Пакланенне мудрацоў — абраз XVI ст. на адпаведны евангельскі сюжэт з Дрысвят Браслаўскага раёна. Частка збору Музея старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАНБ у Мінску. Памер — 175 × 102 × 2,5 смМузей старажытнабеларускай культуры: Альбом. — Мінск: Беларусь, 2004. — 284 с.: іл.. Абраз займае выключнае месца ў гісторыі беларускага мастацтва, як ці не адзіны ўзор фактычна страчанай галіны беларускага жывапісу, у якой уплыў еўрапейскай готыкі і Рэнесансу мог быць найбольш выразным.

Гісторыя Абраз знойдзены ў алтары за карцінай з выявамі апосталаў Пятра і Паўла, патронаў касцёла. Ён не ўпамінаецца ні ў якіх друкаваных крыніцах, нават і ў выдатным краязнаўчым апісанні Браслаўскага павета. Каралеўскі двор (замак) Дрысвяты, вядомы з часоў Вітаўта, з’яўляўся цэнтрам староства. Захаваўся акт фундацыі касцёла, відаць, у больш позняй копіі, бо ў каралеўскі тытул уведзены Інфлянты, далучаныя да Вялікага Княства Літоўскага ў 1558 годзе. Першасны дакумент быў напісаны «на сойме валном у Вилни» 6 лютага 1514 года: «Жыкгимонт Божю млстю корол Полский, Великий Княз Литовский, Руский, Пруский, Жомойтский, Мазовецкий, Инфлянтский, панств и земль пан и дедич. Упатруючы и уважаючы мы то в нас с пилностю, иж на том свете заслуги нет перед Пном Богом лепшое, яко в розмноженю хвалы Божое, а звлашча межы людми и подданымі ишыми, которые еше недавно с темностей поганских сут навершсные на веру хрестнянскую, розказали есмо воеводе нашому Виленскому пну Миколаю Радзивилу, державцы Дрысвяцкому, абы збудовал церков Матки Божое набоженства светого рымского костела в месте нашом Дрысвяцком…». Дата асвячэння касцёла невядома, але можна думаць, што Мікалай Радзівіл (1470—1522) паспеў выканаць каралеўскі ўказ; у такім разе касцёл пабудаваны паміж 1514 і 1522 гадамі, да гэтага ж часу, відаць, належыць і алтарны абраз.

Першае дакументальнае сведчанне аб ім (1674) змяшчае інвентар касцёлаў і манастыроў Віленскай дыяцэзіі 1667—1675 гадоў. У ім гаворыцца, што стары касцёл пабудаваны ў 1611 годзе парохам Лукой Ласоўскім, а ў 1673 годзе папраўлены і новымі гонтамі накрыты Мікалаем Германовічам. У галоўным алтары ўказаны абраз, паіменаваны так: «Beatissime Virginis Nativitatis Christi et Trium Regum w jednym obrazie» («Блаславёнае Прачыстае Нараджэнне Хрыста і Тры Каралі ў адным абразе»). Гэты пераказ зместу адпавядае абразу, аб якім ідзе гутарка. Змест двух бакавых алтароў не паказаны, а ў пераліку метала ёсць срэбныя, пазалочаныя кароны на абразе Маці Божай і Пана Ісуса. Цяжка сказаць, ці кароны гэтыя былі на «Пакланенні мудрацоў», ці быў яшчэ абраз Маці Божай з дзіцем. Не пададзена ў візіце назва касцёла. У наступным па часе інвентары 1744 года, што дайшоў да нас, ужо фігуруе новы касцёл Пятра і Паўла, збудаваны віленскім ваяводам Людвікам Пацеем сумесна з калятарам Янам Гарайнам. Ні ў адным з пяці алтароў «Пакланення мудрацоў» няма. Галоўны алтар, «рознымі колерамі найцудоўнейшым чынам намаляваны» ў 1743 годзе парохам Дусяцкім Рудамінаю, меў у першай кандыгнацыі абраз «Распяцце Збавіцеля», а ў другой — «Пётр і Павел».

Загадку прасвятляе інвентар касцёлаў Браслаўскага павета на 1783 год. Ён падае, што касцёл Пятра і Паўла збудаваны Пацеем на новым месцы; касцёл жа першай фундацыі стаяў за местам на востраве; пад тытулам «Нараджэння Панны Марыі» і, значыць, быў там жа, дзе і замак. Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя жыхары Дрысвятаў успаміналі, што на востраве сярод возера быў замак і касцёл, разбураны шведамі. Можа, шведам паданне прыпісала і чужыя грахі, бо, як бачым, яшчэ ў 1783 годзе касцёл на востраве існаваў, хоць, магчыма, і не першапачатковы. У першым ярусе яго алтара ўказаны «абраз Найсвяцейшай Маці Боскай на дрэве пісан (як расказваюць, цудатворны, але цудаў, апісаных пад прысягай, няма)». Здавалася б, гутарка ідзе аб іншым абразе, нават іншага сюжэта. Аднак далейшае апісанне металічных аздобаў сведчыць, што на ўвазе маецца ўсё ж «Пакланенне мудрацоў»: «У вялікім алтары на абразе Панны і на Ісусе 2 срэбраныя пазалочаныя кароны, у Трох каралёў каронак малых З…»

Такім чынам абраз намаляваны не раней за 1514 год і, магчыма, не пазней за 1522 год. Суцэльны металічны абклад на ім з’явіўся пасля 1783 года, у гэты час абраз знаходзіўся ў касцёле на востраве. Дамаляваная ўнізе справа выява данатара герба «Сыракомля» прадстаўляе хутчэй за ўсё Яна Аляксандра Сэгеня, падстолія вендэнскага. Бацька яго, Стэфан, быў гродскім суддзёй у Ашмянскім павеце, войскім ваўкавыскім. Якія адносіны Сэгені мелі да Дрысвятаў, невядома, аднак Вендэн — адна з 4 кашталяній у Інфлянтах, не так далёка ад Браслаўшчыны. Адзенне Сэгеня характэрна для другой паловы XVII стагоддзя; не выключана, што яго выява з’явілася на абразе ў час рэстаўрацыі касцёла ў 1673 годзе.

Абраз «Пакланенне мудрацоў» пакуль што застаецца нявывучаным; у першай публікацыі твора толькі адзначана яго прыналежнасць да мастацтва Паўночнага Адраджэння, а «Гісторыя беларускага мастацтва» беспадстаўна разглядае яго як поўнае стылістычнае выключэнне з алтарнага жывапісу XVI — пачатку XVII стагоддзяў. На думку аўтара, «у гэты час беларускі іканапіс пад уплывам рэнесансавых настрояў узбагачаецца элементамі дэкарацыі еўрапейскага мастацтва, а алтарны жывапіс трапляе пад моцны ўплыў мясцовай традыцыйнай іканапіснай сістэмы і адыходзіць ад класічных еўрапейскіх форм». У алтарнай жа карціне з Дрысвят «адчуваецца рука высокапрафесійнага майстра адной з еўрапейскіх, хутчэй за ўсё нідэрландскай жывапіснай школы часоў сталага Адраджэння».

Абраз «Пакланенне мудрацоў» адносіцца да першай чвэрці XVI стагоддзя, менавіта аб гэтым гаворыць надпіс на адваротным баку асновы, зроблены чорнай фарбай: «1514 падараваны касцёлу». Напісаны абраз на чатырох ліпавых дошках з дзвюма ўразнымі скразнымі шпонкамі. Памер 175 × 102,5 × 2,5 см. На стыках пракладзена павалака, жывапіс выкананы тэмперай і алеем па досыць тонкім ляўкасе.

Абраз быў закрыты металічным чаканным акладам, які ў асноўным паўтарае кампазіцыю і пакідае адкрытымі толькі твары і рукі персанажаў. Арнаментацыя чаканкі паказвае на другую палову XVIII стагоддзя: рэльеф высокі, тонкія бессістэмныя лініі, свабодна раскіданыя парасткі з кветкавымі бутонамі. Фон уверсе аклада не супадае з фонам жывапісу, замест архітэктурных выяў — на акладзе вычаканена шырокая дуга з воблачных клубоў і накладная васьміканцовая зорка з праменямі.

Абраз калісьці знаходзіўся ў разьбяным абрамленні, ад якога захаваліся апорныя кансолі і дашчаты шчыт з рэльефным па ляўкасе «каваным» арнаментам, характэрным для позняга рэнесансу.

Тэхналагічныя даследаванні перад рэстаўрацыяй паказалі, што аўтарскі жывапіс захаваўся досыць добра пад чатырма слаямі панаўленняў; найбольш значныя страты грунту да асновы ёсць у верхніх вуглах і на адзенні аднаго з мудрацоў.

У час Першай сусветнай вайны асколкам снарада амаль цалкам знішчаны твар мудраца-афрыканца. У працэсе рэстаўрацыі пазнейшыя запісы ў асноўным зняты; пакінуты невялікі партрэт данатара і картуш з гербам «Сыракомля», а таксама фрагменты пазалочанага разьбянога арнаменту ў выглядзе кветак граната, устаўленыя ў пейзажны фон. Гэтыя сляды барока паходзяць з другой паловы XVII стагоддзя. Першапачатковы жывапіс мае рысы паўночнаеўрапейскага рэнесансу, што выразна відаць у вобліку Марыі, кроі яе адзення, мадэліроўцы аб’ёму. Лаканічнасць выяўленчых сродкаў, кампазіцыйнае майстэрства, гарманічны каларыт з перавагай цёплых тонаў характарызуюць твор як адзін з найбольш дасканалых сярод беларускіх абразоў.

Апісанне

Маці Божая з дзіцем Шматфігурная кампазіцыя пабудавана вельмі проста, персанажы займаюць дзве трэці плошчы, астатняя верхняя трэць аддадзена скупому пейзажу з архітэктурнымі кулісамі. Пейзаж у карціне адступае на задні план і сведчыць толькі аб месцы падзеі. Фігуры проста згрупаваны. У цэнтры на ўзвышшы сядзіць Маці Божая, якая трымае перад сабою дзіця Ісуса; на ёй сукенка насычанага чырвонага колеру, высока падпярэзаная вузкім поясам. Уніз ад пояса разбягаюцца па вертыкалі глыбокія складкі, такія ж набягаючыя складкі бачны і на рукаве сукенкі. Каўнер з прамавугольным разрэзам аблямаваны карычнева-вішнёвай шырокай арнаментаванай каймой. Паверх накінуты сіне-зялёны мафорый са сподам ізумруднага колеру. Мафорый лёгка пакрывае галаву, з-пад яго спадаюць на плечы пышныя каштанавыя валасы, раздзеленыя на прабор. Левай рукой маці падтрымлівае аголенае немаўлятка, якое сядзіць у яе на каленях, злёгку схіліўшыся да мудраца ў чырвонай шубе.

Вельмі выразна, амаль партрэтна малюецца твар Марыі, па форме абрысу круглявы, поўны, малады і прывабны. Рысы твару правільныя: міндалепадобныя паўзакрытыя вочы з цёмнымі мяккімі ценямі, бровы высокія дугападобныя. Левае вока нібыта ніжэй, што стварае ўражанне асіметрычнага дысанансу ад поўнай гармоніі і спакою ўсяго твару, уносіць нейкі схаваны драматызм, імгненне трывогі за лёс дзіцяці. Прыгожы прамы тонкі нос, жывыя вусны, вугалкі якіх бягуць уверх, падкрэсліваючы добразычлівасць і цеплыню. Падбародак круглы з невялікай лініяй-складкай. Ракавіны вушэй невялікія, прыціснутыя да галавы і незакрытыя валасамі. Карнацыя твару светла-карычневая, з невялікімі падружоўкамі і ценямі па авалу. Кісць левай рукі Марыі, якой яна далікатна падтрымлівае за ножкі немаўля, дужая.

Немаўля даволі поўнае, асабліва твар; вочы яго, як і ў маці, прыплюшчаныя. Рысы твару па-даросламу буйныя, грубаватыя. Левая ручка пакладзена на калені, правая працягнута да рук укленчанага мудраца. Вакол галоў Богамаці і дзіцяці-Хрыста вялікія залатыя німбы, абрысаваныя двайной граф’ёй з кінаварным лінейным вопісам.

Мудрэц і Святы Іосіф Прастора абапал Богамаці запоўнена фігурамі мудрацоў, апранутых у пышныя дарагія адзенні, акрамя іх уводзяцца фрагментарна Іосіф і невядомая асоба (слуга ці воін). Справа размешчаны дзве фігуры: на першым плане ва ўвесь рост у паўпрофіль да гледача стаіць вяшчун, які ўвасабляе Усход. На ім дарагая залатая карона, аздобленая арнаментальнай чаканкай і каштоўнымі камянямі. Апрануты ён у каралеўскае адзенне: камзол да каленяў кінаварна-чырвонага колеру з высокім каўняром-стойкай, на якім багатая арнаментальная вышыўка, спераду круглыя бліскучыя залатыя гузікі; унізе камзол пашыраны і дэкараваны залацістай каймой-вышыўкай; сінія шырокія нагавіцы і элегантныя высокія кінаварна-чырвоныя боты з залатымі шпорамі. Паверх накінута багатая шуба зялёнага колеру з высвятленнямі, каўнер і манжэты якой упрыгожаны сабаліным карычневым футрам. Паверх адзення накінуты масіўны залаты ланцуг і медальён на тонкім ланцужку з профільнай выявай галавы чалавека накшталт антычнай камеі (?). У руках вяшчун трымае залаты куфэрак, які па выгляду нагадвае мадэль храма. Тарэц куфэрка распісаны ўсходнім арнаментальным дэкорам, пярэдняя плоскасць — нібыта сюжэтным матывам са свяшчэннай гісторыі. Асабліва звяртае на сябе ўвагу твар мудраца, жывапісная велічнасць якога ярка вылучаецца ў карціне і нагадвае каралеўскія партрэты XVI стагоддзя.

Паміж гэтым мудрацом і Марыяй як бы на заднім плане намалявана выява Іосіфа. Мы бачым толькі яго твар у фас і рукі, абапёртыя на спінку трона, дзе сядзіць Маці Божая. Яго рысы буйныя, характарныя, таксама партрэтныя. Твар амаль квадратны, ён абрамлены карычневай шырокай кучаравай барадой і пышнымі вусамі, апушчанымі ўніз. Па барадзе і вусах пракладзены тонкія бялільныя ажыўкі, якія нагадваюць аб немаладым узросце Іосіфа. Вочы недаверліва скошаны ў бок мудраца. Нос буйны, унізе трошкі загнуты, каля ноздраў і на шчоках глыбокія маршчыны. Галава непакрытая, кароткія валасы спадаюць на лоб, адкрываючы лысіну. Іканаграфічна выява Іосіфа падобная на старабеларускія партрэты і разам з тым нагадвае партрэт Лукаса Кранаха Старэйшага.