прызёр (6): 2002/2003, 2008/2009, 2009/2010, 2010/2011, 2011/2012, 2024/2025 Бронзавы прызёр (1): 2012/2013 Кубак Беларусі: Уладальнік (15): 2004, 2005, 2007, 2008, 2009, 2011, 2014, 2015, 2016, 2017, 2018, 2020, 2021, 2024, 2025 Фіналіст (7): 2003, 2006, 2010, 2012, 2013, 2019, 2026 3-е месца (1) : 2022 Суперкубак Беларусі: Уладальнік (3): 2022, 2023, 2024 Фіналіст (1): 2025
Міжнародныя SEHA-ліга: Чэмпіён (3): 2023, 2024, 2026 Срэбраны прызёр (2): 2014, 2015 Бронзавы прызёр (2): 2017, 2019, 2020 Балтыйская ліга: Срэбраны прызёр (2): 2007, 2008 Бронзавы прызёр (1): 2009
Статыстыка выступленняў Сезон Ліга Чэмпіянат Кубак Заўвагі 2002/03 Вышэйшая ліга Срэбраны прызёр Фіналіст 2003/04 Вышэйшая ліга Чэмпіён Уладальнік 2004/05 Вышэйшая ліга Чэмпіён Уладальнік 2005/06 Вышэйшая ліга Чэмпіён Фіналіст 2006/07 Вышэйшая ліга Чэмпіён Уладальнік 2007/08 Вышэйшая ліга Чэмпіён Уладальнік 2008/09 Вышэйшая ліга Срэбраны прызёр Уладальнік 2009/10 Вышэйшая ліга Срэбраны прызёр Фіналіст 2010/11 Вышэйшая ліга Срэбраны прызёр Уладальнік 2011/12 Вышэйшая ліга Срэбраны прызёр Фіналіст 2012/13 Вышэйшая ліга Бронзавы прызёр Фіналіст 2013/14 Вышэйшая ліга Чэмпіён Уладальнік 2014/15 Вышэйшая ліга Чэмпіён Уладальнік 2015/16 Вышэйшая ліга Чэмпіён Уладальнік 2016/17 Вышэйшая ліга Чэмпіён Уладальнік 2017/18 Вышэйшая ліга Чэмпіён Уладальнік 2018/19 Вышэйшая ліга Чэмпіён Фіналіст 2019/20 Вышэйшая ліга Чэмпіён Уладальнік 2020/21 Вышэйшая ліга Чэмпіён Фіналіст 2021/22 Вышэйшая ліга Чэмпіён 3 2022/23 Вышэйшая ліга Чэмпіён Фіналіст 2023/24 Вышэйшая ліга Чэмпіён Уладальнік 2024/25 Вышэйшая ліга Срэбраны прызёр Уладальнік 2025/26 Вышэйшая ліга ЧэмпіёнФіналіст
Галоўныя трэнеры
Уладзімір Саўко (2002—2003) Мікалай Шарко (2003) Уладзімір Саўко (2003—2005) Анатоль Драчоў (2005—2007) Уладзімір Саўко (2007) Юрый Карпук (2007—2008) Міглюс Астраўскас Гінтарас Савукінас (2010—2013) Жэлька Бабіч (2013-?) Сяргей Бябешка (2015—2018) Рауль Алонса (2019—2021) Эдуард Какшароў (2023—2026)
Заўвагі
Крыніцы
Спасылкі
Афіцыйная старонка Профіль на старонцы ЕГФ Профіль на старонцы SEHA-лігі Профіль на старонцы Балтыйскай гандбольнай лігі
Катэгорыя:2002 год у Брэсце