Абво́рванне — адзін з абрадаў ахоўнай магіі ва ўсходніх славян.

Праводзіўся ў экстрэмальных сітуацыях (хваробы, эпідэміі, падзеж свойскай жывёлы). Жанчыны (толькі старыя, удовы і цнатлівыя дзяўчаты, зрэдку ўдзельнічалі і цяжарныя жанчыны) збіраліся апоўначы або да ўзыходу сонца на ўскраіне вёскі, распраналіся, распускалі валасы, запрагаліся ў саху і аралі баразну вакол паселішча. Звычайна праводзілі адну баразну, але бывала і тры баразны. У некаторых мясцінах наперадзе працэсіі неслі абраз. Лічылася, што хваробы і эпідэміі не пяройдуць гэтага магічнага кола. Калі эпідэмія ўжо пачалася, абрад суправаджаўся шумам: жанчыны білі ў засланкі, званілі косамі, крычалі заклінанні. Калі небяспека толькі набліжалася, абвораванне праводзілася ў поўнай цішыні.

У некаторых раёнах Беларусі ў абрадзе абворвання ўдзельнічалі і хлопцы. Часта абворванне рабілася на валах-блізнятах або двума братамі-блізнятамі. На Гродзеншчыне і ў Заходнім Палессі, калі ў вёсцы не было блізнятаў, то запрагалі двух аднагодкаў-цёзкаў з аднолькавым колерам валасоў.

Астатнія жыхары вёскі да ўдзелу ў абрадзе не дапускаліся. Калі ведалі пра выкананьне абраду, то павінны былі зачыняць вароты, дзверы і вокны. Калі ж абворванне рабілася таемна, то той, хто сустракаўся на шляху ўдзельнікаў абраду, мог быць забіты. Сустрэтых ката, сабаку, а часам і карову вяскоўцы забівалі.

У Цэнтральным Палессі вядомы выпадкі абворвання на чорных катах, пеўнях і сабаках. Як рэцыдыў абраду абворвання ў XX ст. зафіксавана абворванне на конях, на трактарах, бывала, плуг цягалі не вакол вёскі, а па вуліцах.

У Беларусі з мэтай абараніцца ад зла замест абворвання часта прымянялася баранаванне. Вядома таксама абворванне культавых камянёў, верагодна, звязаных з Вялесам (Воласам), ахоўнікам жывёлы. Да абраду абворвання семантычна і структурна блізкі абрад праворвання (дарогі, рэчышча высахлай ракі) з мэтай выклікання дажджу.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Абрады і рытуалы Катэгорыя:Беларускія абрады і звычаі