Стрэ́шынскі за́мак — замак, які існаваў у XII—XVIII стагоддзях у сучасным гарадскім пасёлку Стрэшын Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці Беларусі. Апісанне Быў пабудаваны з дрэва на абкружаным ровам мысе ракі Дняпро. У сістэму ўмацаванняў замка ўваходзілі 5 вежаў, роў, вал, гародні. Сярод узбраення Стрэшынскага замка былі гарматы, мушкеты, гакаўніцы, жалезныя і алавяныя ядры, гакаўнічныя і мушкетныя кулі і інш.
Ваенная гісторыя У антыфеадальную вайну 1648—1651 гадоў і вайну Масковіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў замак знаходзіўся ў цэнтры ваенных падзей. У ліпені 1654 года казакі І. Залатарэнкі ўзялі Стрэшын штурмам, a замак спалілі. Пасля вайны Стрэшынскі замак быў адноўлены, аднак ранейшай магутнасці ўжо не меў і ў такім стане праіснаваў да 1793 года.
Узбраенне
Паводле інвентараў XVI—XVII стагоддзяў, у замку ўтрымліваўся гарнізон з жаўнераў. У пачатку XVII стагоддзя ў арсенале былі 4 гарматы, 10 гакаўніц, 35 ручніц, запасы пораху, волава, салетры, серы і ядраў. У 1615 годзе згадваюцца "губчастыя ручніцы". У вежы-варотні размяшчаліся яшчэ дзве гарматы «без ложаў».
Інвентары і структура
Інвентар Стрэшынскага замка 1579 года быў складзены ў ваенных мэтах падчас Лівонскай вайны 1558—1583 гадоў. У дакуменце Стрэшын апісваўся як невялікае мястэчка з 30 дымамі — жылымі гаспадаркамі з печамі.
У інвентары 1628 года падрабязна апісаны замак: вежа-брама з трыма памостамі, узводны мост на ланцугах з "жалезнымі чопамі", складаная сістэма засаў. На першым ярусе вежы была турма, на другім — вялікая святліца, на трэцім — свіран, а чацвёрты ярус служыў для агляду і стральбы.
Інвентары 1632 і 1635 гадоў пацвярджаюць захаванне структуры і ўзбраення.
Сучасны выгляд замчышча На месцы былога Стрэшынскага замка захавалася гарадзішча на мысе правага берага Дняпра.
Літаратура
Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. Гісторыка-краязнаўчы даведнік. — 2025. — 463 с.
Спасылкі Стрэшынскі замак // Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны Замки Беларуси. Стрешинский замок // HVALI.BY Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. Гісторыка-краязнаўчы даведнік. — 2025. — С. 76–77. — .
Катэгорыя:Замкі Беларусі Катэгорыя:Замкі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Стрэшын Катэгорыя:З’явіліся ў XII стагоддзі Катэгорыя:Зніклі ў XVIII стагоддзі Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Беларусі Катэгорыя:Славутасці Жлобінскага раёна