Сямён (Саламон) Якаўлевіч Вальфсон (,  — , ) — беларускі дзяржаўны дзеяч, філосаф, літаратуразнавец, педагог.

Біяграфія Яго бацька, Якаў Гіршавіч, трымаў аптэку ў Бабруйску.

Са студзеня 1905 года вучыўся ў Бабруйскай гімназіі, якую скончыў у 1913 годзе з сярэбраным медалём.

Да Першай сусветнай вайны вучыўся ў Гайдэльбергскім універсітэце, з пачаткам вайны вярнуўся ў Расію. У 1915 годзе паступаў у Псіханеўралагічны інстытут у Петраградзе, у верасні 1917 года пераводзіцца на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта.

Увесну 1917 года вярнуўся ў Бабруйск, дзе стаў гласным гарадской думы і ўзначаліў яе сацыял-дэмакратычную фракцыю. Адначасова рэдагаваў газету мясцовага камітэта РСДРП «Наша мысль». На той момант быў прыхільнікам Георгія Пляханава і займаў пазіцыю перакананага меншавіка.

Выкладаў у дзвюх жаночых гімназіях — Аляксееўскай і прыватнай яўрэйскай Якерсберг. У красавіку-маі 1918 года супрацоўнічаў з газетай «Бобруйский голос», органам гарадской думы, дзе публікаваў артыкулы, крытычныя да бальшавікоў. У чэрвені 1918 года быў адным з рэдактараў «Бобруйского дня».

10 чэрвеня 1918 года ўвайшоў у прэзідыум Бабруйскай беларускай рады. Яго прозвішча стаіць пад маніфестам Бабруйскай рады, дзе ўтрымліваюцца наступныя тэзісы «самастойнасць і незалежнасць Беларусі ад каго б там ні было», «развіццё і паглыбленне нацыянальнай самасвядомасці», «аб’яднанне ўсіх жывых сіл у нацыянальна-культурнай і палітычнай працы, накіраванай на адраджэнне Беларусі»Барынаў Ігар. Самён Вальфсон: як крытык бальшавізму стаў заснавальнікам БДУ // Arche. 2021. № 3. -- С. 49-53..

28 лістапада 1918 года Чырвоная Армія заняла Бабруйск, а 25 снежня Вальфсон забраў дакументы з канцылярыі Маскоўскага ўніверсітэта, дзе ўвесь гэты час лічыўся студэнтам.

У 1919 годзе скончыў Кіеўскі ўніверсітэт. У 1921 годзе запрошаны ў БДУ, прафесар, дэкан факультэта права і гаспадаркі (1925—1930), першы намеснік дэкана факультэта грамадскіх навук БДУ (з 1936). Член ЦВК БССР (1929—1938). Акадэмік АН БССР (з 1928), акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН БССР (з 1936). Дырэктар Інстытута філасофіі і права (1931—1938).

Актыўна змагаўся з нацыянал-камуністамі і нацыянал-дэмакратамі ў сценах БДУ і БАН, цкаваў У. Ігнатоўскага і У. Пічэту. Шмат зрабіў па зачыстцы БДУ ад «варожых элементаў» і сярод студэнтаў, і сярод выкладчыкаў ды навукоўцаўЛяхоўскі Уладзімір. Сямён Вальфсон: інтэлектуал і сацыял-дэмакрат, непрыхільны беларускаму руху // Arche. 2021. #3. С. 54-55..

Падчас хвалі рэпрэсій 1937—1938 гг. змог трапіць у псіхіятрычную бальніцу (1938) і перабыць там, верагодна, да 1940. У 1940—1941 гадах ізноў працаваў. Пасля захопу Мінска нямецкімі войскамі быў схоплены і забіты фашыстамі.

Навуковая дзейнасць Даследаваў гісторыю філасофіі, сацыялогіі, навукі і культуры, стан рэлігійнага жыцця. Аўтар падручнікаў па дыялектычным матэрыялізме. Даследаваў творчасць М. Горкага, А. Пушкіна, І. Гурскага. Стварыў шэраг работ па праблеме фашызму: «Расавыя тэорыі фашызму і класавая барацьба» (1934), «Расавыя тэорыі» германскага фашызму" (1937) і інш.

Як літаратурны крытык выступаў з пазіцый вульгарнага сацыялагізмуМаракоў…; палемізаваў з плынямі ў беларускім мовазнаўстве (на чале якіх называў І. Воўк-Левановіча і П. Бузука, Я. Лёсіка), прадстаўнікоў якіх вінаваціў, адпаведна, у схільнасці да расійскага вялікадзяржаўнага шавінізму і да «антыпралетарскага» моўнага пурызму. У 1931 годзе ў Мінску выходзіць зборнік пад рэдакцыяй акадэміка С. Я. Вальфсона «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі», дзе змешчаны артыкул самога Вальфсона «Ідэалогія і метадалогія нацдэмакратызму». У сваёй прамове на паседжанні, прысвечаным трыццаціпяцігоддзю літаратурнай дзейнасці Я. Купалы (8.12.1940), «здолеў узняцца над спрошчанасцю сваіх [ранейшых] трактовак»І. Багдановіч, працытавана у артыкуле Маракова., адзначыў «незабыўныя гістарычныя заслугі Купалы».

Творы

Диалектический материализм. Мн., 1922 Марксизм и педагогика. Мн., 1924 Плеханов. Мн, 1924 Диалектический материализм. Ч. 1-3. 6-е изд. Мн., 1926 За марксізм. Мн., 1928 Сучасная рэлігійнасць. Мн., 1930 Супраць расавых тэорый. Мн, 1935 Сям’я і шлюб у гістарычным развіцці. Мн., 1937 В матрацной могиле: Повесть из жизни Генриха Гейне. Мн, 1940.

Літаратура ВАЛЬФСОН Сямён Якаўлевіч // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 1. — Мн., 1992.

Яноўскі А., Зельскі А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў біяграфіях яго рэктараў. — Мн., 2001. С. 49. Даведнік Маракова БП, т. 1; БЭ, т. 3; Яноўскі А., Зельскі А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў біяграфіях яго рэктараў. Мн., 2001. С. 49.

Спасылкі

Акадэмік ВАЛЬФСОН Сямён Якаўлевіч Сямён Якаўлевіч Вальфсон у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Філосафы Беларусі Катэгорыя:Члены ЦВК БССР Катэгорыя:Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Катэгорыя:Выкладчыкі БДУ Катэгорыя:Дэканы БДУ