Андрэй Сцяпанавіч Мілюцін (1924—1985) — старшы сяржант Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1946).

Біяграфія Андрэй Мілюцін нарадзіўся 15 лютага 1924 года ў вёсцы Царкавішча (цяпер Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці Беларусі). Пасля заканчэння школы-сямігодкі працаваў у калгасе. Пазней скончыў школу фабрычна-заводскага вучнёўства, працаваў на чыгунцы. У кастрычніку 1942 года Мілюцін быў прызваны на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію. З верасня 1943 года — на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Да студзеня 1945 года старшы сяржант Андрэй Мілюцін камандаваў кулямётным узводам 1409-га зенітнага артылерыйскага палка 38-й зенітнай артылерыйскай дывізіі 2-га Украінскага фронту. Вызначыўся падчас штурму Будапешта.

У ходзе адбіцця варожай контратакі ўзвод Мілюціна, выкаціўшы свае кулямёты на адкрытую пазіцыю, знішчыў 1 бронетранспарцёр і каля 60 салдат і афіцэраў праціўніка, ачысціўшы некалькі гарадскіх кварталаў. У ходзе далейшага перамяшчэння Мілюцін знішчыў вялікую колькасць кулямётных кропак і снайпераў, што спрыяла перамяшчэнню наперад стралковых частак. 11 студзеня 1945 года Мілюцін замяніў сабой загінулага камандзіра роты. Пад яго кіраўніцтвам рота знішчыла 1 бронетранспарцёр, 12 назіральных пунктаў, 3 аўтамашыны, 20 агнявых кропак, каля 350 салдат і афіцэраў праціўніка.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 15 мая 1946 года за «ўзорнае выкананне заданняў камандавання і праяўленыя мужнасць і гераізм у баях з нямецкімі захопнікамі» старшы сяржант Андрэй Мілюцін быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка» за нумарам 5549.

Пасля заканчэння вайны Мілюцін быў дэмабілізаваны. Пражываў на радзіме, пасля заканчэння саўпартшколы працаваў старшынёй сельсавета, намеснікам старшыні калгаса, загадчыкам МТФ калгаса. Памёр 12 ліпеня 1985 года, пахаваны ў Царкавішчы.

Быў таксама узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны 1-й ступені і Чырвонай Зоркі, шэрагам медалёў.

Літаратура

Смирнов В. Адрес подвига — вятский. Киров, 1995.

Катэгорыя:Камандзіры ўзводаў у Вялікай Айчыннай вайне Катэгорыя:Пахаваныя ў Шклоўскім раёне