Даўгоўдавічы — княжацкі род у Вялікім Княстве Літоўскім. Заснавальнік роду Даўгоўд не вядомы ў гістарычных крыніцах. Мяркуецца, што ён быў у сваяцкіх адносінах з вялікім князем літоўскім Гедзімінам, або паходзіў з папярэдняй велікакняжацкай дынастыі. Вядомы: Юрый Даўгоўдавіч (?—пасля 1401), у 1401 годзе прынёс прысягу, што пасля смерці вялікага князя літоўскага Вітаўта не будзе не будзе мець іншага пана, толькі караля польскага Уладзіслава ІІ (Ягайлу). Глеб Даўгоўдавіч (?—пасля 1450), сын Юрыя Даўгоўдавіча (?). Быў сведкам пры заключэнні дагавора з крыжакамі 1436. Падпісаў як сведка пацвярджальны прывілей Вільні 1441. Каля 1450 атрымаў у валоданне ад вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра Ягайлавіча людзей. Федзька Даўгоўдавіч (?—да 1451), сын Юрыя Даўгоўдавіча (?). У сярэдзіне 15 ст. валодаў маёнткамі на мяжы Слонімскага і Новагародскага паветаў: Ельна, Жалязніца, Крутава, а таксама лукомскімі сёламі Халопенічы, Астапкавічы, Ілітовічы. Федзька памёр без нашчадкаў, пасля чаго гэтыя маёнткі перайшлі да вялікага князя Казіміра Ягайлавіча, а той у 1451 перадаў іх у валоданне канцлеру вялікаму літоўскаму Міхаілу Кезгайлу (захаваўся арыгінал гэтай граматы, не апублікаваны). Гісторык Г. Брэгер мяркуе, што Федзька Даўгоўдавіч можа быць ідэнтычны князю Глебу Даўгоўдавічу.
З сярэдзіны 15 ст. звесткі пра род Даўгоўдавічаў знікаюць; відаць, род згас.
Літаратура Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895; Брэгер Г. Хацюхова: Гісторыя невялікага паселішча. Мн., 2001.
Спасылкі
Катэгорыя:Княжацкія роды Катэгорыя:Вялікалітоўская арыстакратыя