Нгбанды — народ на поўдні ЦАР, а таксама ДРК і Рэспублікі Конга. Захоўваецца падзел на плямёны: якама, дэнды, бангі і інш. Адносяцца да негрскай расы вялікай негроіднай расы. Блізкія да народа банда і гбая. Гавораць на мове нгбанды. Ёсць дыялекты. Захоўваюць традыцыйныя вераванні.
Асноўны традыцыйны занятак — падсечна-агнявое земляробства (маніёк, сорга, арахіс, кукуруза). Вырошчваюць дробны рагаты скот, птушку, займаюцца паляваннем, збіральніцтвам, працуюць па найме на лесанарыхтоўках. Развіта разьба па дрэве (посуд, мэбля, інструменты, рытуальныя фігуркі і маскі). Паселішчы кампактныя, абнесены плотам з калючага хмызняку, звычайна знаходзяцца па берагах рэк. Жытло круглай формы, з жэрдак і галля, абмазаных глінай, з канічным саламяным дахам. Пераважае адзенне еўрапейскага крою, традыцыйнае адзенне — набедраная павязка і ўпрыгожванні. Асноўныя стравы — маніёк і проса. З маніёку гатуюць студзенепадобную страву з пярцовай прыправай. Ядуць таксама ляпёшкі і кашы з проса і кукурузы. Патрылінейныя радавыя групы яднаюць вялікія сем’і. Шлюб патрылакальны. Сістэма радства тыпу амаха. Маюць багаты музычны і танцавальны фальклор. Сярод традыцыйных вераванняў — культ продкаў і сіл прыроды.
Ваеннае традыцыйнае мастацтва
Выдатныя прадстаўнікі Мабуту Сесе Секо
Літаратура Народы мира. М.: Советская энциклопедия, 1988. С. 322—323.
Катэгорыя:Народы Афрыкі Катэгорыя:Народы Рэспублікі Конга Катэгорыя:Народы Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі