Герма́нія ( ), поўная назва Федэраты́ўная Рэспу́бліка Герма́нія (), таксама Няме́ччынаНекрашэвіч, С., Байкоў, М. Руска-беларускі слоўнік / Сцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў; [рэд. В. Булгакаў; прадм. С. Запрудскага]. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 703 с. — С. 184. — ISBN 978-5-00076-013-0. Выданне распрацавана пад грыфам слоўнікавай камісіі гуманітарнай секцыі Інстытута беларускай культуры — федэратыўная краіна ў Заходняй Еўропе, якая мяжуе з Польшчай і Чэхіяй на ўсходзе, Аўстрыяй і Швейцарыяй на поўдні, Францыяй, Люксембургам, Бельгіяй і Нідэрландамі на захадзе, Даніяй на поўначы. На поўначы Германія мае выхад да Балтыйскага і Паўночнага мораў, на поўдні падкрэслена араграфічным рубяжом Альпаў.

ФРГ з’яўляецца федэратыўнай, дэмакратычнай, парламенцкай рэспублікай, якая ўзначальваецца федэральным канцлерам і ў склад якой уваходзяць 16 адміністрацыйных адзінак, вядомых як федэральныя землі. Германія — вельмі дэцэнтралізаваная краіна, дзе кожная з зямель захоўвае абмежаваны «суверэнітэт». Сталіцай і найбуйнейшым горадам краіны з’яўляецца Берлін. Фінансавая сталіца — Франкфурт-на-Майне.

У рэльефе Германіі выдзяляюць тры прыступкі: нізіна на поўначы, невысокія старыя горы ў цэнтральнай частцы, на поўдні праходзіць горная сістэма Альпаў. Клімат умераны, пераходны ад марскога да кантынентальнага, з адносна цёплай зімой і прахалодным летам. Галоўныя рэкі цякуць з поўдня на поўнач — гэта Одэр, Эльба, Рэйн. Жывая прырода за доўгую гісторыю асваення моцна пацярпела ад чалавека, аднак сёння Германія адносіцца да ліку краін з найбольш прагрэсіўным экалагічным заканадаўствам.

У антычныя часы тэрыторыя сучаснай Германіі была заселена германскімі плямёнамі, што паспяхова супрацьстаялі Рыму. У X стагоддзі нямецкія землі сталі ядром Свяшчэннай Рымскай імперыі. У пачатку XVI стагоддзя Германія была калыскай Рэфармацыі. У познім Сярэднявеччы і раннім Новым часе Германія існавала як садружнасць невялікіх княстваў, сярод якіх у XVIII ст. узвысілася Прусія. У 1815 быў створаны Германскі саюз, а ў 1871 годзе, дзякуючы Ота фон Бісмарку, на карце Еўропы ўзнікла Германская імперыя. Параза ў Першай сусветнай вайне прывяла да звяржэння манархіі. Саступкі па Версальскім міры прывялі да ідэй рэваншызму і росквіту фашызму, што разам з нацысцкай ідэалогіяй, вылілася ў Другую Сусветную вайну і Халакост. Пасля капітуляцыі нацысцкага ўрада ў 1945 годзе, тэрыторыя краіны была падзелена на акупацыйныя зоны, на якіх у 1949 былі створаны Федэратыўная Рэспубліка Германія і Германская Дэмакратычная Рэспубліка. Чатыры дзесяцігоддзі Халоднай вайны скончыліся падзеннем Берлінскай сцяны і аб’яднаннем дзвюх частак краіны 3 кастрычніка 1990 года. Сёння гэты дзень адзначаюць як дзяржаўнае свята.

З насельніцтвам у 83 млн чалавек ФРГ з’яўляецца самай многанаселенай сярод краін, што цалкам знаходзяцца ў Еўропе і першай краінай ЕС. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў для Германіі характэрны адмоўны натуральны прырост і старэнне насельніцтва. Германія з’яўляецца еўрапейскім лідарам па прыёме імігрантаў, што ў рэшце рэшт вылілася ў міграцыйны крызіс. Іміграцыя ператварыла Германію з монанацыянальнай краіны ў шматнацыянальную. Германія — краіна гарадоў, прычым ніводзін горад не вылучаецца завялікімі памерамі. Найбуйнейшая ўрбанізаваная зона ляжыць у сярэднім цячэнні Рэйна з адгалінаваннем па ягоным прытоку Рур і вядома як Рэйн-Рурскі мегалаполіс з ядрамі ў Дортмундзе і Эсэне.

Германія — высокаразвітая постіндустрыяльная краіна, што валодае магутнай сучаснай эканомікай. З’яўляецца вялікай дзяржавай, сусветным тэхналагічным і прамысловым лідарам. Па паказчыку намінальнага валавога ўнутранага прадукту Германія знаходзіцца на першым месцы ў Еўропе і на чацвёртым у свеце. У 2014 годзе яна займала трэцяе месца па аб’ёмах імпарту і экспарту. Германія мае адзін з найвышэйшых паказчыкаў індэкса чалавечага развіцця ў свеце. У ФРГ дамінуе канцэпцыя сацыяльнай рынкавай эканомікі: нават сярод еўрапейскіх дзяржаў Германія вылучаецца высокім узроўнем жыцця, сацыяльнай бяспекі, аховы здароўя, вышэйшай адукацыі, клопатам аб навакольным асяроддзі. Германія з’яўляецца адной з краін-заснавальніц Еўрапейскага Саюза, асновай Еўразоны. Таксама ФРГ удзельнічае ў ААН, НАТА, Вялікай сямёрцы (G7) і Дваццатцы (G20).

Вялікія і славутыя сыны Германіі здзейснілі шмат дасягненняў у мастацтве і архітэктуры, музыцы, філасофіі і кіно, кухні і спорце, навуцы і культуры. На тэрыторыі краіны размешчаны 44 аб’екты, якія ўключаны ў склад Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Этымалогія назвы

Deutsch Слова 'deutsch' () у нямецкай мове паходзіць ад старажытнанямецкага diutisc (у заходнефранкскай — * Þeodisk ), якое азначае «які належыць да народа» (словы Þeudā у прагерманскай і ўтворанае ад яго старажытнанямецкае diot [a] у агульным сэнсе азначалі «народ»). Так ідэнтыфікавалі сябе германцы у супрацьлегласць суседнім народам, якія казалі на іншых мовах: славянскіх на ўсходзе і раманскіх на поўдні.

Deutschland

Падчас Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 адбылося адрачэнне нямецкага кайзера Вільгельма II ад улады. Нягледзячы на тое, што манархія была зрынута і новай нямецкай уладай было абвешчана аб стварэнні Нямецкай рэспублікі (ням. «Deutsche Republik» або «Republik Deutschland»), назва краіны нават ужо пры Веймарскай рэспубліцы так і засталася Deutsches Reich («Германская імперыя», або «Германская дзяржава»).

Пасля падзення манархіі ў Аўстра-Венгрыі ў 1919 годзе, была створана Нямецкая Аўстрыя (ням. Republik Deutschösterreich), якая хацела далучыцца да германскай рэйху, але не магла, бо па Сен-Жэрменскім мірным дагаворы з краінамі-пераможцамі ёй забаранялася ўваходзіць у склад Германіі, ці складаць з ёй якія-небудзь саюзы.

Пасля Другой сусветнай вайны саюзнікі-пераможцы прымянялі да акупаванай тэрыторыі былой Германскай імперыі (без Аўстрыі) назву Deutschland. У 1949 годзе былі падпісаны канстытуцыі двух Германій: капіталістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Германія («Bundesrepublik Deutschland») і сацыялістычнай Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі («Deutsche Demokratik Republik»). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у 1990 годзе, поўная афіцыйная назва Германіі гучыць па-нямецку так: «Bundesrepublik Deutschland» (ці «Deutschland»).

Германія Славянская назва Германія паходзіць ад лацінскага «Germania», якое ўзыходзіць да тэкстаў антычных аўтараў I стагоддзя н. э. і ўтворана ад этноніма «германцы» (лац. Germanus). Упершыню назва была ўжыта Юліем Цэзарам у «Занатоўках аб гальскай вайне» у дачыненні да плямёнаў, якія пражывалі за Рэйнам. Само слова, верагодна, мае нелацінскія карані і паходзіць ад кельцкага «Gair» («сусед»).

Геаграфічнае становішча

Германія займае цэнтральнае становішча ў заходняй Еўропе. Германія мяжуе з дзевяццю краінамі: з Даніяй на поўначы (працягласць агульнай мяжы — 67 км), з Польшчай (442 км) на паўночным усходзе і з Чэхіяй (811 км) на ўсходзе, з Аўстрыяй (815 км) на паўднёвым усходзе, са Швейцарыяй (316 км) на поўдні, з Францыяй (448 км) на паўднёвым захадзе, з Люксембургам (135 км) і Бельгіяй (156 км) на захадзе і з Нідэрландамі (567 км) на паўночным захадзе. Агульная працягласць мяжы складае 3757 км. Частка межаў праходзіць па вялікіх рэках: польская мяжа — па Одэры (Одры), швейцарская і французская — па Рэйне. Паўднёва-ўсходнія і паўднёвыя рубяжы адзначаны гарамі: Багемскі лес і Рудныя горы на мяжы з Чэхіяй, Альпы — з Аўстрыяй і Швейцарыяй.

На поўначы Германія мае выхад да Балтыйскага і Паўночнага мораў. Паміж морамі пракапаны Кільскі канал. Паўночнаморскае ўзбярэжжа вядома пад назвай Ватавага мора — тут у шырокай прыліўнай паласе чаргуюцца балоты і пясчаныя выспы. Проста насупраць Ватавага мора, якое працягваецца і ў Нідэрландах з Даніяй, знаходзяцца Фрызскія астравы. Востраў Гельгаланд з’яўляецца самым аддаленым нямецкім востравам з пастаянным насельніцтвам. Востраў Руген у Балтыйскім моры з’яўляецца самым вялікім нямецкім востравам па плошчы. А самы вялікі паўвостраў — Фішланд-Дарс-Цынгіс.

Прырода

Геалогія і рэльеф

Тэрыторыя Германіі знаходзіцца на сутыку геалагічна старажытных (дакембрыйскіх) пліты Усходне-Еўрапейскай платформы (на поўначы і паўночным усходзе) і яе Балтыйскага шчыта (на поўначы) са складкаватымі абласцямі: геалагічна маладой (кайназойскай) Альпійска-Карпацкай горнай сістэмай на поўдні і старажытнай герцынскай на захадзе. Германію можна падзяліць на тры геалагічныя рэгіёны: Цэнтральна-Еўрапейская Дэпрэсія, Цэнтральныя Еўрапейскія блокі і Альпы.

Характар рэльефу абумоўвіў падзел тэрыторыі краіны: Германія падзяляецца на тры буйныя шыротнаарыентаваныя вобласці:

Альпы — на крайнім поўдні. Геалагічна маладыя горы Альпы з’яўляюцца самымі высокімі і доўгімі гарамі Германіі. Нямецкія Альпы вышынёю толькі ад 2000 м амаль цалкам знаходзяцца ў Баварыі. Памежная з Аўстрыяй гара Цугшпіцэ (2962 м) з’яўляецца самай высокай вяршыняй Германіі. горы Сярэдняй Германіі — у цэнтры і ў паўднёвай частцы. Яны распасціраюцца ад паўночнага краю цэнтральнага горнага парога і да Альп, Верхняга Рэйну і Бодэнскага возера. Горы, як правіла, растуць з поўначы на поўдзень па вышыні і працягласці. Самым высокім пунктам гэтай часткі з’яўляецца пік Фельдберг (1493 м) у Шварцвальдзе, а пасля Вялікі Арбэр (1456 м) у Баварскім лесе. Вяршыні вышынёю больш за 1000 метраў над узроўнем мора ёсць таксама ў Рудных гарах, Фіхтэльгебіргэ, Швабскіх Альбах і горным масіве Гарц, дзе акрамя таго, знаходзіцца самая высокая кропка паўночнай Германіі — гара Брокен (1142,2 м). Паўночна-Германская нізіна — на поўначы. На поўнач ад Цэнтральнага нямецкага ўзвышша горы адсутнічаюць і сярэдняя вышыня над узроўнем мора складае не больш за 100 м. Гэта створаны старажытнымі покрыўнымі ледавікамі рэльеф нізін і там-сям раскіданых узвышшаў. Адзіным пунктам вышэй за 200 метраў тут з’яўляецца пагорак Хайдэохэ з вышынёй у 201,4 м (назва самой вышыні па-ням. Heideberg) які знаходзіцца ў муніцыпалітэце Грэдэн (федэральная зямля Брандэнбург).

Клімат Германія, як і ўся Заходняя Еўропа, адрозніваецца ўмераным марскім кліматам з агульнай заходняй цыркуляцыяй атмасферы. Паколькі ўзімку воды Паўночнай Атлантыкі цяплейшыя, чым суша, цёплае паветра распаўсюджваецца ў Еўропе, забяспечваючы тэмпературы нашмат вышэйшую за сярэднія для дадзеных шырот. На ўсход і на поўдзень клімат становіцца больш кантынентальным.

У цэлым узімку тэмпературы памяншаюцца да ўсходу: ізатэрма студзеня 0 °C праходзіць па лініі Любек — Бон. На поўдні краіны тэмпературы паніжаюцца за кошт большых вышынь. Снежны полаг звычайна трымаецца 20-25 дзён на поўначы, больш 40 дзён у паўднёвай Баварыі і звыш 100 дзён у Альпах і на вяршынях Шварцвальда. Улетку сітуацыя процілеглая. Тэмпературы падвышаюцца ў паўднёвым кірунку, і самыя высокія паказчыкі адзначаюцца на Верхнерэйнскай нізіне. Сярэдняя тэмпература ліпеня там 19 °C. Летнія тэмпературы на Паўночна-Германскай нізіне павышаюцца на ўсход і паўднёвы ўсход. Сярэдняя тэмпература ліпеня ў Берліне 18,5 °C.

Сярэднія гадавыя сумы ападкаў на Паўночна-Германскай нізіне дасягаюць 750 мм на ўзбярэжжы Паўночнага мора і паступова памяншаюцца да ўсходу. На поўдзень ад нізіны ва ўмовах рассечанага рэльефу размеркаванне ападкаў ускладняецца: у гарах выпадае звыш 1000 мм, а часам і да 2000 мм ападкаў, тады як у некаторых ізаляваных катлавінах за год выпадае не больш за 500 мм. Гэткія жа малыя сумы ападкаў выпадаюць у паласе, змешчанай да поўначы ад Сярэднегерманскіх гор, у іх дажджавым ценю. На поўдні і ўсходзе максімум ападкаў прыходзіцца на лета, паўночна-заходнія прыморскія раёны атрымліваюць большую частку ападкаў узімку ва ўмовах мяккага надвор’я.

Рэкі і азёры

З шасці рэк з найбуйнейшымі басейнамі, Рэйн, Эльба, Везер, Эмс (Паўночнае мора) і Одэр (Балтыйскае мора) належаць да рэк Паўночнай Атлантыкі; і толькі Дунай упадае ў Чорнае мора, якое гідраграфічна звязана з Міжземным морам. Вадазборы гэтых двух сістэм падзяляюцца адзін ад аднаго Галоўным Еўрапейскім водападзелам.