Партрэт Янкі Купалы — карціна рускага мастака Дзмітрыя Полазава, напісаная ў 1921 годзе. З'яўляецца часткай збору Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску. Памер карціны — 57 × 45 см.

Гісторыя Першы партрэт Янкі Купалы пэндзля Дзмітрыя Полазава, напісаны ім з натуры ў Мінску ў 1921 годзе. У сярэдзіне 1920-х гадоў мастак пераязджае ў Ленінград, куды перавозіць і купалаўскія партрэты, з якімі не развітваецца нават падчас блакады. Пасля Вялікай Айчыннай вайны Полазаў піша ўдаве паэта Уладзіславе Францаўне, што гатовы вярнуць адрэстаўраваныя ў Эрмітажы партрэты ў Мінск, але іх трэба «апрануць» у рамы і ўзяць пад шкло. З часу вяртання карціны захоўваюцца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы ў Мінску.

Апісанне Пагрудны партрэт Янкі Купалы выкананы ў анфас. Фон — цёплы, зеленаваты. Светла-залацістыя валасы паэта зачасаны назад, высокі адкрыты лоб, карыя вочы ў ценю надброўных дугаў, пранізлівы позірк, прамы нос, светлыя вусы, чорны строгі пінжак з белай кашуляй і сіні з бэзавым ды чырвоным узорам гальштук.

Катэгорыя:Карціны Дзмітрыя Полазава Катэгорыя:Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы Катэгорыя:Янка Купала Катэгорыя:Партрэты