Якаў Мікітавіч Афана́сьеў (; ) — беларускі глебазнавец. Акадэмік АН БССР (1928).

Біяграфія Нарадзіўся 21 кастрычніка 1877 года ў г. Балашоў Саратаўскай губерні.

У 1901 годзе скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт. У 1902 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. Выкладаў на Галіцынскіх жаночых курсах у Маскве. У 1907 і 1908 гадах прымаў удзел у I і II Усерасійскіх з’ездах глебазнаўцаў. З 1913 года — член Глебазнаўчага камітэта Маскоўскага таварыства сельскай гаспадаркі.

З 1921 года — прафесар, загадчык кафедры глебазнаўства Горацкага сельскагаспадарчага інстытута (з 1925 года — Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі). Акадэмік БелАН (1928). У 1931—1937 гадах — дырэктар Інстытута аграглебазнаўства БелАН. Удзельнічаў у II Міжнародным кангрэсе глебазнаўцаў у Вашынгтоне (1927). Пражываў у кватэры № 78 Дома спецыялістаў па вул. Савецкай у Менску.

Арыштаваны 9 жніўня 1937 года ва ўласнай кватэры. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 19 снежня 1937 года прыгавораны да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасці як «актыўны член антысавецкай тэрарыстычнай фашысцкай арганізацыі». Асабовая справа № 10618-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Расстраляны ў адну ноч з Іосіфам Валадзько, Васілём Дружчыцам, Аркадзіем Ляшчынскім, Маркам Матусевічам, Фёдарам Сулкоўскім, Іванам Суртам, Дорай Турбовіч і іншымі (усяго больш за 200 чалавек).

Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 18 ліпеня 1957 года.

Навуковая дзейнасць Праводзіў даследаванні глеб. Аўтар прац па пытаннях павышэння ўраджайнасці ў розных глебавых раёнах Беларусі, барацьбе з залішняй вільготнасцю ў глебах. Кіраваў складаннем першай карты глебаў Беларусі і адной з першых глебазнаўчых карт свету. Апублікаваў больш за 30 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфііАфанасьев Яков Никитович .

Асноўныя працы Глебавыя раёны БССР. — Менск, 1931; Як павысіць ураджайнасць на глебах БССР. — Менск, 1933; Аб мерах барацьбы са збыткоўнай вільгаццю і недахопам аэрацыі ў глебах БССР у сувязі з іх рэльефам і тыпам. — Менск, 1935.

Літаратура

Лившиц,В. М., Добролюбов, Н. Н. Основоположник белорусского почвоведения// Белорусская сельскохозяйственная академия. Памятники и памятные места.— Мн.: Ураджай. — С. 65—68. Афанасьев Яков Никитович. В кн: Лившиц, В. М, Цыганов, А. Р., Саскевич, П. А. Гордость и слава Белорусской государственной сельскохозяйственной академии. Профессора и выпускники: академики и члены корреспонденты. — Горки: 2017. — С. 11—12.

Спасылкі АФАНАСЬЕВ Яков Никитович // АФАНАСЬЕЎ Якаў Мікітавіч // АФАНАСЬЕЎ Якаў Мікітавіч // Якаў Мікітавіч Афанасьеў у базе даных «История белорусской науки в лицах» Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі

Катэгорыя:Акадэмікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Катэгорыя:Глебазнаўцы СССР Катэгорыя:Глебазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР