Ігар Вячаслававіч Мельнікаў (нар. , ) — беларускі гісторык, публіцыст, журналіст, блогер і рэдактар, палітычны зняволены рэжыму Лукашэнкі. Кандыдат гістарычных навук (Беларусь), доктар гуманітарных навук (Польшча). Аўтар шэрагу кніг пра Заходнюю Беларусь.
Біяграфія Нарадзіўся 26 красавіка 1980 года ў Бабруйску. У 2002 годзе скончыў гістарычны факультэт БДПУ імя М. Танка па спецыяльнасці «Выкладчык гісторыі і замежнай мовы». У 2005 годзе атрымаў дыплом магістра паліталогіі Варшаўскага ўніверсітэта. У 2011 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 2015 годзе ўзнагароджаны прэміяй імя В. Ластоўскага за «значны ўнёсак у даследаванне і папулярызацыю беларускай гісторыі і культуры».
У розны час жыў і працаваў у Мінску і Варшаве, у 2005—2011 гадах — у Маскве: у Дэпартаменце кіравання справамі «», потым памочнікам прэзідэнта ў адной з расійскіх фінансава-інвестыцыйных кампаній. Пасля заканчэння БДПУ некаторы час супрацоўнічаў з газетай «Советская Белоруссия». Пазней супрацоўнічаў з выданнямі «Новы Час», «Беларускі партызан». Быў рэдактарам беларускай версіі сайта «Гістарычная праўда». Праводзіў экскурсіі па Мінску і гістарычным раёнам Беларусі. Лідар групы вайскова-гістарычнай рэканструкцыі «Беларусы ў Войску Польскім».
У 2014 годзе спрабаваў правесці выстаўку, прысвечаную заходнебеларускай тэматыцы і падзеям верасня 1939 года, у Заслаўскім дзяржаўным музеі, аднак кіраўнік ідэалагічнага аддзела Мінаблвыканкама Руслан Трухан забараніў. У 2016 годзе пры падтрымцы Пасольства Польшчы ў Беларусі арганізаваў выстаўку пра беларусаў у Войску Польскім у Нацыянальным гістарычным музеі і Брэсцкай крэпасці.
У 2017 годзе выдаў мемуары беларускага салдата Арміі Андэрса Паўла Нічыпарука пад назвай «Адысея палешука» са сваімі каментарыямі і літаратурнай апрацоўкай тэксту. Кніга выдадзена за грошы, сабраныя падчас краўдфандынгавай кампаніі на сайце ulej.by.
6 мая 2018 года правёў экскурсію для вучняў СШ № 7 Кобрына «Кобрынь. Верасень 1939-га», прысвечаную, паводле яго слоў, беларусам, якія аднымі з першых змагаліся з нацыстамі ў Войску Польскім, пасля чаго дырэктара школы выклікалі ў гарвыканкам, а настаўнікі школы мусілі пісаць тлумачэнні.
У 2019 годзе арганізаваў выстаўку «Мяжа была пад Мінскам», прысвечаную гісторыі 1921—1939 гадоў, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.
У 2020 годзе прайшоў павышэнне кваліфікацыі як экскурсавод у Інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасці.
Як уладальнік узнагароды імя Л. Сапегі прайшоў стажыроўку ў пяці ўніверсітэтах Польшчы. Са студзеня 2022 года ад’юнкт Уроцлаўскага ўніверсітэта. У ім зладзіў выстаўку «Лінія Пілсудскага. Затрымаць чырвоны бліцкрыг. Гісторыя польскіх доўгатэрміновых умацаванняў на мяжы з савецкай Беларуссю ў 1930-я гады», прайшоў настрыфікацыю і атрымаў ступень доктара гуманітарных навук у кірунку гісторыя.
Рыхтаваў да выдання манаграфію «Лінія Пілсудскага. Спыніць чырвоны бліцкрыг. Гісторыя польскіх доўгатэрміновых умацаванняў на мяжы з БССР у 30-я гады ХХ ст.» на польскай мове.
Быў затрыманы ў студзені 2024 года, суд пачаўся 10 верасня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачвалі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», у верасні 2024 года асуджаны на чатыры гады калоніі. Разгляд апеляцыйнай скаргі адбыўся ў Вярхоўным судзе 5 лістапада 2024 года. Утрымліваўся ў турме № 4. У 2025 годзе выйшаў са зняволення.
Валодае беларускай, рускай, англійскай, нямецкай і польскай мовамі.
Палітычны пераслед 23 ліпеня 2024 года стала вядома, што Мельнікаў утрымліваецца пад вартай ужо паўгода, аднак сутнасць крымінальнай справы адносна яго заставалася невядомай. 28 жніўня 2024 года высвятлілася, што гісторыка абвінавацілі паводле ч. 1 артыкула 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — да шасці год зняволення).
27 жніўня 2024 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» наступныя кнігі І. Мельнікава: Нiчыпарук П.К., Мельнiкаў I.B. Адысея палешука / Павел Нічыпарук, Ігар Мельнікаў. - Мінск: "Альфа-кніга", 2017. - 328 с.; Мельнікаў, I.B. Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гадах / Ігар Мельнiкаў - Минск: "Альфа – кніга", 2018. - 224 с.; Мельнiкаў, I.B. На "мяжы цывілізацый". Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі / Ігар Мельнiкаў. - Мінск: "Альфа- кніга", 2020. - 352 сРэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
30 жніўня 2024 года сумеснай заявай пяці арганізацый (Праваабарончы цэнтр «Вясна», Прававая ініцыятыва, Беларуская асацыяцыя журналістаў ды інш.) Мельнікаў быў прызнаны палітычным зняволеным.
Разгляд справы пачаўся 10 верасня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе, паведамлялася, што абвінавачаны прызнаў віну. Паводле , сваім інтэрв’ю Еўрапейскаму радыё для Беларусі 26 студзеня 2022 года Мельнікаў ажыццявіў «дапамаганне і падбухторванне да экстрэмісцкай дзейнасці». 13 верасня 2024 года суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў палітвязню чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Як адзначыла Еўрапейскае радыё для Беларусі, на момант інтэрв’ю СМІ яшчэ не было прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем», паколькі такое рашэнне МУС датуецца 20 ліпеня 2022 года. 22 лістапада 2024 года Ігар Мельнікаў унесены МУС у «спіс экстрэмістаў».
2 верасня 2025 года Ігар Мельнікаў выйшаў на волю.
Навукова-даследчая дзейнасць Спецыялізуецца на вайсковай гісторыі Беларусі і ХХ стагоддзя. Аўтар кніг «Заходнебеларуская Атлантыда 1921—1941 гг. Паміж Варшавай і Масквой», «Забытыя героі. Жаўнеры з Беларусі ў Другім польскім корпусе і Першай польскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе», «Адысея палешука», «Мяжа ля Заслаўя 1921—1941 гг.» і інш.
Выдане «Заходнебеларуская Атлантыда 1921—1941 гг.» (у 2-х кн., 2014) прысвечана малавядомым старонкам гісторыі Беларусі ў міжваеннае дваццацігоддзе. Вялікая ўвага надаецца сюжэтам, звязаным як з гісторыяй заходнебеларускага рэгіёна, так і БССР. Акрамя гэтага, значнае месца займае асвятленне некаторых белых плям у гісторыі Другой сусветнай вайны.
Кніга «Мяжа ля Заслаўя 1921—1941 гг.» прысвечана старонкам гісторыі савецка-польскай мяжы ў раёне Заслаўя. Кніга «Забытыя героі…» (2017) прысвечаная гісторыі ўдзелу беларусаў у барацьбе с нацызмам у складзе Польскіх узброеных сіл на Захадзе. Аўтар на падставе шматлікіх унікальных архіўных матэрыялаў паказвае лёс звычайных жаўнераў 2-га Польскага корпусу, а таксама .
У кнізе «Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919—1920 гадах» (2018) на падставе багатай архіўнай базы раскрывае гісторыю фарміравання і дзейнасці Першага Польскага корпуса ў Бабруйску ў 1918 годзе, а таксама падрабязна апісвае аспекты гісторыі польска-бальшавіцкай вайны 1919—1920 гадоў на тэрыторыі Бабруйшчыны. Вялікая ўвага ў кнізе нададзена гісторыі стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі і аналізу стасункаў паміж польскімі войскамі і беларускімі ўладамі, а таксама мясцовым насельніцтвам. У 2018 годзе збірае грошы на выданне альбому «Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава».
У 2018 годзе разам з гісторыкам Андрэем Араліным вызначыў месцазнаходжанне вайсковых могілак ХХ стагоддзя ў Маладзечне, на якіх былі пахаваны вайскоўцы Рускай імператарскай арміі, польскай арміі, а таксама нямецкія і савецкія салдаты і якія былі знішчаны падчас савецкай улады.
Вывучае тэму беларускага катынскага спісу.
Гістарычныя погляды У сваіх публіцыстычных матэрыялах нярэдка вядзе палеміку з прыхільнікамі «рускага свету». Лічыць, што далучэнне Заходняй Беларусі да БССР прынесла жыхарам заходнебеларускага рэгіёна значную колькасць праблем, перш за ўсё звязаных з рэпрэсіямі. Пры гэтым падкрэслівае, што ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР у верасні 1939 года паспрыяла нацыянальнаму і палітычнаму развіццю Беларусі як дзяржавы і беларусаў як нацыі. У інтэрв’ю «Народнай Волі» у 2017 годзе ён патлумачыў свае стаўленне так: «Мая жорсткая пазіцыя: 17 верасня 1939 года пайшло на карысць беларускай дзяржаўнасці і нацыі, бо мы атрымалі магчымасць стаць паўнацэннай дзяржавай. Але заўсёды трэба памятаць пра тое, якім коштам далося ўз’яднанне. Пра гэта я і пішу ў сваіх кнігах». У тым жа інтэрв’ю Мельнікаў прызнаў, што адкрыты да супрацоўніцтва з беларускай дзяржавай, але яна памылкова запісала яго ў апазіцыянеры.
У 2020 годзе апублікаваў версію аб тым, што ў другой палове 1930-х гадоў СССР і Польшча рыхтаваліся да вайны паміж сабой.
Кнігі Заходнебеларуская Атлантыда 1921—1941 гг. (2014) Мяжа ля Заслаўя 1921—1941 гг. (2016) Заходнебеларуская Атлантыда 1921—1941 гг. Паміж Масквой і Варшавай. (2016) Яліна. Гісторыя ў 90 гадоў (2016) Мельнікаў І.В. Іосіф Лангбард: класік беларускай савецкай літаратуры / Ігар Мельнікаў. — Мінск: Харвест, 2016 — 62 с. ISBN 978-985-18-3898-7 Забытыя героі. Беларускія жаўнеры ў Другім польскім корпусе і Першай польская асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе (2017) Нічыпарук, П. К. Адысея палешука / П. К. Нічыпарук, І. В. Мельнікаў. — Мінск : Альфа-кніга, 2017. — 328 с. Мяжа была пад Мінскам. 1921—1941 гг. (2017) 20 dywizja piechoty (2017) Мельнікаў, І. В. Забыты корпус. Гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919—1920 гадах / І. В. Мельнікаў. — Мінск : Альфа-кніга, 2018. — 224 с. Другая сусветная вайна на здымках з архіва Ігара Мельнікава (2019) Верасень 1939-га. Магілы «неаб’яўленай» вайны (2019) Мельнікаў, І. В. На мяжы цывілізацый. Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі / І. В. Мельнікаў. — Мінск : Альфа-кніга, 2020. — 352 с. Чэрвень 1941-га. Затрымаць на «старой» мяжы (2021) Гібель імперыі. Гісторыя Баранавіцкай бітвы 1916 г. (2023) Калабарацыянізм. Анатомія здрады (2023) Прыступіць да ліквідацыі (2024)
Прэміі і ўзнагароды Прэмія імя Вацлава Ластоўскага за папулярызацыю ведаў па гісторыі Беларусі (2014) Узнагарода імя Льва Сапегі (2020)
Крыніцы
Спасылкі Блог гісторыка Ігара Мельнікава (у Жывым Журнале) Блог у Жывым Журнале Historiapobach Канал Ігара Мельнікава на YouTube Лукашэнка выганяе гісторыю з Беларусі / Ігар Мельнікаў на Еўрарадыё (26 студзеня 2022 года) Старонка Ігара Мельнікава на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна»
Навуковыя публікацыі
Катэгорыя:Выпускнікі БДПУ імя Максіма Танка Катэгорыя:Выпускнікі Варшаўскага ўніверсітэта Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Асобы, прызнаныя палітычнымі зняволенымі праваабарончым цэнтрам «Вясна»