Янаш Вітэз (; каля 1408 — ) — венгерскі архібіскуп, канцлер Венгерскага каралеўства, выхавальнік Мацьяша Хуньядзі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і дробнага харвацкага двараніна. Вучыўся ў Падуанскім універсітэце. Пасля вяртання ў Венгрыю зрабіў галавакружную кар’еру: ад заграбскага каноніка да варадскага біскупа, а затым эстэргамскага архібіскупа-прымаса і канцлера Венгерскага каралеўства. Ён служыў Жыгімонту і абодвум Хуньядзі: кіраўніку Венгрыі Янашу і яго сыну, каралю Мацьяшу, да якога быў запрошаны выхавальнікам.

У канцылярыі Жыгімонта Янаш Вітэз пазнаёміўся з Энеем Сільвіа Пікаламіні, які працаваў у ёй пэўны час. Яшчэ ў бытнасць варадскім біскупам, Янаш Вітэз згуртаваў вакол сябе літаратурны кружок паводле тыпу гуманістычнай акадэміі, у якую ўвайшоў і Верджэрыа. Адным з першых у Венгрыі ён стаў калекцыянаваць кодэксы, сабраўшы вялікую бібліятэку, частка якой пазней папоўніла знакамітую бібліятэку Мацьяша. Аснову яго калекцыі склалі працы антычных аўтараў. Янаш Вітэз не быў гуманістам у поўным сэнсе гэтага слова. Антычныя аўтары ўяўлялі для яго хутчэй новы ідэал літаратурнага стылю і чысціні лацінскай мовы, інструмент навострывання ўласнага пяра, чым крыніцу новага светапогляду. Стаўшы канцлерам, ён услед за Верджэрыа ўкараняў новую лацінскую культуру ў каралеўскай канцылярыі. Менавіта ў гэтай сферы ён увекавечыў сябе ў гісторыі венгерскай культуры, пакінуўшы багатую эпісталярную спадчыну. Яго лісты служылі ўзорам для маладых дыпламатаў і адміністратараў. Яны быў сабраны ў 1451 г., пазней, у пачатку XVI ст., выдадзены амаль як падручнікі. Янаш Вітэз аказваў таксама падтрымку моладзі ў атрыманні неабходнай адукацыі. Нямала яго стыпендыятаў вучыліся ў італьянскіх універсітэтах. У сваім жа каралеўстве, у Пожані (сучасная Браціслава), ён заснаваў Academia Istropolitana — першая вышэйшая навучальная ўстанова, арганізаваная па тыпу Балонскага ўніверсітэта. Аднак акадэмія ненадоўга перажыла свайго стваральніка.

Катэгорыя:Дзяржаўныя дзеячы Сярэдневякоўя Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1410-я гады Катэгорыя:Культура Сярэдневякоўя Катэгорыя:Архібіскупы эстэргамскія Катэгорыя:Выхавальнікі манархаў