Радзіві́лы — вялікалітоўскі арыстакратычны род, галіна Осцікавічаў, вядомы з XV ст. Радзівілы не мелі роўных па колькасці займаных найвышэйшых дзяржаўных урадаў у Вялікім Княстве Літоўскім. Цягам гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, а затым Расійскай імперыі, род заставаўся сярод найбагацейшых магнатаў.
Прозвішча Прозвішча Радзівілаў паходзіць ад старэйшага сына літоўскага баярына Осціка — Радзівіла, для першых пакаленняў роду гэта было імя па бацьку і па дзедзе — Радзівілавіч.
Радзівіл — старалітоўскае (старабалцкае) двухасноўнае імя, што ў раннелітоўскую пару мела выгляд Radvilas, Radivilas. Вядомыя сучасныя літоўскія адыменныя прозвішчы Rãdvilas, Radvi̇̀las, Rãdvila, Radvilà, RadvylàLietuvių pavardžių žodynas. L-Ž. Vilnius, 1989. С. 554..
Першая аснова Rad- таксама ў старалітоўскіх імёнах (сучасных прозвішчах) тыпу Radminas, Radvinas, Nauradas, SkauradasZ. Zinkevičius. Lietuvių asmenvardžiai. Vilnius, 2008. С. 127.. Сваім значэннем яна сінанімічная аснове Gaud- (як у імені Каргаўд, ад якога тапонім Каргаўды), што звязаная з літоўскім gauti «атрымліваць, здабываць».
Роднасная аснове Rad- «інфіксная» форма Rand- у балцка-літоўскім аднаасноўным імені Randilà (ад randa «(ён) знаходзіць»), ад якога тапонім Рандзілаўшчына.
Семантыка імя Радзівіл — «здабычлівы і прагны».
У Попісе 1528 года сярод літоўскага баярства імя Радзівіл сустракаецца ўжо амаль выключна як імя па-бацьку: «Станислав Радивилович», «Ян Радивиловичъ» (Ашмяны), «Мартин Радивиловичъ» (Крэва), «Пашко Родвиловичъ», «Шымъко Родвиловичъ» (Радунь), «Станиславъ Радивилаитис» (Крожы, Жамойць). Як уласнае імя Радзівіл фіксуецца на той час толькі сярод эйшышскага баярства: «Радивилъ Кгинеитовичъ» (Гінейтаў сын Радзівіл). Сярод троцкага баярства перапісаны «Товткин Радивиловичъ» (Радзівілаў сын Таўтгін). На мяжы XV i XVI стагоддзяў балцка-літоўскі іменнік ужо занепадаў пад уплывам хрысціянскага іменніка.
Ёсць таксама «славянская» версія тлумачэння імя Радзівіл, яна грунтуецца на фанетычным падабенства першай асновы Rad- з асновай «Рад-» у славянскіх двухасноўных імёнах тыпу Радамір, Радаслаў, якая параўноўваецца са славянскім радети «рупіцца (пра нешта)». Гэтая версія ігнаруе гістарычны кантэкст бытавання імя Радзівіл выключна ў раннелітоўскім баярскім асяроддзі, яго суседства з іншымі двухасноўнымі балцка-літоўскімі імёнамі, а таксама моўныя сувязі іменных асноў Rad- i Vil-.
Паходжанне роду
Заснавальнік роду — Осцік-Крысцін, пры Гарадзельскай уніі (1413) прыняў ад палякаў герб «Трубы» («Тромбы»). Паходзіў Осцік, імаверна, з літоўскіх баяр Кернаўскай зямлі, хоць познія легенды і звязвалі родапачынальніка Осцікаў — Сірпуція, з родам вялікіх князёў літоўскіх, большасць сучасных даследчыкаў скептычна ставіцца да княжацкага паходжання Осцікаў і Радзівілаў. Імаверней, Осцік быў намеснікам (старостам) кернаўскім, вакол Кернава размяшчаліся і яго вотчынныя маёнткі — Шырвінты, Упнікі і Муснікі. З чатырох сыноў Осціка значнейшым быў старэйшы — Радзівіл Осцікавіч, пачынальнік роду Радзівілаў. Нашчадкі аднаго з малодшых сыноў Осціка — Станіслава Осцікавіча пакінулі за сабой прозвішча Осцікавічаў.
Упершыню Радзівіл згаданы грамаце вялікага князя Свідрыгайлы Альгердавіча ад 03.11.1436 года, напісанай у Перамышлі (тэкст граматы змешчаны ў кнізе «Ревизия пущ и переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском, с присовокуплением на входы в пущи и на земли». — Т.1. — Вильна, 1867. — С.327—328). Дакумент адлюстроўвае падзеі грамадзянскай вайны паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам за спадчыну вялікага князя Вітаўта. Паводле граматы, Свідрыгайла Альгердавіч перадае ўладанні Радзівіла свайму «вернаму слугу» пану Федзьку Вайніловічу. Адзначалася, што Радзівіл выкрыў і аддаў на згубу Жыгімонту Кейстутавічу свайго гаспадара і сястрынца Свідрыгайлы — князя Мітку Давыдавіча. «А сам тот истый Радивил у тых речох избег и именье поверг у Городку, тое истое, што есмо дали пану Федку Войниловичу. Тот Радивил у Подолью умер, а тыми учынки и тыми речьми своими неподобными именье стратил на веки и детем своим».
XV—XVI стагоддзі
Сын Радзівіла Осцікавіча — Мікалай Радзівілавіч атрымаў пасля смерці Алехны Судзімонтавіча пасады ваяводы віленскага і канцлера, якія затым перайшлі да яго старэйшага сына, таксама Мікалая Мікалаевіча Радзівілавіча (Радзівіла). Удвух яны трымалі гэтыя важнейшыя ўрады траціну стагоддзя — у 1491—1522 гадах. Няўхільна за гэты час павялічвалася колькасць радзівілаўскіх маёнткаў. Яшчэ Радзівіл Осцікавіч да бацькоўскіх Шырвінтаў, Муснікаў і Упнікаў атрымаў Біржы і Кейданы ў Жамойці, Нягневічы на Навагардчыне, Бастынь на Піншчыне і іншыя. Мікалай Радзівілавіч выслужыў Дубінкі і яшчэ некалькі маёнткаў у Літве, Ліпскую воласць на Палессі. Шлюб з Соф’яй Манівідаўнай прынёс яму спадчыну роду Манівідаў: Геранёны, Жупраны, Солы, Хаценчыцы, вялікую Харэцкую воласць з Докшыцамі, Тумілавічамі, Даўгінавам, Мільчай, Зембінам і іншымі сёламі ў вярхоўях Бярэзіны і Віліі. У канцы жыцця Мікалай Радзівілавіч атрымаў Райгорад і Ганядзь на Падляшшы (цяпер у Польшчы), якія раней нелажалі з’ехаўшаму ў Маскву князю Міхаілу Глінскаму.
У 1509 годзе ўладанні Мікалая Радзівілавіча былі падзелены паміж трыма яго сынамі. Старэйшы, Мікалай, атрымаў, апроч Шырвінтаў і іншых літоўскіх маёнткаў, Райгрод, Ганядзь, Солы, Хаценчыцы і частку Харэцкай воласці. З 1518 года, атрымаў ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі княжацкі тытул, пачаў звацца князем на Мядзеле і Ганядзі. Родавы герб «Трубы» быў размешчаны на імперскім чорным арле, родавым дэвізам стала «Бог нам раіць».
Другі брат, Ян-Мікалай, атрымаў Старыя Муснікі ў Літве, Геранёны і частку Харэцкай воласці, таксама яго ўладанні значна павялічыліся пасля шлюбу з Ганнай, дачкой Станіслава Кішкі, за якой пасагам была частка мантыгірдаўскай спадчыны: Алыка, Дуброва, Лахва, Нядрэска, Нясвіж, Узда, Шацк. Трэці брат Юрый (Ежы), уладальнік Біржаў, Дубінкаў, Жупранаў і інш., таксама ажаніўся з прадстаўніцай роду Кішкаў — Барбарай, дачкой Станіслава ад другога шлюбу. Маці Барбары паходзіла з паноў Кучукаў, і гэты шлюб прынёс Юрыю Радзівілу кучукаўскую спадчыну: Салечнікі і Жырмуны на Віленшчыне, Шчучын і Дакудаў у Панямонні, Палонна на Валыні, Вязынь на Меншчыне і інш. Яшчэ адзін сын Мікалая Радзівілавіча, Войцех, стаў віленскім біскупам — вышэйшай духоўнай асобай у дзяржаве.
Уяўленне пра памеры ўладанняў Радзівілаў дае Попіс войска ВКЛ 1528 года. Тым часам уладанні Мікалая, князя на Мядзеле і Ганядзі, былі падзелены на 4 часткі паміж яго сынамі і ўдавой, Альжбетай Багданаўнай з Саковічаў. Сыны ставілі ў войска 179 коннікаў, а маці — 260. Такім чынам, да падзелу гэта латыфундыя давала 439 коннікаў (прыкладна столькі ж, як і ўладанні Альбрэхта Гаштоўта, — наступіка М. М. Радзівіла на пасадах ваяводы віленскага і канцлера). Удава Яна, Ганна Кішчанка, якая ў 1528 была жонкай Станіслава Кезгайлы, з маёнткаў свайго сына М. Я. Радзівіла ставіла 246 коннікаў, а Юрый (Ежы) Радзівіл — 261.
Старэйшая галіна Радзівілаў, князёў на Мядзеле і Ганядзі, згасла ў 1542 годзе. Пасля гэтага галоўныя іх маёнткі Райгрод, Ганядзь і Мядзел перайшлі да вялікага князя, а астатнія былі падзелены паміж трыма дачкамі Яна Мікалая — апошняга прадстаўніка гэтай галіны. Дзве з іх не пакінулі нашчадкаў, а трэцяя, Ганна, унесла радзівілаўскія маёнткі ў род свайго мужа Станіслава Кішкі.
Сын Яна — Мікалай Чорны і сын Юрыя — Мікалай Руды сталі пачынальнікамі дзвюх далейшых галін Радзівілаў: князёў на Нясвіжы і Алыцы і князёў на Біржах і Дубінках. Іх узвышэнню спрыяў раман сястры Мікалая Рудога Барбары з Жыгімонтам Аўгустам, які тайна абвянчаўся з ёю. У 1547 годзе імператар свяшчэннай Рымскай імперыі Карл V прызнаў за братамі тытул князеў рымскай імперыі Reichsfürst і князеў праз радство і адопцыю Радзівілаў «даўнімі князямі Свірскімі». У 1547 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст прызнаў Мікалая Радзівіла Чорнага і яго брата Яна князямі на Нясвіжы і Алыцы, а Мікалая Радзівіла Рудога князем на Біржах і Дубінках. Праз некалькі гадоў Барбара Радзівіл пры загадкавых абставінах памерла, але Радзівілы былі ўжо на вяршыні магутнасці. Мікалай Чорны ў 1551 годзе заняў два найвышэйшых урада (ваяводы віленскага і канцлера), і Віленскае ваяводства аказалася ў руках Радзівілаў на больш за паўстагоддзя: ад Мікалая Чорнага перайшло да Мікалая Рудога, потым да сына Рудога Крыштафа Перуна, урэшце да сына Чорнага Крыштафа Сіроткі.
У 2-й палове XVI ст. Радзівілы засталіся адзіным з магнацкіх родаў літоўскага паходжання. Вялікія змены адбыліся ў рэлігійным жыцці: пашыралася Рэфармацыя, у сувязі з чым Мікалай Чорны і Мікалай Руды, як і вялікая колькасць іншых паноў, перайшлі з каталіцызму ў кальвінізм. Магнацтва пачало адчуваць моцны націск з боку больш дробнай шляхты, якая дамагалася павялічэння сваёй ролі ў палітычным жыцці. Пры гэтым шляхта імкнулася да больш цеснага саюзу з Польшчай — як з прычын знешнепалітычных (ВКЛ цярпела паражэнні ад Маскоўскай дзяржавы), так і ўнутрыпалітычных (шляхта ВКЛ хацела мець такія ж палітычныя правы, якімі карысталася шляхта польская). Магнаты таксама хацелі збліжэння з Польшчай, але на ўмовах дзяржаўнай самастойнасці ВКЛ, імкнуліся захаваць пры гэтым свае прывілеі.
У 1569 г., нягледзячы на супраціўленне магнатаў (у т.л. Радзівілаў), была заключана Люблінская унія. Крыху раней, у 1564, паны-рада «добраахвотна» адмовіліся ад статуса прывілеяванага саслоўя, фармальна атрымаўшы такія ж правы, як і простая шляхта. Але фактычная вага палітычных дзеячаў залежала ад памераў іх маёнткаў, і магнаты працягвалі ставіць амаль выключна сваіх прадстаўнікоў на найвышэйшыя дзяржаўныя пасады.
Вялізныя ўладанні роду тым часам усё пашыраліся. Мікалай Радзівіл Чорны набыў у 1555 годзе Налібакі, Солы і Свядасць, у 1558 — Клецк і Давыд-Гарадок, таксама Высокае пад Бярэсцем, а праз шлюб з дачкой польскага магната Шыдлавецкага — Шыдловец у Польшчы. Яго сын у 1567 ставіў у войска ўжо 539 коннікаў (пры тым, што ў гэтым годзе адзін коннік ставіўся не з 8, а з 10 сялянскіх службаў), Мікалай Руды ставіў 400 коннікаў. Яго ўладанні павялічыліся за кошт Валожына, Рубяжэвічаў на Ашмяншчыне, Смалявічаў, Плісы, Гарадзішча, Станькава і Жыціна на Меншчыне, Уселюба пад Новагародкам.
У канцы XVI ст. у ВКЛ пачалася каталіцкая Контррэфармацыя. Тады сыны Мікалая Чорнага вярнуліся ў каталіцтва, а адзін з іх, Ежы, нават стаў спачатку біскупам віленскім, а потым кракаўскім. Каб пазбегнуць драбнення і страты радавых маёнткаў, сыны Мікалая Чорнага ў 1579 г. утварылі пагадненне аб стварэнні неадчужальных вотчын — ардынацый. Такія ўладанні павінны былі пераходзіць без падзелу ва ўладанне старэйшага сына, а пры адсутнасці такога — да прадстаўніка старэйшай на той момант галіны Радзівілаў. Так узніклі тры ардынацыі: Нясвіжская (уладанне Мікалая Крыштафа Сіроткі і яго нашчадкаў), Клецкая (уласнасць яго брата Альбрэхта), Алыцкая (уладанне малодшага з братоў Станіслава Мікалая).
Сыны Мікалая Рудога засталіся пратэстантамі. Старэйшы, Мікалай, пры падзеле бацькаўскіх маёнткаў атрымаў Дубінкі, Жырмуны, Мядзел, Жупраны, Салешнікі, Дакудаў, Беліцу і шмат іншых маёнткаў. Яго брату Крыштафу Пяруну дасталіся Біржы, Валожын, Віжуны, Вязынь, Жыцін, Койданаў, Рубяжэвічы, Смалявічы, Станькаў, Уселюб і інш. Пазней Крыштаф набыў Астрашыцкі Гарадок на Меншчыне, шлюб з князёўнай Кацярынай з Астрожскіх прынёс яму Глуск і Копысь, а паўторны шлюб з яе малодшай сястрой Альжбетай, удавой Януша Кішкі, — Асташын у Новагародскім павеце і Венграў на Падляшшы. Крыштаф Пярун быў таксама старостам барысаўскім, гаенскім, жыжморскім, мейшагольскім. У 1600 г. ён дамогся шлюбу свайго сына Януша з апошняй прадстаўніцай князёў Алелькавічаў-Слуцкіх, Соф’яй, такім чынам Слуцкае княства перайшло ў рукі Радзівілаў. Да гэтага часу Радзівілы ўспрынялі польскую (і ўвогуле заходнееўрапейскую) культуру, але засталіся гарачымі патрыётамі Вялікага Княства Літоўскага, праціўнікамі палітычнага паглынання яго Польшчай. На іх грошы ствараліся першыя друкарні ў Берасці, Нясвіжы. Этнічная свядомасць іх мела падначаленае становішча адносна палітычнай.
XVII—XVIII стагоддзі